З прыцэлам на перамогу

- 11:29Вышэйшая школа

Студэнты БДУІР пачалі падрыхтоўку да Мінскага паўмарафону

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі загадзя пачынаюць рыхтавацца да Мінскага паўмарафону, які пройдзе ў верасні. 5 красавіка тут прайшла першая трэніроўка праекта #BSUIRDreamTeam.

Гэта першы рэгулярны праект па бегавой падрыхтоўцы студэнтаў сярод беларускіх універсітэтаў. Пад кіраўніцтвам прафесійных трэнераў пачынаючыя спартсмены засвояць правільную тэхніку бегу, стануць значна мацнейшымі і палепшаць сваю фізічную форму. Ініцыятыва ажыццяўляецца пры падтрымцы Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і руху #followminsk, які аб’ядноўвае аматараў бегу.

Вадзім Дзевятоўскі:“Ёсць такое меркаванне, што студэнтаў прымушаюць удзельнічаць у Мінскім паўмарафоне. Але тое, што ўжо сёння студэнты БДУІР пачынаюць да яго рыхтавацца, гаворыць пра іх асэнсаванае рашэнне. Трэба зрабіць так, каб той, хто прабяжыць паўмарафон першы раз, палюбіў бег і працягваў удзельнічаць у гэтых мерапрыемствах і ў наступныя гады. Наша галоўная задача — прыцягнуць да бегу як мага большую колькасць людзей, бо спорт напаўняе энергіяй і пазітывам, прымушае пераадольваць сябе і выхоўваць характар. Пачынаючым спартсменам магу параіць навучыцца размяркоўваць сілы на дыстанцыі, гэта лічу адным з галоўных складнікаў поспеху. Таксама трэба ўважліва ставіцца да свайго здароўя, прыслухоўвацца да арганізма, асабліва на першых этапах трэніровак. Не трэба рэкордаў, лепш рухацца паступова і спачатку проста ўвайсці ў трэніровачны рытм. Ні ў якой сферы нельга адразу стаць прафесіяналам. Так і ў паўмарафоне. Пачніце з самай маленькай дыстанцыі, паступова павялічвайце нагрузку, і добры вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Галоўнае — верыць у свае сілы”.

Усе, хто пажадаў далучыцца да здаровага ладу жыцця і паспрабаваць свае сілы, павінны былі зарэгістравацца і запоўніць спецыяльную анкету. Першую трэніроўку студэнтаў адкрыў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Анатольевіч Дзевятоўскі. Ён пажадаў удзельнікам цікавых і прадукцыйных трэніровак, а таксама падкрэсліў, што БФЛА заўсёды будзе падтрымліваць падобныя маладзёжныя пачынанні.

Размінку правёў трэнер каманды #followminsk Уладзімір Жураўлёў. Ён паказаў студэнтам базавыя практыкаванні, якія трэба выконваць перад бегам для таго, каб разагрэць мышцы. Трэнер падкрэсліў важнасць правільнай размінкі для атрымання максімальных вынікаў. Затым удзельнікі праекта правялі свой першы забег пад кіраўніцтвам трэнера. Дарэчы, для студэнтаў БДУІР такі праект асабліва актуальны яшчэ і таму, што ім шмат часу прыходзіцца праводзіць за камп’ютарам, а гэта не на карысць здароўю. Бег — аптымальны варыянт, бо трэніроўкі можна праводзіць на свежым паветры. Першая прабежка прайшла цікава і пазітыўна яшчэ і дзякуючы сонечнаму надвор’ю, якое спрыяла добраму настрою ўдзельнікаў.

У студэнтаў БДУІР перад вачыма добры прыклад: ініцыятар і куратар праекта #BSUIRDreamTeam, асістэнт кафедры сістэм тэлекамунікацый Таццяна Печань — аматар спорту і пастаянны ўдзельнік Мінскага паўмарафону: “Я сама захапляюся бегам, вырашыла, што трэба арганізаваць такія спартыўныя заняткі і для студэнтаў. Аднаму заўсёды цяжка пачаць трэніроўкі і знайсці матывацыю, а з сябрамі значна прасцей. Агульная мэта аб’ядноўвае каманду. Мы будзем рэгулярна сустракацца па-за сценамі ўніверсітэта, падтрымліваць адно аднаго. Менавіта дзякуючы гэтаму, цяжка будзе кінуць заняткі, каб не падвесці сваіх сяброў. Галоўнае, што ў нас ёсць выразная мэта — прабегчы ў верасні дыстанцыю на паўмарафоне ў Мінску. Я ўпэўнена, што мы зробім усё магчымае, каб як мага лепш падрыхтавацца да гэтага сур’ёзнага мерапрыемства і паказаць добрыя вынікі”, — зазначыла Таццяна.

Плануецца, што трэніроўкі будуць праходзіць раз на тыдзень у вячэрні час, каб не перашкаджаць вучобе. А пасля заняткаў пад кіраўніцтвам прафесійнага трэнера студэн-ты змогуць працягваць займацца самастойна, бо ўжо будуць ведаць асновы тэхнікі бегу і правільнага дыхання падчас трэніровак.

Кацярына ЗАБАРОНАК.
Фота прадастаўлены прэс-службай БДУІР.