Ёсць заказ на рабочы клас

- 9:50Вышэйшая школа

Прайшло амаль паўтара месяца, як у навучальных установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачалася прыёмная кампанія. Яе неблагія вынікі абумоўлены зладжанай работай педагагічных калектываў, эфектыўнай прафарыентацыяй і стварэннем ва ўстановах умоў, якія прыцягваюць на вучобу моладзь. Мяркуючы па запатрабаванасці сярод абітурыентаў, адной з такіх устаноў з’яўляецца Вілейскі дзяржаўны каледж, у які мы нядаўна завіталі.

“Спачатку трэба стварыць утульнасць у доме, а потым запрашаць гасцей”, — так мяркуе дбайны гаспадар. Магчыма, гэтыя словы сталі жыццёвым прынцыпам і Ігара Сямёнавіча Кіцікава, які пацвярджае іх, амаль 10 гадоў кіруючы Вілейскім дзяржаўным каледжам. Як узвесці ў ранг папулярнасці і незаменнасці навучальную ўстанову ў невялікім беларускім гарадку? Што трэба зрабіць, каб каледж быў не проста ўстановай адукацыі, дзе можна атрымаць прафесію, а той часткай інфраструктуры, якая павінна ўпрыгожваць горад і быць патрэбнай яго жыхарам? На гэтыя пытанні Ігар Сямёнавіч даўно даў адказы, якія з цягам часу ператварыліся ў жыццё. Але няма межаў для ўдасканальвання працы, якая накіравана на прафесійны выбар моладзі рэгіёна, на вызначэнне паспяховага жыццёвага шляху. А гэтую працу, трэба прызнаць, рабіць становіцца цяжэй, шукаючы ўсё новыя, найбольш эфектыўныя напрамкі. Ёсць у Ігара Сямёнавіча адна непахісная выснова: калі хочаш, каб у каледж з радасцю прыходзілі вучыцца, ствары прывабны вобраз сваёй установы. Каб у падлеткаў, якія хаця б адзін раз пабывалі тут, засталося жаданне вярнуцца зноў, ужо для навучання. Каб бацькі, агледзеўшы сучасна абсталяваныя кабінеты, майстэрні і ўтульны інтэрнат з мноствам гурткоў, секцый, а таксама адзначыўшы блізкае знаходжанне да каледжа чыгуначнага прыпынку, уздыхнулі з палёгкай: удала ўладкавалі сваё дзіця.

Сёння выбар выпускнікоў школ і іх бацькоў на баку каледжа. І гэта цалкам апраўдана. Ва ўстанове і яго наваколлі створаны ўсе ўмовы, каб навучэнцы вучыліся з задавальненнем. Напрыклад, тэрыторыя вакол каледжа — гэта хутчэй напоўненае ўзнёслым настроем асяроддзе, якое не толькі навучэнцы, але і жыхары Вілейкі ўспрымаюць як цудоўнае месца для адпачынку. Вось знакамітая падкова каледжа, без якой, напэўна, ніводнае вяселле не абыходзіцца. Маладыя спецыяльна прыязджаюць, каб сфатаграфавацца ля яе і атрымаць кавалачак шчасця, на якое, паводле легенды, багата гэтая падкова. А вось і прыцягальная для вачэй знакамітая алея з незвычайнымі лаўкамі — сімваламі горада і самога каледжа. Яны ніколі не пустуюць, бо тут шмат наведвальнікаў, якім прыемна адпачыць пад шатамі дрэў. Напрыклад, новая лаўка “Джэнтльмен ліхтар” так і вабіць сваёй неверагоднай прыгажосцю. Пад жалезным парасонам добра схавацца ад дажджу, які нечакана застаў. На алеі размясціліся таксама “Музычная лаўка”, “Лаўка для закаханых”, лаўка “Страчаная трохвуголка Напалеона”, “Астралагічная” і зусім свежыя “Аўтамабільная” і “Лаўка белашвачкі”, у цэнтры якой размясцілася рарытэтная швейная машынка. А вырабілі іх і ўсталявалі навучэнцы, якія засвойваюць у каледжы прафесійныя навыкі зваршчыка. Лаўкі ствараюцца ў вучэбнай майстэрні пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання.

Палюбілася гэтая алея маладым матулям. Некаторыя з іх зусім нядаўна самі былі навучэнкамі каледжа, а цяпер прывялі ўжо сваіх дзетак ва ўстанову, якая стала для іх другім домам.

Папулярнасць каледжа абумоўлена і шматлікімі прафесійнымі конкурсамі, якія сталі часткай іміджу ўстановы і дзейсным механізмам павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі. Менавіта ў гульні, спаборніцтве расце жаданне навучэнца дасягаць новых вяршынь у засваенні прафесіі. Асаблівасцю такіх прафесійных спаборніцтваў з’яўляецца тое, што ў іх удзельнічаюць не толькі навучэнцы каледжа, але і госці, школьнікі і іх бацькі, але пакуль толькі ў якасці назіральнікаў. Магчыма, назіраючы, як праходзіць спаборніцтва, у свядомасці ўдзельнікаў адкладваецца думка: “А раптам гэта маё?” Прафесійны выбар у школьнікаў фарміруецца і падчас заняткаў, якія праводзяцца ў каледжы па суботах: юныя наведвальнікі могуць не толькі тэарэтычна пазнаёміцца з прафесіяй, але і папрактыкавацца, праверыць, ці здольны яны зрабіць нейкі выраб.

Сакратар прыёмнай камісіі Галіна Мікалаеўна Мялешка вядзе падлік, на колькі павялічваецца колькасць заяў ад абітурыентаў. Агульная колькасць навучэнцаў каледжа не змяняецца на працягу многіх гадоў і сёння складае каля 700 чалавек. У час прыёмнай кампаніі на два ўзроўні навучання — прафесійна-тэхнічны і сярэдні спецыяльны — набіраюць 200 чалавек. Сёлетні прыём на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі апярэджвае мінулагодні, заяў пададзена ўжо амаль паўтары сотні. Большасць паступаюць пасля 9 класаў на спецыяльнасці, звязаныя з аўтасправай, а таксама на кухара, прадаўца, швачку, цырульніка і шэраг іншых. Калі жадаючых атрымаць гэтыя прафесіі шмат, па некаторых фарміруюцца дзве вучэбныя групы.Пэўныя спецыяльнасці можна набыць у каледжы на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Наталля Іванаўна Бабкевіч, сакратар прыёмнай камісіі на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, расказвае, што на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі навучэнцы могуць атрымаць спецыяльнасць тэхніка-электрыка, а на аснове агульнай базавай адукацыі — аўтамеханіка. У каледжы ёсць магчымасць вучыцца на завочнай форме. Сярод паступаючых шмат іншагародніх. Падлеткі прыязджаюць са Смаргонскага, Ашмянскага, Мядзельскага, Маладзечанскага раёнаў. Сёлета паступаюць і тры чалавекі з Мінска.

— Прыёмная кампанія толькі намінальна абмяжоўвае тэрміны прыёму дакументаў ад абітурыентаў, — адзначае Ігар Сямёнавіч. — А, па вялікім рахунку, для нашага калектыву яна не мае межаў, і праводзіцца пастаянна. І сёлетні прыём успрымаем як вынік папярэдняй прафарыентацыйнай работы, дзе мы можам рэзюмаваць, наколькі якасна папрацавалі і колькі падлеткаў вырашылі звязаць свой лёс з нашай навучальнай установай. Як толькі мы выконваем план прыёму, пачынаем працаваць над прыёмнай кампаніяй наступнага года.

Добрыя пачынанні, цікавыя мерапрыемствы, карысныя праекты, прывабныя вырабы, аказанне паслуг насельніцтву горада — усё гэта прыцягвае ўвагу да навучальнай установы, дапамагае з’яўленню на першых старонках мясцовых і рэспубліканскіх СМІ, у інтэрнэце, што ў канчатковым выніку прыводзіць да павелічэння колькасці патэнцыяльных абітурыентаў і ўзрастання папулярнасці каледжа сярод моладзі. І той факт, што сюды прыязджаюць вучыцца з іншых рэгіёнаў краіны, — паказальны прыклад станоўчага іміджу Вілейскага каледжа.

Станцыя тэхнічнага абслугоўвання, якая адкрыта ва ўстанове, мае двайное прызначэнне. У ёй будучыя спецыялісты аўтасправы адточваюць прафесійныя навыкі па дыягностыцы і рамонце аўтамабіляў. Гэта і практыка, і магчымасць аказаць паслугі людзям, якія звяртаюцца на СТА. Навучэнцы працуюць пад наглядам майстроў вытворчага навучання і выступаюць у ролі чаляднікаў. Маючы станоўчы вопыт, каледж адкрывае другую станцыю тэхнічнага абстугоўвання аўтамабіляў, за кошт пазабюджэтных сродкаў набывае сучаснае абсталяванне, у тым ліку электрасканер, ультрагукавы ачышчальнік бензінавых фарсунак, станок для раскачвання дыскаў. Такое абсталяванне адзінкавае ў горадзе. За кошт гэтага павялічваецца колькасць заказчыкаў, а значыць, узрастаюць аб’ёмы пазабюджэтнай дзейнасці. Яна развіваецца ў каледжы даволі паспяхова і дазваляе тым самым папоўніць казну каледжа.

Пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы каледжа выконваюць кузаўны рамонт, зварачныя работы, рамонт аўтамабіляў, халодную коўку, ствараюць сталярныя вырабы, аказваюць паслугі ў вучэбных цырульнях і кафэ. У каледжы таксама рыхтуюць вадзіцеляў, карыстальнікаў персанальных камп’ютараў, вядзецца падрыхтоўка і перападрыхтоўка рабочых.

Добра прыжыліся ў Вілейскім каледжы бацькоўскія сходы па тэме ўзаемадзеяння навучальнай установы, сям’і, грамадскасці ў выхаваўчай і прафарыентацыйнай рабоце. Канечне, прафесійны выбар падлетка не зусім асэнсаваны ў 15 гадоў. Уплыў на яго, безумоўна, аказваюць бацькі, педагогі школы, навакольныя. Важна, каб усе суб’екты знайшлі паразуменне, каб рашэнне падлетка выспела ў сугуччы меркаванняў усіх бакоў. Толькі тады яно будзе беспамылковым. У каледжы арганізоўваюцца дні адкрытых дзвярэй, дзе для жадаючых тут вучыцца і тых, хто яшчэ толькі вызначаецца, праводзяцца экскурсіі па кабінетах, майстэрнях, СТА, рэсурсным цэнтры, вучэбных цырульні і кафэ. Педагогі каледжа праводзяць дні прафарыентацыі для навучэнцаў 9 і 11 класаў устаноў адукацыі найбліжэйшых раёнаў. Працуе прафесійны кансультацыйны пункт “Прафарыенцір” з мэтай правядзення прафдыягностыкі і аказання дапамогі навучэнцам у прафесійным самавызначэнні. Праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі базавых арганізацый — заказчыкаў кадраў, ладзяцца конкурсы і творчыя праекты “Чаму я выбраў гэтую прафесію”. Акрамя таго, каледж пастаянна ўдзельнічае ў выставах-ярмарках, фестывалях прафесій “Прафбум”, “АРТ-вакацыі”, прома-акцыях “Ёсць заказ на рабочы клас”. Навучэнцы каледжа таксама знайшлі спосабы прыцягнуць увагу школьнікаў. Так, агітбрыгада “Рабочы клас” пастаянна выязджае ў навучальныя ўстановы, расказвае аб прафесіях, арганізоўвае майстар-класы.

— Мы штогод выконваем план прыёму, — заявіў Ігар Сямёнавіч.— Колькасць навучэнцаў, прынятых на вучобу, узгоднена з заказчыкамі кадраў, і гэта дазваляе без праблем працаўладкоўваць нашых выпускнікоў. Акрамя таго, пералік прафесій, па якіх у каледжы вядзецца падрыхтоўка, таксама фарміруецца з улікам запатрабаванасці на рэгіянальным рынку працы. Рэалізоўваючы адзін з прыярытэтных напрамкаў прафесійнай адукацыі — практыкаскіраванасць, у каледжы імкнуцца больш цесна ўзаемадзейнічаць з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна ў прадастаўленні навучэнцам месцаў для вытворчай практыкі.

Як бачна, калектыў Вілейскага дзяржаўнага каледжа пад кіраўніцтвам І.С.Кіцікава стварае ўсе неабходныя ўмовы, каб моладзь выбірала для атрымання прафесійнай адукацыі менавіта гэтую ўстанову.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара і з архіва каледжа.