З актуальнымі ініцыятывамі

- 14:39Міншчына, Прэс-тур

У сярэдняй школе № 1 Фаніпаля заўсёды працуюць з поглядам у будучае — смела ўкараняюць сучасныя ідэі, тэхналогіі, праекты, не баяцца ставіць перад сабой складаныя задачы і брацца за няпростыя справы. Сёння ў школе рэалізуецца праект “Школа будучага”. Ды і сама ўстанова імкнецца да таго, каб яе можна было смела назваць школай будучага, — так многа разнастайных актуальных ініцыятыў тут рэалізавана і рэалізоўваецца.

Школа вялікая — 45 класаў-камплектаў, больш за 1000 навучэнцаў, і, верагодна, гэтая лічба будзе павялічвацца, бо ўсё больш людзей выбіраюць жыццё ў прыгарадзе сталіцы, Фаніпаль расце хуткімі тэмпамі. Аднак для кожнага з навучэнцаў у школе ствараюцца цудоўныя ўмовы, і кожны тут знойдзе для сябе цікавую справу.

На ўваходзе школы ўсіх сустракае сістэма кантролю доступу — кожны вучань праходзіць праз турнікет па асабістай картцы. Пабочнаму чалавеку ва ўстанову проста так трапіць не ўдасца. Дарэчы, школа была першай у Дзяржынскім раёне, дзе такая сістэма з’явілася. Гарантаваць бяспеку навучэнцаў дапамагае і сістэма відэаназірання — 14 камер даюць магчымасць бачыць, што адбываецца ў розных кутках школы. А адбываецца тут шмат цікавага.

Акрамя профільных класаў, у школе працуюць класы рознай накіраванасці. Тры гады дзенічаюць спартыўныя класы, дзе навучэнцы займаюцца настольным тэнісам і баскетболам. Трэніроўкі з імі праводзяць трэнеры дзіцячай спартыўнай школы. Добрыя ўмовы для заняткаў спортам створаны і для дзяцей, якія не вучацца ў спартыўных класах. У пазаўрочны час усе жадаючыя могуць займацца ў шматлікіх секцыях, як, напрыклад, тэквандо, лёгкая атлетыка і футбол.

У школе актыўна ўкараняюць усё новае і актуальнае. Так, на базе ўстановы працуюць рэсурсныя цэнтры для настаўнікаў грамадазнаўства і педагогаў пачатковых класаў, рэалізуецца праект “Электронная школа”, вучняў запрашаюць аб’яднанні па інтарэсах “Інфармацыйныя тэхналогіі” і “Віртуальны свет”, а таксама “Суднамадэляванне”, у межах дзейнасці якога падрыхтаваны тры кандыдаты ў майстры спорту, дзейнічае навучэнская бізнес-кампанія “Утульны дом”.

Яшчэ адзін кірунак, якому ў фаніпальскай школе ўдзяляецца пільная ўвага, — эстэтычнае развіццё дзяцей. У пачатковай школе 9 класаў харэаграфічнай і 7 класаў музычнай накіраванасці. З першага года навучання ў школе дзейнічаюць хор-класы. Гэты праект быў распачаты ў рамках Года культуры. З дзецьмі займаюцца педагогі па вакале. Да канца навучання ў базавай школе вучні хор-класаў засвояць некалькі жанраў харавых спеваў: народныя, эстрадныя, песні-калыханкі і інш. Акрамя таго, у школе дзейнічае ўзорны танцавальны калектыў “Сонечныя праменьчыкі”, які паспяхова выступае на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях, а таксама вакальныя ансамблі “Памяць” і “Равеснікі”.

У 2015 годзе школа пачала рэалізацыю рэспубліканскага пілотнага праекта “Школа будучыні”, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя адзення дзелавога стылю сярод вучняў і іх бацькоў. Сёння ўжо 918 хлопчыкаў і дзяўчынак, што складае 89% ад агульнай колькасці навучэнцаў фаніпальскай школы, прыходзяць на заняткі ў вопратцы дзелавога стылю менавіта дзякуючы праекту. У кожнага класа ёсць магчымасць выбраць свой стыль, а ўсю школу яднае агульны для ўсіх элемент адзення — камізэлька з лагатыпам школы.

Установа адукацыі цесна і непасрэдна ўзаемадзейнічае з прадпрыемствамі “БелКрэда” (Навагрудак), “Калінка” (Салігорск), “Палессе”. Школе канцэрнам “Беллегпрам” былі прадстаўлены ўзоры калекцыі адзення дзелавога стылю: прадпрыемства “Калінка” прапанавала мадэльны рад для дзяўчынак, “БелКрэда” — для хлопчыкаў, а “Палессе” забяспечыла школу трыкатажнымі камізэлькамі.

Першапачаткова была праведзена грунтоўная работа з бацькамі і школьнікамі. Сказаць, што ініцыятыва адразу сустрэла ўсеагульную падтрымку, нельга. Некаторыя бацькі з насцярожанасцю сустракалі праект, але насцярожанасць і непрыняцце прайшлі, калі бацькі разабраліся ў сутнасці ініцыятывы і зразумелі плюсы, якія яна нясе. Быў праведзены шэраг мерапрыемстваў для папулярызацыі дзелавога стылю адзення: бацькоўскія класныя сходы, класныя гадзіны, размешчана інфармацыя і фатаграфіі калекцыі дзелавога стылю адзення на сайце школы, на школьных інфармацыйных стэндах.

У маі 2015 года было вырашана ажыццявіць праект па ўкараненні адзення дзелавога стылю у паралелі 2-х класаў, а таксама ўключыць элементы дзелавога стылю — трыкатажныя камізэлькі з лагатыпам сярэдняй школы № 1 Фаніпаля — у вопратку ўсіх навучэнцаў. Да 1 лістапада 2015 года ўсе школьнікі былі забяспечаны бардовымі і сінімі камізэлькамі, а другакласнікі прыйшлі на заняткі ў адзенні адзінага дзелавога стылю ўжо 1 верасня. Сёлета да іх далучыліся навучэнцы 1—2 класаў.

Як адбываецца ўзаемадзеянне з прадпрыемствамі ў рамках праекта? Прадстаўнікі прадпрыемстваў на базе школы прадэманстравалі для бацькоў і навучэнцаў узоры тканін і гатовай прадукцыі. Пасля чаго бацькі і дзеці кожнага з паралелі другіх класаў вызначыліся, якую тканіну яны выбіраюць для пашыву адзення, каб класы мелі агульны стыль. А вось элементы адзення для заказу кожны выбіраў асабіста. Напрыклад, клас выбірае для дзяўчынак тканіну сіняга колеру. Адна сям’я вырашае пашыць з гэтай тканіны сарафан і жакет, другая — спадніцу і штаны, а трэцяя — усё адразу. Пасля гэтага мадэльер здымае з кожнага дзіцяці меркі — і пашыў адзення адбываецца індывідуальна. Праз некаторы час прадпрыемствы дасылаюць у школу гатовую вопратку. У выпадку, калі нешта дзіцяці не падыходзіць (адбываецца такое, дарэчы, рэдка), элемент адзення або ўвесь камплект вытворца замяняе. Індывідуальна былі пашыты і фірменныя школьныя камізэлькі.

Вельмі хутка ўсе бацькі зразумелі, якую выгаду ім дае такое ўзаемадзеянне: па-першае, не трэба ў пошуках адзення хадзіць па магазінах, а гэты занятак, згадзіцеся, адбірае шмат часу, сіл і нерваў; па-другое, дзякуючы непасрэднаму ўзаемадзеянню прадпрыемства са спажыўцамі кошт адзення ніжэйшы, чым у магазінах; па-трэцяе, кожны атрымлівае адзенне індывідуальнага пашыву, значыць, вопратка будзе сядзець як мае быць, не трэба яе падшываць ці падганяць, асабліва гэтая акалічнасць важная для дзяцей з нестандартнай фігурай, якім падабраць адзенне ў прапанаваных магазінамі размерных радах вельмі складана.

Поспех, дабрыня, дзяцінства, гульня, адукацыя, камфорт, парадак, актыўнасць, прафесіяналізм, талент, здароўе… Гэтыя ключавыя словы вызначылі для сябе педагогі і адміністрацыя сярэдняй школы № 1 Фаніпаля. І яны плённа працуюць, каб усё гэта ў навучэнцаў школы было. А яшчэ для таго, каб у школе будучага дзеці вучыліся ўжо сёння.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.