З рога ўсяго многа

- 10:29Нам пішуць

У Геранёнскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці адбылося дабрачыннае фальклорнае свята «Кірмаш», якое было прысвечана праблеме адраджэння беларускай нацыянальнай культуры. Арганізатарамі свята сталі бацькі і класны кіраўнік І класа. У свяце актыўны ўдзел прынялі не толькі бацькі, старэйшыя сёстры і браты першакласнікаў, але і іх бабулі.

Госці прыйшлі на свята не з пустымі рукамі. Кожная сям’я атрымала магчымасць упрыгожыць свой стол у беларускім нацыянальным стылі. Свята пачалося з уступнага канцэрту, у рэпертуары якога былі беларускія народныя песні і танцы. Сваё майстэрства паказалі ўдзельнікі танцавальнай групы са старшых класаў пад кіраўніцтвам Ульяны Паўлаўны Мінюк.

Затым пачаўся сапраўдны кірмаш: продаж вырабаў, зробленых сваімі рукамі, пад акампанементы беларускіх нацыянальных мелодый. Добры настрой, поўныя пакеты печыва, станоўчы зарад на новы працоўны тыдзень, — усё гэта атрымалі госці свята. Выручаныя грашовыя сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы класнага памяшкання першакласнікаў.

З.ЖЫЛЕВІЧ,
класны кіраўнік І класа Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.