Юрась НЕРАТОК: “Мая спецыяльнасць — вырашэнне невырашальных задач…”

- 11:51Рознае, Суразмоўца

У маёй журналісцкай практыцы такога яшчэ не было. Надоечы атрымаў ліст ад аднаго вядомага пісьменніка і інжынера ў адной асобе: “Добры дзень, спадар Мікалай. Вы бралі ў мяне інтэрв’ю недзе пяць гадоў назад… Я быў вельмі задаволены тым тэкстам, але вось ужо праз гады ніяк не сыходзіць адчуванне нейкай недаказанасці. Я тады гаварыў з вамі, карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”, але нічога пра сваіх настаўнікаў і не сказаў. А ім жа я абавязаны ўсім. Калі вы не супраць, давайце зноў сустрэнемся і пагутарым… Я проста хачу, каб напярэдадні Дня настаўніка на старонках вашай газеты прагучалі і мая школа, і тыя мае школьныя настаўнікі, якія зрабілі з мяне чалавека… Юрась Нераток”.

Шчыра кажучы, быў я вельмі ўражаны гэтым лістом, гэтым шчырым і непасрэдным жаданнем сказаць “дзякуй” сваім настаўнікам. Мы, безумоўна ж, сустрэліся…

Юрась Нераток (сапраўднае — Юрый Юр’евіч Гарбачоў) — асоба ў нечым унікальная. Ён шматгадова досыць паспяхова спалучае два кардынальна розныя віды дзейнасці: творчую і тэхнічную.

Як літаратар — сябра некалькіх творчых саюзаў, аўтар і рэдактар асабістых кніг і калектыўных зборнікаў. Як інжынер — канструктар, які на працягу апошніх васьмі гадоў (да гэтага займаўся атракцыёнамі) здолеў зрабіць унікальныя па аб’ёме і выкананні распрацоўкі ў галіне так званых “малых архітэктурных форм”, прычым набыткамі і прыёмамі дзеліцца ў артыкулах у профільных часопісах. Да свайго 55-годдзя і 20-годдзя творчай дзейнасці падрыхтаваў шматстаронкавыя “дасье” па творчасці і асноўнай рабоце, у якіх сістэматызаваў і ілюстратыўна пацвердзіў зробленае.

— Спадар Юрась, шчыра кажучы, вы зусім не змяніліся з моманту нашай, ужо дастаткова даўняй сустрэчы…

— Ну, не кажыце. Тады мне было 50. А цяпер ужо 55. Хочацца мець акрэсленыя вынікі…

— Але ж 55 — гэта не надта круглая дата. Адкуль рашэнне падвесці вынікі?

— Схільнасць да сістэматызацыі. Справа ў тым, што пакуль не збярэш і не размяркуеш жыццёвы актыў па намінацыях, уяўленне аб ім аморфнае, як правіла — завышанае. А так — бачна, што зроблена і што можна (або трэба) рабіць далей.

— Ці рэалізоўваюцца вашы канструктарскія распрацоўкі?

— Апошнія шэсць гадоў на адным з малых прадпрыемстваў паказалі, што ўсе яны рэальныя для розных відаў вытворчасці і для карыстальнікаў. Каля 6 тысяч адзінак абсталявання больш чым 300 відаў выправіліся з цэха на тэрыторыі гарадоў і пасёлкаў. І пры гэтым — ніводнай істотнай памылкі. Нават у Рагачове, у якім нядаўна быў на Дні беларускага пісьменства, ёсць наша прадукцыя. Само сабой, рэалізацыя заўсёды адстае ад планаў, аднак не спыняюся, бо з нічога нічога атрымацца і не можа.

— Вы падкрэсліваеце, што ў творчасці вас цяпер найбольш цікавяць унікальныя праекты. Што маецца на ўвазе?

— Тое, што знаходзіцца на мяжы або за фарматам сучаснай беларускай літаратуры, бо падаецца малаверагодным, невыканальным з-за складанасці ці аб’ёмаў. Напрыклад, вершы ад імя “лірычных аўтараў”, выдуманых асоб, біяграфіі і псіхалогія якіх мадэлююцца. Амаль падрыхтаваны праект “Заблытаўся сярод навін”, пазначаны жанрам “паэтычны трыялог”, у якім разам з дзвюма вядомымі рускамоўнымі аўтаркамі вершавана абмяркоўваем навіны. Больш музычныя, чым літаратурныя, праекты “Квінгента класікі” і “Дыскатэка веку”, якія ахопліваюць класічную музыку за апошнія 500 гадоў і папулярную — за апошнія 100. Зразумела, у гэтых праектах у якасці творчага падыходу прыняты кваліфікаваны дылетантызм — аналіз шматлікіх крыніц і агульны агляд пад кантролем кансультантаў.

Дарэчы, як у дачыненні да тэхнікі, так і да творчасці, карыстаюся жартоўнай мантрай: “Вырашэнне невырашальных задач — мая спецыяльнасць”.

— Спадар Юрась, азіраючыся назад, якой бачыцца вам ваша родная школа, — храмам ведаў, пляцоўкай-тусоўкай ці турмой школьных ведаў?

— Аналітычна сярэдняя школа мне бачыцца менавіта сярэдняй, асноўнае прызначэнне якой — падрыхтаваць да жыцця ў соцыуме як дзяцей са слабымі здольнасцямі (падцягнуць), так і развітых (панізіць амбіцыі). Прычым апошняе паспяхова дасягаецца больш складанымі, чым у праграме, задачамі, факультатывамі, алімпіядамі і г.д.

— Ці ёсць у вас нейкія знакавыя, сімвалічныя коды, звязаныя з роднай школай?

— Школ у мяне было тры: Хадакоўская сярэдняя (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці), куды пайшоў у першы клас і давучыўся да дзявятага, івацэвіцкая № 1, дзе пасля заканчэння атрымаў залаты медаль, і Івацэвіцкая музычная, якую скончыў па класе баяна. Усе яны маюць непаўторную ідэнтычнасць. І ўсё, пра што сказаў, — для мяне знакі.

Наогул, для мяне агульнаадукацыйная школа сімвалічная, бо сам я з настаўніцкай сям’і. Стаўленне да школы — паважлівае і трапяткое. У любую школу заходжу як у храм і ва ўласную хату адначасова — такі парадокс.

— Тое геаграфічнае месца, дзе знаходзіцца ваша школа, у нечым знакавае?

— Хадакі — найперш родная вёска. Вялікае шчасце мець малую радзіму ў выглядзе ўтульнай вёскі, а не бетонна-шкляннога агламерату. На жаль, пасля таго, як памерла маці (бацька памёр яшчэ раней), фактычная сувязь з Хадакамі паслабела. Аднак нават на рабочым стале камп’ютара фонавая застаўка — родная вёска, якую калісь сфатаграфаваў з леснічоўскай вышкі.

— Тое, што вы сталі неардынарным чалавекам, звязана нейкім чынам з роднай школай?

— Для добрага настаўніка абазначыць здольнасці вучня, даць ім авансавую ацэнку — зусім натуральна. Усё жыццё стараюся даказваць, што гэтыя ацэнкі былі справядлівымі. І пашыраю веды па прадметах (кірунках ведаў чалавецтва), колішнія адзнакі па якіх лічу завышанымі. Нягледзячы пры гэтым на запатрабаванасць самаадукацыі рэальным жыццём — адрабляю авансы.

— А тое, што вы і тэхнар, і лірык у адной асобе… На гэта неяк паўплывала ваша школьніцтва?

— У мяне былі выдатныя настаўнікі і па гуманітарных, і па тэхнічных дысцыплінах. Людзей, якія не толькі прафесійна выкладаюць, а і глядзяць табе ў вочы з любоўю і надзеяй, у жыцці не так і шмат. Таму нікога не выпадала падвесці. Да таго ж менавіта спалучэнне аналітычнага і творчага падыходаў як у асноўнай рабоце, так і ў літаратуры дае добрыя вынікі і магчымасць вырашаць амаль любыя пытанні самастойна. Ёсць у тэхніцы і творчасці і агульнае: усё, што робіцца, — для людзей.

— Хто былі вашы любімыя настаўнікі? Вы ж так хацелі згадаць іх у нашай газеце.

— З задавальненнем гэта зраблю. Дзякуй. Гэта Роза Рыгораўна (першая настаўніца, пачатковая школа), Галіна Мікалаеўна (матэматыка — і ў Хадаках, і ў Івацэвічах), Зоя Пятроўна (нямецкая мова, аргзаняткі), Ксенія Георгіеўна (руская мова і літаратура). З тых, хто сышоў: Ніна Юр’еўна (класнае кіраўніцтва, фізіка), Вячаслаў Георгіевіч (музычная школа, спецыяльнасць) і, само сабой, бацькі — Юрый Ігнатавіч (руская мова і літаратура) і Таццяна Ягораўна (беларуская мова і літаратура). Усе яны заўсёды разам са мной. Я нават не называў іх прозвішчы, бо ўсе яны — мае мамы і таты.

— Вы, колішнія аднакласнікі, сёння сябруеце? Збіраецеся? Кім яны сталі?

— Раней рэгулярна сустракаліся з вясковымі, хадакоўскімі, аднакласнікамі. Цяпер больш кантактуем, у тым ліку — збіраемся, з івацэвіцкімі. Жыццё не заўсёды павернута спрыяльным бокам і не ўсім прад’яўляе патрэбныя шансы, аднак суцяшае, што ніхто з былых аднакласнікаў не стаў дрэнным чалавекам і яўных няўдаліц таксама няма. Значыцца, настаўнікі сваю задачу выканалі. Цікава, што на сустрэчах праз кароткі час незалежна ад статусу ўсе зноў робяцца тымі ж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, што і 10, 20, 30, 40 гадоў назад. І, незалежна ад таго, хто як вучыўся і паводзіў сябе, цёпла і з удзячнасцю успамінаюць настаўнікаў.

— Вашы пажаданні сённяшнім навучэнцам вашай школы…

— Па-першае, каб іх стала больш, хоць гэта залежыць ад бацькоў і ад знешніх умоў, якія б спрыялі ўпэўненасці не толькі ў сённяшнім, а і ў заўтрашнім дні. Па-другое, хацелася, каб школьнікі ведалі, што іх жыццё належыць не толькі ім самім, а і пакаленням, якія былі да іх і якія будуць пасля іх. І адчувалі адказнасць (не напружаную, а ўзнёслую) перад роднымі людзьмі і перад тымі, хто дае ім веды, — перад настаўнікамі. Жыццё ад пачатку — белы аркуш, на які не варта ставіць кляксы. Ён павінен запаўняцца такім чынам, каб у любы момант яго было б не сорамна паказаць каму хочаш.

— Можа, нешта пажадаеце і настаўнікам?

— Даўно пераканаўся, што ў школах, як і ў медыцыне, выпадковыя людзі не затрымліваюцца. Хацелася б, каб нарэшце перасталі мусоліць пытанне пра заробкі ў школах, бо ў часы “крамлёўскіх старцаў” (70—80-я гады) гэтае пытанне не існавала, а ўзнікла падчас “угару перабудовы” (90-я гады) і цягнецца дагэтуль. Трэба не па сто разоў пералічваць адны і тыя ж капейкі, а зрабіць як па Бібліі: аддай дзесяціну і не грашы.
І яшчэ хацелася б, каб настаўнікі ведалі: мы, былыя вучні, заўсёды памятаем вас, хоць і нагадваем пра сябе і вас (больш з-за сціпласці) рэдка. Радзей, чым вы таго заслугоўваеце.

Мікола ЧЭМЕР.