З эстэтычным густам

- 10:41Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

На працягу 10 гадоў у Барысаўскім дзяржаўным каледжы працуе рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па спецыяльнасці “Швачка”, дзе прафесійныя навыкі атрымліваюць навучэнкі аднапрофільных устаноў адукацыі Мінскай вобласці. 

Менавіта Барысаўскі дзяржаўны каледж — адна з галоўных устаноў адукацыі, якая рыхтуе спецыялістаў для вядомых у краіне прадпрыемстваў па пашыве адзення. У рэсурсным цэнтры Барысаўскага дзяржаўнага каледжа будучыя спецыялісты вучацца праца­ваць на сучасным швейным абсталяванні, а таксама набыва­юць практычныя навыкі работы на ўніверсальных і спецыялізаваных швейных машынах і паўаўта­матах.

“Сёння Барысаўскі дзяржаўны каледж — гэта шматпрофільная ўстанова, дзе рэалізуюцца адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (дзённая і завочная форма), а таксама праграмы дадатковай адукацыі дарослых, — прэзентавала каледж намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Лілія Эдуардаўна Чэча. — За 5 апошніх гадоў наш каледж падрыхтаваў і выпусціў больш за 5000 рабочых і спецыялістаў. На дзённай і завочнай формах навучання адукацыю атрымліваюць 1903 чалавекі. У структуры каледжа сёння працуюць 10 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць спецыяльнасці аднаго профілю”.

У БДК рыхтуюць кадры для арганізацый аграпрамысловага комплексу, прадпрыемстваў машынабудаўнічай галіны, аб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, а таксама для ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. “Для забеспячэння адукацыйнага працэсу ў каледжы ёсць неабходная матэ­рыяльна-тэхнічная база, якая адпавядае вучэбным планам і праграмам па ўсіх спецыяльнасцях, — сказала Л.Э.Чэча. — Акрамя гэтага, у каледжы функцыянуюць 33 лабараторыі, вучэбна-вытворчыя майстэрні, 4 спартыўныя і 3 актавыя залы, 4 сталовыя, 4 інтэрнаты, медпункт, 4 бібліятэкі, аўтадром і трактарадром”. 

У БДК арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 10-х класаў у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Для навучання дзяцей выкарыстоўваецца III мадэль рэалізацыі адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых. “Штогод у нас фарміруюцца 4 групы з навучэнцаў пяці школ горада, — працягвае расказваць Лілія Эдуардаўна. — Наша ўстанова адукацыі пастаянна право­дзіць аналіз рынку працы. Мы сочым за тым, у якіх кадрах і ў спецыялістах якіх узроўняў кваліфікацыі мае патрэбу наш раён. Так, у Барысаўскім раёне нашымі заказчыкамі кадраў з’яўляюцца больш за 170 прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Таксама нашы выпускнікі працуюць у многіх структурах Мінскай вобласці і краіны. Работадаўцамі для нашых маладых спецыялістаў з’яўляюцца ААТ “Світанак”, ААТ “БелАЗ”, СЗАТ “Белджы”, ААТ “Амкадор”, ААТ “Барысаўскі завод “Аўтагідраўзмацняльнік”, ААТ “140 рамонтны завод”, упраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама і інш. Дарэчы, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый прымаюць удзел у выніковай атэстацыі выпускнікоў, у прысваенні кваліфікацыі будучым рабочым, а таксама ў правядзенні конкурсаў прафесійнага майстэрства і праф­арыентацыйных мерапрыемствах”. 

Навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа штогод прымаюць удзел у міжнародных маладзёжных форумах і мерапрыемствах па прафесійнай адукацыі, у інтэрнэт-канферэнцыях, стажыроўках педагагічных работнікаў і навучэнцаў. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе каледж сумесна з Дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці Барысава пачаў рэалізацыю праекта па ранняй прафарыентацыі BabySkills. Мэта ініцыятывы — фарміраванне ў дашкольнікаў эмацыянальных адносін да свету прафесій. Акрамя гэтага, праект дазваляе малышам паспрабаваць свае сілы ў даступных відах дзейнасці. 

“Ранняя прафарыентацыя, якая ахоплівае дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзрос­ту, накіравана на развіццё цікавасці да прафесій, — пацвярджае прадстаўнік каледжа. — Таксама BabySkills дапамагае развіваць у дзетак творчыя здольнасці, эстэтычны густ, фарміруе экалагічную культуру і г.д. Што тычыцца праф­арыентацыі навучэнцаў кале­джа, то ва ўстанове працуе цэнтр “Прафкансультант”. У ім нашы спецыялісты аказваюць дапамогу не толькі абітурыентам, але і іх баць­кам у вырашэнні праблем, звязаных з прафесійным вызначэннем іх дзяцей. Таксама цэнтр дапамагае разабрацца з выбранымі спецыяльнасцямі: кім можна с­тац­ь, дзе можна будзе працаваць, калі выбраць тую ці іншую спе­цыяльнасць. Асаблівую ролю ў прафесійнай арыентацыі навучэнцаў адыгрывае музей гісторыі развіцця прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці. У зале прафарыентацыі прадстаўлены матэрыялы, якія дапамага­юць павысіць узровень ведаў па тым кірунку, які выбраў навучэнец. Таксама ў музеі можна даведацца пра сацыяльную значнасць рабочых прафесій. Дарэчы, падчас правядзення дзён адкрытых дзвярэй мы стараемся даступна раска­заць сваім будучым навучэнцам, кім яны змогуць стаць, калі прый­дуць да нас вучыцца. Хочацца, каб абітурыенты ўсвядомлена выбіралі прафесію і не шкадавалі аб сваім выбары”.

Наталля САХНО.