У Белдзяржуніверсітэце прайшоў мітынг-рэквіем “Юбілей, які не адбыўся”. Мерапрыемства праводзілася ў памяць аб Савеце БДУ, прымеркаваным да 20-годдзя ўніверсітэта, які адмянілі 22 чэрвеня 1941 года па прычыне вайны.
У 1941 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт актыўна рыхтаваўся да ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды 20-гадовага юбілею. 21 чэрвеня прайшлі навуковая сесія і святочная выстава, на наступны дзень павінен быў адбыцца Савет БДУ. Але ўсё спыніла вайна. У першыя ж дні 450 добраахвотнікаў з ліку выкладчыкаў і студэнтаў сышлі на фронт. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з фашыстамі, 12 з іх атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза, а ўрачыстасць да 20-годдзя ўніверсітэта ўвайшла ў гісторыю як “Савет БДУ, які не адбыўся”.
Традыцыйна перад апошнім у навучальным годзе Саветам у БДУ ўшаноўваюць памяць студэнтаў і супрацоўнікаў, якія загінулі ў вайне. Вось і сёлета кіраўніцтва, супрацоўнікі і студэнты сустрэліся ля помніка “Стэла памяці”, усклалі да манумента кветкі і схілілі галовы ў хвіліну маўчання.
На памятным мерапрыемстве прагучалі творы харавой музыкі ў выкананні народнай харавой капэлы БДУ, а таксама літаратурна-музычная кампазіцыя “Юнацтва, абпаленае вайной” з успамінамі відавочцаў аб пачатку вайны.
“Дзяўчаты шылі бальныя сукенкі, хлопцы марылі пра тое, каго будуць праводзіць на досвітку пасля студэнцкага балю”, — прывёў урыўкі з гістарычных дакументаў доктар гістарычных навук Сяргей Ходзін.
“Ва ўнутраным дворыку БДУ 80 гадоў назад сабраліся добраахвотнікі. Многія з іх ужо ніколі не даведаюцца пра тое, што ў 1943 годзе ўніверсітэт адрадзіўся на станцыі “Сходня” пад Масквой, ніколі не ўбачаць, як у 1944 годзе ў разбураныя аўдыторыі ўніверсітэцкага гарадка вярнуліся студэнты: дзяўчаты ў адпрасаваных сукенках і пасівелыя маладыя хлопцы ва ўзнагародах — ветэраны вайны. Яны вярнуліся сюды, каб адраджаць універсітэт”, — расказаў Сяргей Мікалаевіч.
Ад імя студэнтаў БДУ выступіла чацвёртакурсніца хімічнага факультэта Ганна Парамонава: “Сёння, напярэдадні 100-годдзя ўніверсітэта, мы ўшаноўваем памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны паднеслі нам галоўны ўрок — каштоўнасць чалавечага жыцця і мір на зямлі”.
Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.