З музыкай па жыцці

- 10:41Людзі адукацыі

Чалавек… Для чаго жыве ён на зямлі? Адказаць на гэтае пытанне цяжка. Але кожны, безумоўна, разумее, што чалавек не можа жыць без дабрыні, спагады, любові да блізкага. Да такой думкі прыйшоў аднойчы герой трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” Андрэй Лабановіч: “Чалавек павінен жыць дзеля дабра, ён павінен быць карысным людзям”.

Быць карысным людзям, аддаваць свой талент, свае ўменні, сваю любоў дзецям — такога прынцыпу ў сваёй прафесійнай дзейнасці прытрымліваецца педагог, жанчына, чалавек Тамара Пят­роўна Саўчыц.

Нарадзілася Тамара Пятроўна ў мнагадзетнай сям’і. Бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, працаваў на машынна-трактарнай станцыі, у сельгастэхніцы. Маці займалася хатняй гаспадаркай, на ёй ляжаў клопат аб выхаванні чацвярых дзяцей. Пасляваеннае жыццё было нялёгкім, але бацькі імкнуліся даць добрую адукацыю сваім дзецям. У будучыні ўсе чацвёра сталі дастойнымі, адказнымі работнікамі ў сваіх сферах. Тамара Пятроўна, самая малодшая, стала музычным кіраўніком.

— Колькі памятаю сябе, заўсёды ў маім жыцці была музыка, песня, — дзеліцца ўспамінамі настаўніца. — Яшчэ калі вучылася ў школе, выступала на школьных канцэртах. Потым мяне запрасілі ў агітбрыгаду раённага Дома культуры. Ні адно раённае мерапрыемства не праходзіла без майго ўдзелу.

Гэта нядзіўна: слухаючы песні ў выкананні Тамары Пятроўны, захапляешся яе чароўным голасам.

Як адзначае сама настаўніца, у асноўным займалася вакалам, але ёй так хацелася авало­даць яшчэ ігрой на піяніна. З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае яна сваіх бацькоў, якія бачылі цягу дачкі да музыкі і набылі баян. Баян, па праўдзе кажучы, быў не новы. Але колькі радасці было мець свой ін­струмент, хоць і не піяніна! Дзяўчынка самастойна авалодала ігрой на баяне. Потым быў і акардэон, і піяніна…

Пасля заканчэння школы паступіла ў Гомельскае музычнае вучылішча імя Н.Ф.Сакалоўскага па класе харавога дырыжыравання. Затым была работа ў музычных школах Гомельшчыны, у дзіцячым садзе вёскі Людзяневічы, Людзяневіцкай сярэдняй школе.

— Калі выйшла на пенсію, вельмі сумавала па школе, — гаворыць Тамара Пятроўна. — Хацелася да дзяцей. Адчувала, што мае веды і вопыт могуць і павінны прыносіць карысць, таму з вялікай радасцю і ўдзячнасцю прыняла прапанову папрацаваць у суседняй базавай школе.

І вось ужо 12 гадоў Тамара Пятроўна шчыруе ў Браніслаўскім дзіцячым садзе — базавай школе музычным кіраўніком, настаўніцай музыкі, нейкі час узначальвала фальклорны гурток. Са з’яўленнем гэтага педагога ва ўстанове адукацыі правядзенне школьных мерапрыемстваў і мерапрыемстваў дзіцячага сада набыло, як кажуць, новае гучанне. Дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць урокі музыкі, вакальны і танцавальны гурткі. Настаўніца разам са сваімі выхаванцамі рыхтуе каляндарна-абрадавыя святы, кірмашы. Каляды, Масленіца, Купалле, Багач — шмат цікавага даведаліся дзеці пра гэтыя святы, прымаючы ўд зел у мерапрыемствах. Выхаванцы Та­мары Пятроўны задзейнічаны ў раённых конкурсах, займаюць пры­завыя месцы: былі пераможцамі раённага фестывалю дзіцячай творчасці “Зорны дождж”, раённага фестывалю фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю”, дзе занялі першае месца.

Работа ў школе патрабуе шмат ведаў, сіл, энергіі. Часам даво­дзіцца адкласці нейкія справы, каб падрыхтаваць цікавую прэзентацыю да ўрока, знайсці відэафільм. Сучаснаму настаўніку трэба дасканала валодаць ІКТ, каб прымяняць іх у сваёй дзейнасці, каб быць цікавым для дзяцей. Тамара Пятроўна ў сваім шаноўным узросце добра валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі, выкарыстоўвае іх на ўроках музыкі, на занятках у дзіцячым садзе. Сама распрацоўвае сцэнарыі школьных свят. З якой гордасцю за калегу мы чыталі яе распрацоўку навагодняга свята ў адным з рэспубліканскіх часопісаў!

Сапраўды, для ўсяго калектыву гэты чалавек — прыклад таго, што ў любым узросце, у любой прафесіі  трэба развівацца. Трэба адзна­чыць, што Тамара Пятроўна 12 гадоў з’яўляецца ўдзельніцай раённага ансамбля ветэранаў педагагічнай працы “Залатая пара”. Пасля работы ездзіць на рэпетыцыі ў гарадскі Цэнтр культуры. Выступае з ансамблем на розных святах і мерапрыемствах. Узнагароджана дыпломамі і граматамі аддзела адукацыі, упраўлення адукацыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Не адно пакаленне выхавала Тамара Пятроўна за 50 гадоў працы ва ўстановах адукацыі. У чым сакрэт маладосці душы гэтай жанчыны? Няўжо за столькі гадоў працы яна не стамілася?

— Магу з упэўненасцю сказаць, што дзеці мяне ніколькі не стамляюць. Наадварот, зараджаюць сваёй энергіяй. Я вельмі шчаслівы чалавек, бо са мной заўсёды мае вучні і мая музыка. Праца ў школе прыносіць радасць. Ад работы атрымліваю асалоду!

Валянціна ЦУПІК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі Браніслаўскага дзіцячага сада — базавай школы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.