З імпэтам і іскрамётным запалам

- 11:13Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Педагагічная грамадскасць краіны актыўна рыхтуецца да новага навучальнага года і Рэспубліканскага педагагічнага савета, на якім будуць абмяркоўвацца найбольш важныя праблемы ў сферы адукацыі і задачы па яе развіцці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням якасці агульнай сярэдняй адукацыі, павышэнню прэстыжу педагагічнай працы. У межах падрыхтоўкі да галоўнага педагагічнага форуму на базе сярэдняй школы № 165 Маскоўскага раёна Мінска прайшоў круглы стол “Малады настаўнік: шлях у прафесію”, арганізаваны ў рамках праекта “Школа маладога настаўніка”. У ім прынялі ўдзел маладыя педагогі сталічных школ — як тыя, хто ўжо мае невялікі вопыт работы з дзецьмі, так і тыя, хто 1 верасня ўпершыню пераступіць парог класа ў якасці настаўніка.

Сёння, як, бадай, і заўсёды, настаўнік — гэта не толькі і не столькі захавальнік ведаў, узор паводзін, пераймання для дзяцей, колькі майстар, здольны навучыць сваіх падапечных знаходзіць патрэбныя веды ў бязмежным акіяне сучасных навук, натхніць сваіх вучняў на навучанне. Безумоўна, сапраўдны настаўнік валодае прафесійнымі ўменнямі і навыкамі, інавацыйнымі тэхналогіямі навучання і выхавання. Вельмі важную ролю адыгрываюць асобасныя якасці школьнага настаўніка: педагагічная пазіцыя, адносіны да жыцця, калег, дзяцей і людзей увогуле.

Ці лёгка даводзіцца маладым настаўнікам? Распачаўшы работу, малады педагог хутка ўсведамляе, што веды, атрыманыя ім ва ўніверсітэце, безумоўна, карысныя, але толькі тэарэтычна, а ў жыцці ўсё інакш! У пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці малады спецыяліст непазбежна сутыкаецца з пэўнымі праблемамі. Няўменне дакладна падлічыць час на ўроку, лагічна выбудаваць паслядоўнасць этапаў заняткаў, даходліва патлумачыць матэрыял, адсутнасць узаемаразумення з бацькамі — вось далёка не поўны пералік цяжкасцей, якія павінен пераадолець малады настаўнік.

Метадычнае суправаджэнне дзейнасці пачынаючых педагогаў у сталіцы забяспечваюць школы маладога настаўніка і клубы маладога педагога. Працуюць і кансультацыйныя пункты на базе апорных школ раёнаў, дзе галоўнай мэтай з’яўляецца не толькі павышэнне майстэрства настаўнікаў, але і стварэнне камфортнай псіхалагічнай абстаноўкі ў калектыве.

З мінулага навучальнага года запатрабаванай і эфектыўнай стала дзейнасць гарадской школы маладога настаўніка. Мэта школы — абудзіць, выклікаць да жыцця ўнутраныя сілы і магчымасці пачынаючых настаўнікаў, каб выкарыстоўваць іх для больш поўнага і свабоднага развіцця асобы педагога. У межах работы школы адкрываюцца новыя падыходы і тэндэнцыі ў вырашэнні пытанняў, чаму і як вучыць, а змест навучання разглядаецца як сродак развіцця асобы. Тэматыка пасяджэнняў накіравана на аказанне дапамогі ў якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу, канструяванні сучаснага ўрока, што дапамагае маладым спецыялістам пазбегнуць памылак, зняць трывожнасць, павысіць свой прафесійны ўзровень. Летась падобных школ дзейнічала пяць (па рускай мове і літаратуры, біялогіі, хіміі, англійскай мове, пачатковых класах). Узначальвалі іх настаўнікі-метадысты Ірына Георгіеўна Саўкіна, Вольга Міхайлаўна Лагунова, Ала Анатольеўна Долбік, Святлана Віктараўна Седзюкевіч, Ніна Дзмітрыеўна Хацян і інш. Сёлета ў гэты спіс дабаўляюцца яшчэ дзве школы — па матэматыцы і інфарматыцы.

Сістэмная работа па падтрымцы маладых педагогаў дазваляе дасягнуць пэўных вынікаў. З году ў год павялічваецца працэнт замацавання маладых спецыялістаў у сістэме адукацыі сталіцы. Напрыклад, у Фрунзенскім раёне ў 2014/2015 навучальным годзе працягнула работу на першым рабочым месцы каля 50% маладых настаўнікаў, а ўжо ў мінулым годзе гэты паказчык павялічыўся і складае больш за 80%.

Кіраўнік школы маладога настаўніка намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 165 Ніна Дзмітрыеўна Хацян запрасіла ўдзельнікаў круглага стала абмеркаваць тэму выбару прафесіі, ролі настаўніка ў сучасным грамадстве, а таксама цяжкасці, з якімі маладыя настаўнікі сутыкаюцца ў пачатку прафесійнага шляху.

— Сёння тут сабраліся прадстаўнікі розных педагагічных спецыяльнасцей, выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка, БДУ, МДЛУ. У кожнага педагога свой шлях у выбранай прафесіі, і вам таксама давядзецца яго прайсці. Хтосьці прыходзіць у прафесію ўсвядомлена — і работа з дзецьмі для яго ператвараецца ў справу ўсяго жыцця, хтосьці становіцца настаўнікам выпадкова і паступова пачынае любіць сваю прафесію, а хтосьці, спужаўшыся цяжкасцей, сыходзіць са школы, — звярнулася да маладых калег Ніна Дзмітрыеўна.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 155 Мінска Марына Мікалаеўна Дарашэнка не планавала звязаць сваё жыццё з прафесіяй настаўніка. Паступіла ў чыгуначны каледж, потым некаторы час працавала па спецыяльнасці. Дзяўчыне часта даводзілася ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, яе прыцягвала іх непасрэднасць, шчырасць, дапытлівасць. І аднойчы яна зразумела, што хоча перадаць тое, што сама ведае і ўмее, дзецям. Менавіта любоў да дзяцей і паўплывала на жаданне стаць настаўніцай пачатковых класаў.

Сямейныя і школьныя традыцыі працягвае ў сваёй дзейнасці настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 165 Вікторыя Аляксандраўна Сінюк. Цікавасць да мовы і літаратуры прывіла ёй мама. Ды і ў школе вельмі пашанцавала з настаўнікам-славеснікам. Цікавасць да прадмета і да асобы педагога супала.

— У школу дзеці прыходзяць не толькі па веды, але і па душэўную цеплыню, — лічыць Вікторыя Аляксандраўна. — Настаўнік павінен любіць сваю работу, мець акрамя прафесійных ведаў выбудаваную сістэму каштоўнасцей, каб, у сваю чаргу, навучыць дзяцей аддзяляць зерне ад пустазелля, дабро ад зла.

— Нас можна параўнаць з будаўнікамі, ад якасці работы якіх залежыць трывалась будучага будынка, — падтрымала калегу М.М.Дарашэнка.

Маладыя настаўнікі расказалі і аб цяжкасцях, з якімі сутыкнуліся ў першы год работы ў школе. Сярод іх — наладжванне кантакту і ўзаемадзеяння з дзецьмі і бацькамі, фарміраванне ў навучэнцаў матывацыі да навучання, планаванне і правядзенне ўрока, ацэнка ведаў школьнікаў (як безадзнакавая, так і бальная), афармленне дакументацыі.

У многім наладзіць кантакт з бацькамі і дзецьмі педагогам дапамагае выкарыстанне новых форм і метадаў работы. Напрыклад, стварэнне бацькоўскага клуба з сумеснымі заняткамі, пасяджэннямі, святочнымі мерапрыемствамі, адкрыццё старонак для зносін у сацыяльных сетках, арганізацыя бацькоўскіх субот, дзе бацькі могуць задаць усе пытанні настаўнікам-прадметнікам, прадстаўнікам адміністрацыі.

Хочацца верыць, што яркі бляск у вачах, імпэт і жаданне працаваць з дзецьмі, перадаваць ім свае веды і вопыт, самарэалізоўвацца застанецца ў пачынаючых настаўнікаў і далей, а педагогі са стажам дапамогуць ім сфарміравацца як прафесіяналам і ўпэўніцца ў сваіх сілах. Тады, упэўнена, колькасць маладых настаўнікаў у школах павялічыцца, а прэстыж прафесіі педагога стане значна вышэйшым.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.