З любоўю да ўсходніх адзінаборстваў

- 10:41Людзі адукацыі

“Калі дух моцны — цела вытрымае ўсё” — такім дэвізам у жыцці і працы кіруецца настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 Мсціслава Валерый Філіпенка. Чым Валерый Мікалаевіч даказвае правільнасць і абгрунтаванасць гэтага тэзіса? Верагодна, сваёй мэтанакіраванасцю, высокай працавітасцю, адказнасцю і, канечне, асабістым прыкладам. У нашым невялікім горадзе Валерыя Філіпенку ведаюць як настаўніка і трэнера, які падрыхтаваў чэмпіёнаў краіны, Еўропы, свету па кікбоксінгу і тайскім боксе.

Валерый Філіпенка з чэмпіёнамі Беларусі па кікбоксінгу Раманам Казаковым і Уладзіславам Свіцянковым.

Сваё захапленне ўсходнімі адзінаборствамі Валерый Філіпенка тлумачыць цікавасцю да новых напрамкаў у спорце, жаданнем займацца чымсьці незвычайным. У старшых класах ён пачаў наведваць спартыўную секцыю, дзе вывучаў тэхніку дзюдо і самба, а ўпотай асвойваў прыёмы каратэ разам з такімі ж цікаўнымі падлеткамі. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1986 годзе юнак паступіў у Адэскую мараходную школу замежнага плавання, затым была служба ў войску. Вярнуўшыся пасля арміі ў родныя мясціны, ён сустрэўся з былым настаўнікам фізічнай культуры і трэнерам В.Богушам, які прапанаваў хлопцу ролю камандзіра ўзвода падчас ваенна-палявых збораў старшакласнікаў, што і вызначыла яго далейшы лёс.

У 1989 годзе Валерый Філіпенка паступіў у Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова на факультэт фізічнага выхавання. Менавіта ў інстытуце разам з аднакурснікам ён пачаў заняткі кікбоксінгам і тайскім боксам. Яго сябар добра валодаў тэхнікай бокса, а Валерый — тэхнікай усходніх баявых мастацтваў. У 1993 годзе яны арганізавалі ў Магілёве клуб “Кікбэйс”, куды прыходзілі займацца ўсе жадаючыя. Трэніраваліся самастойна. Як лічыць Валерый Мікалаевіч, менавіта з гэтага клуба пачалася сучасная школа кікбоксінга ў Магілёве.

Пасля заканчэння інстытута ён працаваў у школах Мсціслаўскага раёна і адначасова вучыў хлопчыкаў тэхніцы кікбоксінга ў спартыўнай секцыі на базе раённага Дома культуры. А пасля таго як у 2006 го-дзе Валерый Мікалаевіч прыйшоў на працу ў сярэднюю школу № 2 Мсціслава, свайму захапленню больш

не здраджваў. З вялікімі цяжкасцямі настаўнік пачаў аснашчэнне спартыўнай залы неабходным абсталяваннем, а затым — падбор школьнікаў для заняткаў кікбоксінгам. Штогод у яго трэніруюцца прык-ладна 30 выхаванцаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, у тым ліку дзяўчынкі. За час работы яго вучні дабіліся высокіх спартыўных вынікаў — у іх ліку чэмпіёны Беларусі, Еўропы, свету. Хочацца згадаць найбольш паспяховага выхаванца — Мікалая Свядомскага, які неаднаразова станавіўся чэмпіёнам свету па кікбоксінгу, двойчы быў стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, мае званне майстра спорту міжнароднага класа, выступае з нацыянальнай зборнай па тайскім боксе. Цяпер ён студэнт БНТУ.

Валерый Мікалаевіч пастаянна ўдасканальвае свой прафесіяналізм, спрабуе новыя методыкі, сустракаецца з калегамі. Ён здолеў арганізаваць правядзенне абласных спаборніцтваў па кікбоксінгу ў Мсціславе на базе сваёй установы адукацыі. Мэтанакіравана займаецца падрыхтоўкай навучэнцаў да алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, мае пераможцаў другога этапу рэспубліканскай алімпіяды. У 2019/2020 навучальным годзе здолеў падрыхтаваць шэсць пераможцаў чэмпіянату і першынства Магілёўскай вобласці па муай-тай. Шэраг планаў на новыя спартыўныя перамогі настаўніку-трэнеру і яго выхаванцам прыйшлося адкласці ў сувязі з пандэміяй, аднак трэніроўкі не спыняюцца.

Упартасць, настойлівасць і працавітасць Валерыя Філіпенкі не застаюцца незаўважанымі. У 2015 го-дзе ён атрымаў званне “Чалавек года” Мсціслаўскага раёна, у 2018- м быў узнагароджаны Ганаровай граматай Мсціслаўскага райвыканкама, сёлета — Падзячным пісьмом Магілёўскага аблвыканкама. Таксама ў 2020 годзе ён стаў пераможцам раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Вось такі цікавы чалавек і педагог жыве на старажытнай Мсціслаўскай зямлі. Валерый Філіпенка сваёй працай і ўменнямі спалучае розныя светапогляды і філасофіі, дэманструючы адзінства чалавечых каштоўнасцей і ідэалаў.

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Мсціслава.