Ёсць жаданне — будуць вынікі

- 12:08Выхаванне

Лепшым дзюдаістам Рэспублікі Беларусь па выніках мінулага года сярод спартсменаў ва ўзросце да 18 гадоў стаў выхаванец СДЮШАР Гомельскага раёна Дзяніс Яўсеенка. Такім званнем ён ганараваны за “бронзу” ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы ў вагавой катэгорыі да 73 кілаграмаў.

Дзяніс Яўсеенка разам з трэнерам Аляксандрам Козелам.

Дарэчы, у спартсмена з Новай Гуты летась была серыя пераможных паядынкаў на татамі. Такім чынам юнак даказаў сваё безумоўнае права лічыцца першым нумарам у вагавой катэгорыі да 73 кілаграмаў кадэцкай зборнай Рэспублікі Беларусь.

— Тое, што мяне прызналі лепшым дзюдаістам краіны, выклікае, вядома ж, пачуццё гордасці не толькі за сябе, але і за нашу спартыўную школу, яе трэнераў, сваю сям’ю, — радуецца Дзяніс. — Поспехі на міжнароднай арэне дазволілі стаць стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Гэта вялікая дапамога для далейшага павышэння май­стэрства. Хацеў бы прыняць удзел у летніх Алімпійскіх гульнях і зрабіць усё магчымае, каб стаяць на алімпійскім пастаменце і бачыць, як паднімаецца наш дзяржаўны сцяг.

Яшчэ ў малодшых класах Дзяніс трапіў у секцыю дзюдо да трэнера Аляксандра Козела. Настаўнік гаворыць, што хлопчык з першых заняткаў вылучаўся на агульным фоне сваім жаданнем трэніравацца:

— Не памятаю, каб Дзяніс прапусціў хоць адну трэніроўку без уважлівай прычыны. Ён — кемлівы, дысцыплінаваны спартсмен. Я бачыў яго вялікі патэнцыял, заставалася толькі развіваць і накіроўваць у патрэбным напрамку. Дзяніс чацвёрты год жыве ў Мінску, дзе трэніруецца ў Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву ў вопытнага трэнера Леаніда Рабцава. Я рад за спартыўную будучыню свайго таленавітага выхаванца.

Дзяніс Яўсеенка мае намер паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, атрымаць трэнерскую адукацыю і стаць настаўнікам у роднай спартыўнай школе ў Новай Гуце. Але гэта, па яго прызнанні, будзе потым, пасля завяршэння, як спадзяецца Дзяніс, паспяховай кар’еры дзюдаіста.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.