З глыбіні кнігі — веды

- 14:19Культура

Прэзідэнцкая бібліятэка і гімназісты… На першы погляд, вельмі дзіўнае, нечаканае спалучэнне. Але менавіта ў гімназію — сталічную гімназію № 16 — надоечы завітала ў госці Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь на чале з дырэктарам Сяргеем Іванавічам Квачаном, каб навучэнцы 9-х і 10-х класаў гэтай установы адукацыі змаглі пазнаёміцца з яе багатымі кніжнымі фондамі, у тым ліку ўнікальнымі старадаўнімі выданнямі, даведацца пра мноства цікавых фактаў з жыцця бібліятэк краіны і Прэзідэнцкай бібліятэкі, наогул пашырыць свае ўяўленні пра бібліятэчны свет. Сустрэча адбылася ў рамках сумеснага праекта “Спакон веку кніга гадуе чалавека”, ініцыіраванага Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь і Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі.

Выступаючы з прывітальным словам перад гімназістамі, дырэктар 16-й гімназіі Георгій Уладзіміравіч Кушняроў нагадаў ім некаторыя вядомыя ісціны: без кнігі немагчыма знайсці новыя веды; без кнігі немагчыма дакрануцца да таго невядомага і цікавага, што цяжка непасрэдна ўбачыць у рэальным жыцці; толькі папяровая кніга захоўвае ў сабе часцінку душы таго, хто яе стварыў — напісаў, выдаў, праілюстраваў; захаваць кнігу і данесці яе да нашчадкаў — гэта таксама вельмі вялікая праца; хто чытае, той развіваецца; нягледзячы на ўсе найноўшыя тэхналогіі, кніга ніколі не памрэ…
Загадчык гімназічнай бібліятэкі Іна Васільеўна Венгер абрынула на галовы навучэнцаў лавіну неардынарных фактаў, пра якія тыя, магчыма, ніколі і не задумваліся: самым бібліятэчным кантынентам у свеце з’яўляецца Еўропа, у якой знаходзіцца каля паўмільёна бібліятэк; калі ўсе кніжныя паліцы свету выстраіць у рад, то яго даўжыня складзе 15 тысяч кіламетраў, з іх 9 тысяч кіламетраў прыйшліся б на Еўропу; як бы хто ні думаў пра растаўсцелых і недалёкіх амерыканцаў, але ў Амерыцы бібліятэк усё-такі больш, чым рэстаранаў “МакДоналдс”; з 7 мільярдаў жыхароў нашай планеты чытачоў усяго толькі 2,5 мільярда; калі падлічыць колькасць бібліятэчных кніг у кожнай краіне, высветліцца, што на аднаго чалавека, напрыклад, у Грузіі прыходзіцца самая вялікая іх колькасць — 16, а ў Беларусі — толькі 0,7 (мы займаем 15-е месца ў свеце па гэтым рэйтынгу). “Зрэшты, сэнс не столькі ў колькасці кніг на душу насельніцтва, — заўважыла Іна Васільеўна. — Варта ўспомніць словы Самуіла Якаўлевіча Маршака, які сказаў пра тое, што ніводны твор ні Гётэ, ні Шылера, ні Пушкіна (а ад сябе я дадам: ні Караткевіча, ні Быкава) — не будзе значным, калі ў яго не будзе чытача”.
Таксама загадчык гімназічнай бібліятэкі пазнаёміла прысутных з вынікамі анкетавання навучэнцаў “Магія кнігі”, якое праводзілася на працягу двух тыдняў сярод вучняў 7—10 класаў. Так, на пытанне пра любімы твор беларускай класікі пераважалі наступныя адказы: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сэрца на далоні”, “Чорная панна Нясвіжа”, “Воўчая яма”. Гэта, у прынцыпе, прадказальныя адказы. Затое поўны палёт фантазіі назіраўся ў адказах на пытанне аб кнігах, якія павінен прачытаць кожны: “Гары Потэр”, “Уладар пярсцёнкаў”, “Маленькі прынц”, “Урок французскай”, “Над безданню ў жыце”, “Галодныя гульні” і інш. Нарэшце, падзяліліся меркаванні гімназістаў наконт таго, што робіць кнігу рэдкай: кошт, стары год выдання, маленькі наклад, прозвішча аўтара. Такім чынам, вынікі анкетавання засведчылі цікавасць гімназістаў да чытання і пэўную дасведчанасць у нюансах кніжнай справы.
І тым больш цікава навучэнцам было паслухаць гасцей: дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргея Іванавіча Квачана і загадчыка аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў бібліятэкі Валерыя Мікалаевіча Герасімава. Калі Сяргей Іванавіч гутарыў з гімназістамі фактычна як з калегамі ці, прынамсі, патэнцыяльнымі карыстальнікамі Прэзідэнцкай бібліятэкі (найперш кіраўнікамі, юрыстамі, эканамістамі, палітолагамі, сацыёлагамі), то Валерый Мікалаевіч аформіў сваё выступленне ў выглядзе адмысловай лекцыі-гульні з красамоўным слоганам “З глыбіні мора дастаюць жэмчуг, з глыбіні кнігі — веды”, з дзівакаватымі параўнаннямі, нечаканымі пытаннямі і, галоўнае, наглядным паказам мноства рэальных старадрукаў і рарытэтных кніжак, якія супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі прывезлі з сабой у гімназію.
Прызнацца, я і сам, слухаючы Валерыя Мікалаевіча Герасімава, быў неаднойчы збіты з панталыку яго пытаннямі, напрыклад: “Вам нешта кажа лічба 1024?” Прыгадваў, што ж адбылося ў сусветным кніжным свеце ў гэтым годзе. А ўсё, насамрэч, у сувязі з гэтай лічбай было і прасцей, і ў той жа час складаней: за дзесяць папярэдніх пакаленняў кожны з нас “збірае” 1024 бабулі і дзядулі! “Уяўляеце сабе, колькі генаў, колькі ДНК у сабе носіць кожны з нас! Кроў якой велізарнай колькасці нашых продкаў цячэ ў нас!” — Валерый Мікалаевіч заінтрыгаваў гімназістаў з першых жа слоў.
Дасціпна жартаваў: “Вось вы мне скажыце, якая самая характэрная рыса беларусаў. Вы, безумоўна, будзеце гаварыць: талерантны, разумны, працавіты… А я скажу вам: беларус вельмі добры. Вучоныя вызначылі, што 10 тысяч гадоў назад на Зямлі застаўся толькі адзін мамант. Знайшлі гэтага маманта пад Юравічамі ў сённяшнім Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Беларусы апошнія з усіх людзей на свеце з’елі маманта — значыць, яны самыя добрыя на свеце…”
І мільгалі перад вачыма цікаўных і прыціхла-зачараваных навучэнцаў белыя пальчаткі, якія прадбачліва надзеў Валерый Мікалаевіч, ведаючы, што будзе браць у рукі ўнікальныя старадрукі. Паступова разгортвалася перад гімназістамі ўся велічная гісторыя беларускай кнігі, пачынаючы яшчэ з каменных і бяроставых надпісаў. Ра-дзівілаўскі летапіс (факсімільнае перавыданне ХІХ стагоддзя), Статут Вялікага Княства Літоўскага, “Вялікае мастацтва артылерыі” Казіміра Семяновіча, “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча, “Вянок” Максіма Багдановіча, падручнік па гісторыі рускага права з бібліятэкі сына апошняга расійскага цара Аляксея Мікалаевіча, літаграфіі Напалеона Орды, старадаўнія атласы, створаныя ўжо ў наш час рукапісныя і мініяцюрныя кнігі, кнігі з аўтографамі вядомых пісьменнікаў… Неабсяжны свет кніг адкрыўся вачам гімназістаў у той дзень. Супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі прыхапілі з сабой нават яўрэйскую Тору даўжынёй 9 метраў і акуратна разгарнулі яе перад навучэнцамі.
Завяршылася мерапрыемства віктарынай на замацаванне атрыманых ведаў і… сардэчным пажаданнем Валерыя Герасімава ўсім прысутным: “Любіце кнігі — і тады будзеце любіць адно аднаго”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

ДАРЭЧЫ
Як паведаміла падчас сустрэчы ў гімназіі № 16 начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ніна Мікалаеўна Захожая, праект “Спакон веку кніга гадуе чалавека” мае на мэце не толькі правядзенне лекцый, віртуальных і рэальных экскурсій навучэнцаў розных школ сталіцы ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь. Практычным вынікам праекта, спадзяюцца арганізатары, стануць літаратурныя творы школьнікаў (вершы, эсэ і інш.), навеяныя ўбачаным і пачутым. Зборнік такіх твораў плануецца выдаць да канца наступнага года.