З чаго пачынаецца школа?

- 9:03Людзі адукацыі

Вы не памыліцеся, калі прамовіце, што любая школа пачынаецца з дырэктара. Менавіта дырэктар падобны да рэжысёра, які стварае фільм, хоць у кадры яго няма. Яго роля заўсёды больш творчая, чым адміністрацыйная. Яго ўпэўненасць у поспеху фільма зараджае ўсіх аптымізмам, прымушае паверыць у свае сілы. Імя Міхаіла Міхайлавіча Сачкоўскага вядома многім людзям не толькі нашага населенага пункта, але і ўсяго раёна. І звязана яно з выдатнай Стытычаўскай сярэдняй школай Пінскага раёна. 35 гадоў ён працуе ў школе, з іх 30 — дырэктарам.

30 гадоў кіраваць школай… Для любога чалавека гэта не проста перыяд у жыцці, а велізарны шлях, поўны палётаў і падзенняў, радасцей і няшчасцяў, перамог і няўдач. Але што значаць для кіраўніка школы гэтыя гады? Гэта — пастаянная і мэтанакіраваная работа па выхаванні дзяцей, самаўдасканаленні і фарміраванні адзінай вучэбнай прасторы. Без перабольшання можна сказаць, што школа для нашага дырэктара — гэта яго жыццё, прызванне і радасць. Міхаіл Міхайлавіч праявіў майстэрства і лепшыя рысы адміністратара, што дазволіла педагагічнаму калектыву вырасці ў дружную і згуртаваную каманду, здольную вырашац­ь любыя пытанні навучання і выхавання падрастаючага пакалення.

Наша школа — кузня кадраў, таму што, працуючы пад кіраўніцтвам М.М.Сачкоўскага, настаўнікі становяцца прафесіяналамі сваёй справы. Зносіны з такім дырэктарам вучаць многаму: ён шчодра дзеліцца сваімі ідэямі, педагагічнымі задумамі, дапамагае настаўнікам стаць сапраўднымі педагогамі, мудрымі і цярплівымі да сваёй прафесіі. Кожную раніцу настаўнікі і дзеці абавязкова сустракаюць Міхаіла Міхайлавіча ўсмешкай. Ён у адказ кагосьці пахваліць, кагосьці паўшчувае, а камусьці падкажа. А затым пагружаецца ў розныя кіраўніцкія пытанні. І так 30 гадоў…

Жыццё рухаецца па адным і тым жа коле, але ў ім ёсць свой сэнс. Цудоўныя арганізатарскія здольнасці, веданне людзей дапамагаюць кіраўніку захапіць педагагічны калектыў агульнай справай. Ён не баіцца ўкараняць новае ў вучэбна-выхаваўчы працэс, таму ва ўстанове адукацыі паспяхова асвойваюць новыя педагагічныя тэхналогіі. Пры гэтым дырэктар стараецца, каб лепшыя традыцыі школы абавязкова захоўваліся. Па выніках работы за 2019 год наша школа прызнана пераможцай раённых спаборніцтваў сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Пінскага раёна.

У школе арганізавана і вядзецца работа з вучнямі, якія маюць высокую ступень матывацыі да вывучэння асобных прадметаў. За 5 гадоў павялічылася колькасц­ь пераможцаў другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова і літаратура”, “Біялогія”, “Нямецкая мова”. Міхаіл Міхайлавіч выкладае прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Некалькі гадоў запар яго вучні з’яўляюцца пераможцамі другога і трэцяга этапаў рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце. Нашы вучні таксама з’яўляюцца пераможцамі раённай і абласной навукова-практычных канферэнцый.

Вялікімі справамі чалавек не зможа займацца, калі ён не стварыў дружную сям’ю, надзейны тыл. Увесь гэты час (30 гадоў) побач з Міхаілам Міхайлавічам працуе яго жонка, Людміла Іванаўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна для яго — дапамога і падтрымка, дарадчыца і суразмоўніца. Разам яны выхавалі дачку і сына, якія таксама ўжо выбралі свой жыццёвы шлях.

За гады педагагічнай дзейнасці з простага настаўніка пачатковых класаў Міхаіл Міхайлавіч вырас у прафесійнага і ўмелага кіраўніка. Ён узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. Мае шматлікія граматы, падзякі.

Без сумнення, сельская школа заўсёды ў цэнтры ўвагі. Яе паспяховая дзейнасць у многім залежыць ад таго, хто ёй кіруе. Нашай школе пашанцавала з дырэктарам: у сваёй школе ён бачыць не проста навучальную ўстанову, а дом, вялікі дом для дзяцей і дарослых. Міхаіл Міхайлавіч стараецца зрабіць яго прыгажэйшым, цяплейшым, больш утульным. Мабыць, таму ўсім нам хочацца да гэтага часу несці дзецям штосьці новае, вучыць іх карыснаму, патрэбнаму, важнаму.

Марыя КЛІМЕНКА,
старшыня прафкама Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.