Першая канферэнцыя “Ад вытокаў да дабрыні” адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 у мінулым годзе і аб’яднала ўдзельнікаў з васьмі прафесійных навучальных устаноў Гродна і Скідзеля. У гэтым годзе вучэбна-практычная канферэнцыя стала міжнароднай. Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў з Гродзенскай і Мінскай абласцей, горада Савецка Калінінградскай вобласці, навучэнцы трох школ Кастрычніцкага раёна Гродна.
— Цікавасць да канферэнцыі мы бачым у тым, што тэма яе вельмі актуальная і важная для моладзі — быць актыўным, рабіць добрыя справы, вучыцца адказнасці за свае паводзіны і паводзіны тых, хто побач, — гаворыць дырэктар ліцэя будаўнікоў Алена Жалезняковіч. — Канферэнцыя вучэбна-практычная, бо ўдзельнікі не проста выступаюць з тэарэтычнымі даследаваннямі — усе прадстаўленыя праекты маюць сацыяльную накіраванасць і рэалізуюцца моладдзю.
Работа канферэнцыі праходзіла ў пяці секцыях: “Дарогамі дабрыні” (валанцёрскі рух), “Знайдзі сябе” (сацыялізацыя навучэнцаў, якія патрабуюць большай увагі), “Мы ў адказе за планету” (экалагічны кірунак), “Ствары сябе і свет вакол” (сацыяльна-камунікатыўная накіраванасць), “На шляху да творчасці” (творчасць навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця).
Членамі журы былі прадстаўнікі “Белай Русі”, БРСМ, Чырвонага Крыжа, Беларускага фонду міру, супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Кастрычніцкага раёна Гродна.
Навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 актыўна ажыццяўляюць шмат валанцёрскіх і экалагічных праектаў.
— Побач з ліцэем знаходзіцца дом ветэранаў. Некаторыя з іх не маюць унукаў, а ў нашым ліцэі вучацца і тыя, хто не мае дзядуляў і бабуль. Вось мы і прыдумалі праект, які можна назваць “Патранатныя ўнукі”, — расказвае навучэнец ліцэя Дзмітрый Кароўчык. — Бываем у доме ветэранаў, абсталявалі пляцоўку для адпачынку і самі зрабілі на вуліцы зручныя для старэйшых людзей сталы і лаўкі.
А для пацыентаў дзіцячага хоспіса да Новага года навучэнцы зробяць драўляныя LEGО-канструктары і цацкі, якія можна будзе расфарбоўваць.
Такая грамадская актыўнасць навучэнцаў каледжа будаўнікоў была адзначана і перамогамі ў некалькіх намінацыях. Першае месца занялі праекты “Ад чыстага сэрца”, “Арганізацыя велапарковачных стаянак” і “Творчасць у прафесіі”. Перамог праект навучэнца Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Пятра Івановіча “Спецыяльныя магчымасці праграмнага забеспячэння для людзей з абмежаванымі магчымасцямі”, які дапамагае невідушчым людзям асвоіць работу на камп’ютары. Лепшым у секцыі “Ствары сябе і свет вакол” быў прызнаны праект навучэнцаў тэхналагічнага каледжа Савецка Калінінградскай вобласці “Рухальная актыўнасць як прыярытэтны фактар здароўя чалавека”.
Намеснік дырэктара тэхналагічнага каледжа Савецка Марына Дзянісава расказала, што на канферэнцыі былі прадстаўлены тры даклады навучэнцаў і майстар-клас Марыі Агайціс. Майстар вытворчага навучання вядзе гурток “Дэкор” і ахвотна падзялілася сакрэтамі вырабу ўпрыгажэнняў з тканіны, бісеру, стужак.
— Такія кантакты паміж кіраўніцтвам навучальных устаноў, навучэнцамі вельмі карысныя, — дадае Марына Анатольеўна. — Так, разам з кіраўніцтвам гродзенскага каледжа будаўнікоў і Слуцкага дзяржаўнага каледжа мы абмеркавалі і прафесійныя пытанні. Было цікава даведацца аб сістэме прадастаўлення першага працоўнага месца, арганізацыі работы з бацькамі навучэнцаў, сацыяльным партнёрстве з заказчыкамі кадраў.
Завяршылася вучэбна-практычная канферэнцыя ўзнагароджваннем удзельнікаў. Акрамя дыпломаў, навучэнцы атрымалі на памяць аб Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1 сувеніры з яго эмблемай.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.