Юрый Міксюк, дырэктар РІКВ: “Мы не завышаем балы, а ліквідуем іх штучнае заніжэнне”

- 11:04Суразмоўца

Днямі Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў анансаваў пераход на новую методыку падліку тэставых балаў пры правядзенні рэпетыцыйнага і цэнтралізаванага тэсціравання. Пра тое, як гэта будзе ажыццяўляцца на практыцы і што чакаць абітурыентам ад новаўвядзення, нам расказаў дырэктар РІКВ Юрый МІКСЮК.

— Як паведамлялася раней, на ЦТ-2018 пры аналізе тэстаў выкарыстоўваліся дзве сістэмы ацэньвання: рэйтынгавая, паводле якой і выстаўляліся балы абітурыентам, і так званы метад нармальнага размеркавання (у якасці эксперымента). Юрый Іванавіч, раскажыце пра вынікі гэтай працы. Як карэлююць паміж сабой балы, атрыманыя ў розных сістэмах ацэньвання?

— У ранейшай сістэме чым больш абітурыентаў ведалі пэўны раздзел вучэбнай праграмы і, адпаведна, выконвалі тую ці іншую задачу — тым меншы быў уклад гэтых задач у выніковы бал. Вартасць заданняў, з якімі справіліся 100% абітурыентаў, увогуле набліжалася да нуля. І ў гэтым была пэўная хібнасць старой методыкі ацэньвання. Так, яна якасна ранжыравала добра падрыхтаваных абітурыентаў, якія набіралі балы на складаных задачах. Аднак хібнасць вымярэння ўзроўню ведаў абітурыентаў сярэдняга і невысокага ўзроўню была значнай.

Цяпер заніжэння балаў з-за таго, што пэўнае заданне выканала вялікая колькасць абітурыентаў, не будзе. Балы налічваюцца за кожнае правільна зробленае заданне. Такім чынам, новая сістэма будзе не толькі эфектыўна ранжыраваць абітурыентаў, але і адлюстроўваць рэальны ўзровень іх ведаў.

Што да карэляцыі вынікаў, разлічаных паводле дзвюх розных методык, то ў вобласці высокіх балаў мы назіраем амаль поўнае супадзенне. А вось у ніжняй частцы шкалы ёсць істотныя разыходжанні. Новая методыка, дзе бяруцца пад увагу ўсе правільна выкананыя заданні, дазваляе больш дакладна ацаніць веды абітурыентаў і, адпаведна, ранжыраваць іх ва ўсім дыяпазоне 100-бальнай шкалы.

Хачу звярнуць увагу абітурыентаў на тое, што балы, якія яны атрымаюць па новай методыцы разліку, будуць не ніжэйшымі за тыя балы, якія яны атрымалі б па старой методыцы.

Акрамя таго, сёлета мы зрабілі параўнальны аналіз вынікаў ЦТ, разлічаных па новай методыцы, з вынікамі незалежных праверачных кантрольных работ, якія Дэпартамент кантролю якасці адукацыі праводзіў у асобных школах краіны. Магу адзначыць, што і тут мае месца значная карэляцыя. Гэта таксама сведчыць пра тое, што новая методыка карэктна і даволі дакладна вымярае веды абітурыентаў.

— Можаце назваць іншыя перавагі, якімі валодае новая методыка?

— Паўтаруся, сёння мы маем інструмент не толькі для ранжыравання, але і для дакладнага вымярэння ўзроўню ведаў абітурыентаў. У аснове новай методыкі ляжыць фундаментальны прынцып нармальнага размеркавання, які, быццам метр, дазваляе нам у любых умовах праводзіць неабходныя вымярэнні і атрымліваць аб’ектыўную ацэнку ведаў. А гэта дазваляе ажыццяўляць любую аналітыку, параўноўваць, назіраць тэндэнцыі ў адукацыі, рабіць высновы і прагнозы.

Яшчэ адна вартасць новай методыкі ў тым, што пры разліку тэставага бала будуць залічвацца часткова правільныя адказы. У многіх краінах і многіх сістэмах распрацоўваюцца спецыяльныя адаптыўныя тэсты, якія дазваляюць з мінімальнай хібнасцю вымераць узровень ведаў абітурыентаў. Калі малады чалавек, напрыклад, не выконвае складанае заданне, яму прапаноўваецца больш лёгкае (потым узровень складанасці заданняў зноў можа ўзрастаць). Аналагічную функцыю будуць выконваць заданні ЦТ з залікам часткова правільных адказаў: замест таго, каб выстаўляць толькі крайнія ацэнкі (выканана ці не выканана, як гэта было ў старой сістэме), цяпер ёсць магчымасць ацаніць асобныя кампаненты. І калі, напрыклад, дапушчана адна памылка, то адказ будзе ўлічаны як часткова правільны з выстаўленнем адпаведнага бала. Такім чынам, дакладнасць вымярэнняў узрастае, і гэта важны станоўчы момант.

З увядзеннем новай методыкі адначасова мы знімаем псіхалагічную праблему, з якой раней сутыкаліся абітурыенты і іх бацькі. Рэйтынгавы бал было немагчыма карэктна супаставіць з паспяховасцю ў школе, і ён не адлюстроўваў у звыклым разуменні ўзровень ведаў. Цяперашняя сістэма больш зразумелая.

Яшчэ адным станоўчым момантам я назваў бы празрыстасць працэдуры ЦТ, бо абітурыенты загадзя, яшчэ да правядзення іспыту, будуць мець табліцу, якая адлюстроўвае, колькі пярвічных балаў даецца за выкананне таго ці іншага задання (сёння такая табліца выкладзена ўжо на нашым сайце ў раздзеле “Рэпетыцыйнае тэсціраванне”). І яны могуць пэўным чынам планаваць і ацэньваць сваю работу.

Адразу пасля выканання ЦТ, калі будзе набраны ўвесь масіў даных, у выніку статыстычнай апрацоўкі (яшчэ да фіксацыі персанальных вынікаў) будзе створана табліца адпаведнасці пярвічных балаў і тэставых балаў. Яна адразу з’явіцца ў свабодным доступе, і кожны абітурыент сам можа падлічыць свой тэставы бал. У далейшым РІКВ праінфармуе яго, правільна ці няправільна было выканана тое ці іншае заданне, укажа яго персанальны вынік і выдасць сертыфікат ЦТ. Такі падыход робіць усю працэдуру цэнтралізаванага тэсціравання празрыстай для абітурыентаў.

— Як пярвічны бал будзе карэляваць з тэставым балам?

— Гэта закладзена ў самой методыцы, якая грунтуецца на аснове фундаментальнага прынцыпу нармальнага размеркавання (гэты прынцып шырока распаўсюджаны ў прыродзе, у тым ліку для ацэнкі ўзроўню ведаў, розных псіхалагічных фактараў, IQ і г.д.). Пасля статыстычнай апрацоўкі ўсіх вынікаў тэсціравання паводле набраных пярвічных балаў ажыццяўляецца нармальнае размеркаванне, дзе кожнаму пярвічнаму балу будзе адпавядаць тэставы бал у 100-бальнай шкале. Справа ў тым, што пярвічных балаў не 100, а менш, часам значна менш. Статыстычная апрацоўка з улікам нармальнага размеркавання дазваляе пабудаваць табліцу адпаведнасці.

Яшчэ адзін плюс новай методыкі ў тым, што ўзрастае значнасць вынікаў ЦТ. Цяпер абітурыенты атрымаюць рэальную ацэнку сваіх ведаў, і балы ў вобласці нізкіх значэнняў аб’ектыўна вырастуць. Гэта значыць, што ў суме балаў, дзе ўлічваецца сярэдні бал атэстата і балы ЦТ, складнік тэставых вынікаў па прадметах павялічыцца.

— Хто найбольш выйграе ад пераходу на новую сістэму?

— З’явіўся сапраўды дзейсны інструмент для больш дакладнай незалежнай ацэнкі ўзроўню ведаў абітурыентаў, чаго дагэтуль не было, а таму — выйграюць усе. Абітурыенты, бо ацэнка іх ведаў будзе больш аб’ектыўнай. Універсітэты, якія змогуць убачыць не толькі рэйтынгавыя (адносныя) балы, а рэальны ўзровень ведаў сваіх будучых студэнтаў. Гэта значыць у іх з’явіцца магчымасць адпаведным чынам карэкціраваць свае вучэбныя праграмы і больш абгрунтавана ўплываць на вызначэнне парогавых значэнняў балаў ЦТ, што даюць права на ўдзел абітурыентаў у конкурсе.

Выйграе і Міністэрства адукацыі, увогуле ўся сістэма адукацыі, бо навукова абгрунтаваны аналіз вынікаў ЦТ можна будзе супастаўляць у разрэзе рэгіёнаў, асобных школ, у любым часавым дыяпазоне і г.д., што дазволіць прымаць абгрунтаваныя рашэнні дзеля далейшага развіцця адукацыйнай сферы.

— На сайце РІКВ напісана, што выбраная методыка больш як 100 гадоў выкарыстоўваецца ў развітых краінах свету пры правядзенні розных відаў тэсціравання. Менавіта гэты факт стаў вырашальным пры выбары далейшага шляху, па якім будзе развівацца ЦТ у Беларусі?

— Так, мы выбіралі методыку, якая прайшла сур’ёзнае выпрабаванне часам. Сёння ў свеце існуюць два асноўныя падыходы да ацэнкі ведаў пры правядзенні розных відаў тэсціравання: класічны, да якога адносіцца выбраная намі методыка, і так званая тэорыя IRT. Яны выкарыстоўваюцца паралельна, аднак у шэрагу выпадкаў некаторыя краіны мусілі адмовіцца ад IRT з-за вельмі складанага матэматычнага падыходу. Толькі добра падрыхтаваныя матэматыкі здольны зразумець усю паслядоўнасць і значэнне матэматычных выкладак і працэдур, якія выкарыстоўваюцца для вымярэння ўзроўню ведаў па методыцы IRT. І надзвычай складана растлумачыць усё гэта грамадскасці. Акрамя таго, ёсць цэлы шэраг сур’ёзных матэматыкаў, якія сумняваюцца ў тым, што згаданая методыка дазваляе карэктна ацэньваць веды.

Таму мы зрабілі выбар на карысць ужо праверанага класічнага метаду, у аснове якога ляжыць прынцып нармальнага размеркавання. Ён ужо больш як 100 гадоў з поспехам выкарыстоўваецца ў развітых краінах для ацэнкі ведаў. Сярод іх, у прыватнасці, ЗША, Германія, Канада, Швейцарыя, Фінляндыя, Аўстралія і іншыя. Прычым згаданы метад добра зарэкамендаваў сябе пры адборы маладых людзей як на першую ступень вышэйшай адукацыі, так і ў магістратуру і аспірантуру. Ён найбольш просты ў разуменні і рэалізацыі, а эфектыўнасць падыходу даказана мноствам выпрабаванняў.

— Прыхільнікі рэйтынгавай сістэмы ўказвалі на тое, што менавіта яна найлепшым чынам здольна ранжыраваць абітурыентаў для наступнага залічэння ва ўстановы адукацыі. З увядзеннем новай сістэмы не здарыцца так, што ўніверсітэтам будзе цяжка размеркаваць абітурыентаў на найбольш прэстыжныя спецыяльнасці?

— Для добра падрыхтаваных абітурыентаў з увядзеннем новай сістэмы практычна нічога не зменіцца: працэнт тых, хто набірае 75 і больш балаў, прыкладна захаваецца. Таму прыём на прэстыжныя спецыяльнасці будзе праходзіць у тым жа рэжыме, што і ў папярэднія гады.

А калі гаварыць увогуле аб праблеме паўпрахадных балаў, то яна існавала заўсёды, і мы ўмудраліся вырашаць яе нават у дыяпазоне адзнак “3”, “4” і “5”. А сёння маем 100-бальную сістэму, і сумарны набор балаў можа сягаць аж да 400 — размеркаванне балаў вельмі шырокае, што значна спрашчае задачу.

Як паказвае аналіз, на ЦТ па фізіцы заўсёды шмат выпадковых людзей, якія выпрабоўваюць лёс, спадзеючыся на ўдачу. Справа ў тым, што ў тэсце ёсць некалькі заданняў, якія дазваляюць ацаніць, наколькі чалавек увогуле ў фізіцы. Калі абітурыент, напрыклад, не можа адказаць на пытанне, якім прыборам вымяраецца сіла току ці ў якіх адзінках вымяраецца тая ці іншая сіла, гэта сведчыць пра тое, што ён не рыхтаваўся. Магчыма, такія абітурыенты спадзяюцца “нагадаць” на пэўны бал і ў будучыні паспрабаваць паступіць на якую-небудзь ІТ-спецыяльнасць. Магу сказаць, што і пры ранейшай, і пры цяперашняй методыцы ацэнкі ведаў такія абітурыенты не змогуць пераадолець вызначанага парога.

Пры так званых паўпрахадных балах рашэнне аб залічэнні прымаецца не толькі на падставе агульнага бала, а бяруцца пад увагу іншыя фактары. Усё гэта прапісана ў Правілах прыёму, і я не думаю, што з увядзеннем новай сістэмы падліку балаў праблема нейкім чынам актуалізуецца.

— Як вы прагназуеце, Юрый Іванавіч, колькасць 100-бальнікаў можа павялічыцца?

— Думаю, што не. У частцы высокіх балаў новая методыка паказвае практычна поўную карэляцыю са старой методыкай, і таму яе ўвод на колькасць 100-бальнікаў не паўплывае. Як раней, так і цяпер на 100 балаў можа разлічваць толькі той, хто дакладна адказаў на ўсе пытанні тэста.

Дзякуючы новай методыцы, абітурыент можа самастойна ацаніць працэнт людзей, якія паказалі лепшыя веды і атрымалі больш высокія балы, чым ён. Гэта дапаможа яму рэальна ацэньваць свой узровень і бачыць, куды імкнуцца. А імкнуцца трэба заўсёды да 100 балаў.

— А калі парогі захаваюцца на цяперашнім узроўні, больш абітурыентаў змогуць іх пераадолець?

— Безумоўна. Але падкрэслю, што не ставілася задача проста так узяць і павялічыць балы. Асноўная мэта — дакладна вымераць узровень ведаў абітурыентаў. Цяпер большая колькасць удзельнікаў ЦТ зможа атрымаць вышэйшыя балы, чым пры старой методыцы ацэньвання, бо ліквідавана іх штучнае заніжэнне. Аднак пры гэтым будзе вырашацца пытанне і аб устанаўленні больш высокага так званага парогавага бала.

— Можна чакаць, што на шэраг спецыяльнасцей прахадныя балы вырастуць?

— Так, на тыя спецыяльнасці, дзе раней былі невысокія прахадныя балы, яны аб’ектыўна павялічацца.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.