З максімальна даступным выкладаннем вучэбнага матэрыялу

- 14:44Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

У ходзе рэспубліканскага маніторынгу якасці агульнай сярэдняй адукацыі вывучалася меркаванне беларускіх педагогаў адносна электронных падручнікаў. 68% апытаных лічаць, што ў адукацыйным працэсе павінны выкарыстоўвацца як электронныя падручнікі, так і падручнікі на друкаванай аснове. 28% адзначылі, што школьны падручнік павінен быць на друкаванай аснове, і толькі 4% настаўнікаў лічаць, што электронны падручнік з цягам часу павінен цалкам замяніць традыцыйны папяровы падручнік.

Пра тое, з якімі падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі настаўнікам і вучням давядзецца працаваць у новым навучальным годзе, расказвае намеснік міністра адукацыі нашай краіны Раіса Станіславаўна СІДАРЭНКА:


—З улікам пераходу на адносную завершанасць II ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ўвядзення профільнага навучання падрыхтаваны і зацверджаны міністрам адукацыі ад 28 кастрычніка 2016 года Перспектыўны план падрыхтоўкі і выпуску падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на 2016—2020 гады.

Падручнікі і вучэбныя дапаможнікі выдаюцца ў адпаведнасці з графікам выпуску падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да 2016/2017 навучальнага года. Да пачатку новага навучальнага года запланавана выдаць 82 вучэбныя дапаможнікі. Па стане на 1 чэрвеня 2016 года выдадзены 41 вучэбны дапаможнік. Графік выпуску выконваецца ў поўным аб’ёме ў строга ўстаноўленыя тэрміны.

Новыя падручнікі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі распрацоўваюцца як базавыя. Ад існуючых вучэбных дапаможнікаў іх адрознівае:

— мінімальна неабходны змест вучэбнага прадмета;

— максімальна даступнае выкладанне вучэбнага матэрыялу;

— практыка-арыентаваная накіраванасць.

Базавы падручнік павінен забяспечыць авалоданне вучнямі асобаснымі, метапрадметнымі і прадметнымі кампетэнцыямі, прадугледжанымі вучэбнай праграмай па прадмеце.

Нароўні з традыцыйнымі функцыямі базавы падручнік будзе выконваць навігацыйную функцыю. Ён будзе арыентаваць вучняў і педагогаў у вучэбных і вучэбна-метадычных выданнях, электронных адукацыйных рэсурсах, якія распрацаваны па пэўным вучэбным прадмеце.

Дадаткі да базавага падручніка (на друкаванай аснове і электронныя) дазволяць задаволіць адукацыйныя запыты высокаматываваных навучэнцаў, якія выяўляюць павышаную цікавасць да вывучэння прадмета.

Базавыя падручнікі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі распрацоўваюцца на конкурснай аснове. Конкурс праводзіцца паэтапна. У цяперашні час падведзены вынікі конкурсу па 37 вучэбных дапаможніках. Сярод пераможцаў конкурсу — 47% выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, 20% настаўнікі-практыкі, 17% навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, 15% метадысты ўстаноў дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў і Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Па 13 вучэбных дапаможніках пераможцамі сталі новыя аўтарскія калектывы, па 15 — аўтарскія калектывы дзеючых вучэбных дапаможнікаў. 9 конкурсных рукапісаў прадставілі аўтарскія калектывы, у якіх аўтары дзеючых вучэбных дапаможнікаў аб’ядналіся з новымі аўтарамі.

У 2016/2017 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца дзевяць базавых падручнікаў. Новымі аўтарскімі калектывамі распрацоўваюцца:

• “Літаратурнае чытанне” (2 клас) для ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання;

• “Літаратурнае чытанне” (2 клас) для ўстаноў адукацыі з рускай мовай навучання;

• “Мастацтва” (5 клас);

• “Чалавек і свет” (5 клас);

• “Геаграфія” (6 клас);

• “Інфарматыка” (6 клас).

Цяпер спынюся на электронным падручніку-навігатары. У Нацыянальным інстытуце адукацыі распрацавана мадэль і створаны макетны ўзор электроннага падручніка-навігатара па хіміі для 10 класа. Падручнік-навігатар выкананы ў фармаце ePub, у ім, акрамя вучэбных тэкстаў, шырока прадстаўлены анімацыйныя ролікі, відэа, інтэрактыўныя заданні. Мультымедыйныя матэрыялы для электроннага падручніка падрыхтаваны выкладчыкамі Ліцэя БДУ.

Электронны падручнік забяспечаны сістэмай навігацыі, якая дазваляе актыўна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе іншыя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу па вучэбным прадмеце.

У перспектыве — стварэнне электронных падручнікаў-навігатараў па вучэбных прадметах “Фізіка”, “Чалавек і свет”, “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”.

Разам з тым гэта не азначае, што падручнікі на друкаванай аснове будуць цалкам заменены электроннымі. Аналіз сусветнай адукацыйнай практыкі паказвае, што большы эфект дае паралельнае выкарыстанне папяровых і электронных падручнікаў, якія дапаўняюць адзін аднаго. Ёсць даследаванні навукоўцаў, якія пацвярджаюць, што пры чытанні з папяровага носьбіта інфармацыя засвойваецца больш якасна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.