З алімпійскім азартам

- 10:25Спартыўныя падзеі

Другі год у Бабрыкоўскай сярэдняй школе Пінскага раёна рэалізоўваецца праект “Малыя школьныя Алімпійскія гульні”. У спартыўных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках праекта на працягу каляндарнага года, актыўна ўдзельнічаюць, акрамя бабрыкоўскіх вучняў, каманды Лышчанскай сярэдняй школы, Пучынскай і Малаплотніцкай базавых школ.

— Праект ажыццяўляецца з мэтай прапаганды алімпійскіх ідэалаў і каштоўнасцей, папулярызацыі заняткаў фізічнай культурай і спортам, далучэння вучняў да вытокаў алімпізму і традыцый алімпійскага руху, — расказала дырэктар Бабрыкоўскай сярэдняй школы Л.З.Коян. — Дарога да сапраўдных алімпійскіх медалёў пачынаецца з невялікіх спартыўных дасягненняў у школе.

Падчас нядаўніх малых зімовых Алімпійскіх гульняў юнакі і дзяўчаты спаборнічалі ў лыжных гонках і біятлоне, дзе паказалі выдатную фізічную падрыхтоўку, спрыт-насць, хуткасць і трапнасць у стральбе. Трэба адзначыць, што ў лыжных гонках разам з вучнямі ўдзельнічалі і настаўнікі фізкультуры.

— Без прыкладу дарослых цяжка выхаваць любоў да спорту ў дзяцей, — упэўнена Л.З.Коян.

Атмасфера гульняў была радаснай і напружанай адначасова. За лідарства змагаліся моцныя сапернікі. Спартыўны запал і прага перамогі дазволілі камандзе Бабрыкоўскай сярэдняй школы стаць лепшай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.