З Полацка ў Мінск і назад у Полацк

- 14:50Вышэйшая школа

Амаль два тыдні мінула з часу святкавання Дня беларускага пісьменства ў старажытным Полацку, але, думаецца, тыя падзеі засталіся надоўга ў памяці і палачан, і многіх гасцей свята, якім пашчасціла на пачатку верасня пахадзіць сцежкамі Скарыны і Ефрасінні Полацкай. І засталіся не толькі сваімі менавіта святочнымі момантамі, але і той агульнай прыўзнятасцю і аптымізмам сённяшніх беларусаў, нават мімалётнымі душэўнымі ўсплёскамі, якія сілкаваліся сустрэчай з нацыянальнай гісторыяй і культурай, самой полацкай зямлёй… Тады, падчас камандзіроўкі ў Полацк з мэтай напісання святочнага рэпартажу ў сувязі з Днём беларускага пісьменства, аўтар гэтых радкоў таксама перажываў штось падобнае да трапятання, калі сустракаўся і гутарыў з палачанамі. Але не ўсё, што мне давялося тады пачуць і адчуць, у канчатковым выніку “ўлеглася” ў рэпартаж, які пабачыў свет у нашай газеце 2 верасня. А найперш амаль па-за ўвагай застаўся мой візіт у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе я пазнаёміўся і пагутарыў з дацэнтам кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Святланай Міхайлаўна Лясовіч, даведаўся пра дзейнасць Цэнтра беларускай мовы і культуры, пра летнюю школу з удзелам латвійскіх студэнтаў і магістрантаў, пабачыў на свае вочы знакамітую “Механічную галаву” (рэканструкцыю Габрыэля Грубера) і музычны гадзіннік з акадэмічным шэсцем… І ўсё пачутае і пабачанае мной тады ў Полацку таксама выклікала ўва мне прыемны душэўны ўсплёск, хаця непасрэдна Дня беларускага пісьменства як быццам не тычылася. А таму сёння, хай і з невялікім спазненнем, зноў завітаем у Полацк, дакладней кажучы, здзейснім невялікі камбэк… нібы частковую рэстаўрацыю свята.

“Полацк для мяне ўсё…”

У наваполацкага музычнага гурта The Stokes ёсць вядомая песня “Паміж Мінскам і Рымам”. А дрон жыцця кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў ПДУ, аднаго з кіраўнікоў універсітэцкага Цэнтра беларускай мовы і культуры Святланы Міхайлаўны Лясовіч пэўны час баражыраваў паміж Наваполацкам, Віцебскам і Полацкам. Яна нарадзілася і правяла дзяцінства і юнацтва ў Наваполацку, скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па двайной спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Сусветная і айчынная культура”, абараніла кандыдацкую па семантыцы колераў у творах Уладзіміра Караткевіча, а з 2005 года жыве ў Полацку, дзе выкладае ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Па словах Святланы Міхайлаўны, выбіраць паміж Полацкам, Наваполацкам, Віцебскам і нават Мінскам ёй ніколі не даводзілася, бо цягнула менавіта сюды, у найстаражытнейшы горад Беларусі — “горад, дзе асабліва адчуваецца беларускасць, дзе на прыкладах канкрэтных асоб і падзей можна прасачыць літаральна кожны этап развіцця нацыянальнай культуры і гісторыі, дзе знаходзіцца Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік — сапраўдны клондайк для спазнання сваіх каранёў і сваёй душы”. “Ёсць вядомая прыказка пра кожнага куліка, які сваё балота хваліць, — гаворыць Святлана Лясовіч. — Але гэта не пра мяне, хоць я таксама, як той кулік, куды ні прыеду, з кім ні сустрэнуся з замежных гасцей, пачынаю хваліць свой Полацк, свой Полацкі ўніверсітэт. Але гэта не балота! Гэта наша гісторыя, бо гэтыя ўніверсітэцкія сцены не адно стагоддзе слухалі разумных людзей і ўбіралі ў сябе іх мудрасць. І я адчуваю ў пэўным сэнсе ўласную прыналежнасць да эліты, жывучы і працуючы ў Полацку. Полацк для мяне ўсё”.

У “цішыні” езуіцкага калегіума

Мы гутарылі са Святланай Міхайлаўнай у цішыні ўніверсітэцкай бібліятэкі і адначасова ў цішыні былога езуіцкага калегіума, адрэстаўрыраваны будынак якога на пачатку нулявых гадоў прытуліў у сваіх сценах студэнтаў ПДУ. Я і раней некалькі разоў бываў у гэтым старажытным будынку, унікальным помніку архітэктуры міжнароднага значэння, але ўсё неяк на святы ці падчас правядзення буйных навуковых канферэнцый, калі тут літаральна кіпела жыццё і было поўна студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў. А гэтым разам, у апошнія летнія дні, тут было да дзіўнага ціха: недзе на першым паверсе самотна дзяжурыў вахцёр, дзяўчаты з турыстычнага цэнтра праводзілі для адзінокіх турыстаў экскурсіі па ўніверсітэце… а нас — мяне, Святлану Міхайлаўну Лясовіч і яе калегу Алёну Уладзіміраўну Усціновіч, якая час ад часу таксама ўключалася ў размову, — з усіх бакоў акружалі кнігі, цэлыя паверхі з кніг (дарэчы, ласкава перададзеных універсітэту прафесарам ПДУ, доктарам філалагічных навук, сусветна вядомым германістам Аляксандрам Аляксандравічам Гугніным з хатняй бібліятэкі). І было для мяне ва ўсім гэтым — у акружэнні соцень разумных кніжак і пяцісотгадовых сцен былога езуіцкага калегіума, у маім знаходжанні разам з дзвюма маладымі жанчынамі ў вялікай і бязлюднай універсітэцкай прасторы, у неперадавальнай бібліятэчнай цішыні — нейкая таямнічасць, загадкавасць, нават нейкае салодка-прыемнае хваляванне…

Зрэшты, не ўсё так ціха ў “калегіуме”, як гэта можа падацца. Па словах Святланы Міхайлаўны, сітуацыю ў ПДУ з беларусістыкай як полем для навуковай і вучэбнай дзейнасці сёння наўрад ці можна назваць лёгкай. Сёлета яна выпусціла апошніх студэнтаў, якія займаліся па некаторых двайных спецыяльнасцях, напрыклад, спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Англійская мова” (новых першакурснікаў не набралася нават на бюджэт). Гісторыка-філалагічны факультэт, на якім да гэтага ўвесь час працавала мая субяседніца, аб’ядналі са спартыўна-педагагічным факультэтам у адзіны гуманітарны факультэт. І створаны не так даўно Цэнтр беларускай мовы і культуры ПДУ сёння фактычна становіцца не проста цэнтрам як структурным падраздзяленнем універсітэта, а цэнтрам у самым шырокім сэнсе, месцам сканцэнтраванасці ўсіх захадаў па вывучэнні і папулярызацыі беларускай мовы ў полацкай альма-матар і, шырэй, у Полацку.

І, натуральна, тым большая адказнасць сёння ўскладаецца на цэнтр, дзейнасць якога мае на ўвазе такія важныя кірункі, як беларусістыка для замежных грамадзян і пачаткоўцаў (летнія школы, адукацыйныя курсы, індывідуальныя праграмы), дзелавая сфера (курсы павышэння кваліфікацыі “Дзелавая беларуская мова”, “Справаводства на беларускай мове”, пераклад рэкламы, дакументаў, аўтабіяграфій), “Школьны рэпетытар” (кансультацыі па алімпіядных, творчых і навуковых заданнях, правядзенне лекцыйных і практычных заняткаў для школьнікаў, індывідуальная падрыхтоўка), творчасць (сустрэчы з беларускімі культурнымі дзеячамі, кінапрагляды і г.д.), “Першыя крокі па-беларуску” (заняткі беларускай мовай з дашкольнікамі), прафесійнае даследаванне (арганізацыя і ўдзел у навукова-даследчых, адукацыйных, асветніцкіх і культурных праграмах і праектах), аказанне розных паслуг па запыце (супрацоўніцтва з беларускімі дыяспарамі, навуковае кансультаванне эмігрантаў па стварэнні радаводу і інш.), фальклор і традыцыйная народная культура (найперш на базе фальклорнага гурта “Варган” пад кіраўніцтвам Вольгі Антонаўны Емяльянчык). Словам, работы ў Цэнтра беларускай мовы і культуры ПДУ наперадзе непачаты край. Але працаваць тут ніхто не баіцца. І таму, насамрэч, ціха тут ніколі не будзе.

Смак беларускасці за тыдзень

Летняя школа ў Полацку, якую сёлета ў жніўні правялі для студэнтаў і магістрантаў Даўгаўпілскага ўніверсітэта (Латвія) Святлана Міхайлаўна Лясовіч і яе калегі Наталля Генадзьеўна Апанасовіч, Вольга Антонаўна Емяльянчык, Наталля Багданаўна Лысова і Алёна Уладзіміраўна Усціновіч, мае сваю перадгісторыю. Святлана Міхайлаўна ў снежні 2016 года праходзіла стажыроўку ў гэтым латвійскім універсітэце, потым, у маі 2017 года, студэнты, магістранты і аспіранты ПДУ вучыліся там у майскай школе, дзе ім чыталі лекцыі па літаратуразнаўстве. Калі ж у перамовах паміж Даўгаўпілскім і Полацкім універсітэтамі зайшла гаворка аб працягу латвійска-беларускага супрацоўніцтва ў рамках летніх школ, латвійскі бок недвухсэнсоўна намякнуў беларускаму, маўляў, нам таксама хацелася б павучыцца ў вашай летняй школе, але літаратуразнаўства як такое нас не цікавіць, нам проста хацелася б больш даведацца пра вашу культуру, мову, магчымасці турыстычнага бізнесу, бо мы ў нашым універсітэце сярод іншых рыхтуем прафесіяналаў па спецыяльнасці “Усходнееўрапейскія культурныя і бізнес-сувязі” і для нас быў бы вельмі каштоўным вопыт непасрэднага знаёмства з нашым памежным рэгіёнам — Полаччынай.

У жніўні ў Полацк прыехалі 9 студэнтаў і магістрантаў Даўгаўпілскага ўніверсітэта. Для іх была арганізавана шыкоўная праграма — з лекцыямі і практычнымі заняткамі па вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, праглядам экранізацый твораў беларускіх пісьменнікаў, майстар-класамі па традыцыйных спевах і танцах (тут асаблівую ролю адыгралі спецыялісты з гурта аўтэнтычных спеваў “Варган” і тэатра гістарычнага строю “Полацкі звяз”), экскурсіямі па Полацку з фотасесіяй, паездкай у Мір і Нясвіж, знаёмствам з беларускімі традыцыйнымі рамёствамі, арнаментам, народнай кухняй і г.д. Дарэчы, у якасці працоўнай мовы летняй школы ў Полацку Святлана Міхайлаўна з першага ж дня вызначыла беларускую, што прымусіла яе спачатку крыху пахвалявацца, але ўжо ў самы першы дзень з прыемнасцю для сябе адзначыць: латвійскія госці нашу мову разумеюць. Ды і як жа ім не разумець нашу мову, наогул беларусаў, калі вучацца яны ў Даўгаўпілсе, нашым колішнім Дзвінску, дзе дамы праз адзін пафарбаваны ў блакітны колер — колер, які, паводле нацыянальнай колерасемантыкі, з’яўляецца адзнакай беларускасці!

Адмысловай кульмінацыяй летняй школы ў Полацку стаў яе апошні дзень, калі латвійскія студэнты, папярэдне азнаёміўшыся са зместам казкі Уладзіміра Караткевіча “Жабкі і Чарапаха”, увасобіліся ў казачных персанажаў і самі, нават без падглядання ў аркушы з тэкстам, па-беларуску агучылі гэты твор. “Я была настолькі ўражана! Ім спатрэбіўся літаральна тыдзень для таго, каб загаварыць па-беларуску!” — і сёння не хавае сваіх эмоцый Святлана Міхайлаўна.

Дарэчы, рэкламная аб’ява на сайце ПДУ пра летнія школы ў Полацку, якія ладзіць універсітэцкі Цэнтр беларускай мовы і культуры, так і заканчваецца красамоўным заклікам: “Спазнайце смак беларускасці за тыдзень!”

Ліст з Мінска ў Полацк

“Паважаная Святлана Міхайлаўна. Гэты ліст з Мінска ў Полацк вы пачытаеце ў нашай газеце побач з нататкамі пра вас, Цэнтр беларускай мовы і культуры, летнюю школу ў Полацку, якую вы правялі для латвійскіх студэнтаў. Я быў вельмі ўражаны тым, што робіце вы разам з вашымі калегамі ў вашым слаўным горадзе дзеля папулярызацыі беларускай мовы і культуры, узяць хоць бы тую ж летнюю школу для латышоў, акдрыццё моўных курсаў “Жывая мова” для саміх палачан (што было няпроста), шматлікія мерапрыемствы ў супрацоўніцтве з суполкай “Полацкі звяз”. І я добра памятаю ўсе нюансы нашай з вамі гутаркі, у тым ліку тое, як, крыху сумеўшыся, вы адказалі на маё дзіўнаватае пытанне адносна іерархіі знакамітых асоб полацкай зямлі: “Я ніколі не спрабавала выбудаваць нейкую іерархію нашых знакамітых асоб. Усе яны пакінулі агромністы след у нашай культурыі і гісторыі. Але і ў сучасным Полацку ёсць людзі, якія шмат робяць для Полацка. Ім ніколі не паставяць помнік, але ж менавіта яны тут і цяпер робяць усё для таго, каб сучасны Полацк развіваўся і каб праз стагоддзі ён не страціў свайго аблічча цэнтра вучонасці, пісьменства і культурнасці”. Дык вы ж, Святлана Міхайлаўна, гаварылі якраз пра сябе і сваіх калег-аднадумцаў. Дзякуй вам за тое, што вы ёсць!”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота з архіва С.М.ЛЯСОВІЧ.