З улікам запытаў часу

- 8:06Навіны рэгіёнаў

Другі год у гімназіі № 2 Пінска рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры вучняў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Інавацыйная каманда складаецца з творчых педагогаў, якія актыўна выкарыстоўваюць новыя формы і метады работы, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, у тым ліку ІКТ.

Тэма медыя сёння вельмі папулярная. Школа перастала быць адной з асноўных крыніц ведаў. Сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі адыгрываюць значную ролю ў жыцці вучняў. Перад педагогамі паўстала задача арганізаваць адукацыйны працэс такім чынам, каб медыяінфармацыя стала карыснай і патрэбнай дзецям. Адно з рашэнняў гэтай праблемы — уключэнне ў план прадметных тыдняў наватарскіх, нетрадыцыйных форм правядзення мерапрыемстваў, якія ствараюць дадатковыя ўмовы для раскрыцця творчых здольнасцей гімназістаў. Акрамя таго, прадметныя тыдні дазваляюць настаўнікам паказаць прафесійны патэнцыял, творчыя набыткі і майстэрства.

Напрыканцы мінулага года ў гімназіі прайшоў тыдзень рускай мовы і літаратуры, прымеркаваны да 195-годдзя з дня нараджэння М.А.Някрасава. У рамках тыдня настаўнікі рускай мовы і літаратуры правялі творчыя конкурсы, віктарыны і гульні для вучняў 5—11 класаў. Сярод іх варта вылучыць квест-гульню з QR-кодамі, прысвечаную творчасці вядомага рускага паэта. Арганізавала спаборніцтва настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Рыгораўна Шумак, якая з’яўляецца актыўным членам інавацыйнай каманды.

Для ўдзелу ў гульні гімназістам трэба было спампаваць на свае сотавыя тэлефоны бясплатны мабільны дадатак для чытання кодаў QR-reader. Пытанні квест-гульні тычыліся жыцця і творчасці паэта і былі накіраваны на развіццё лагічнага мыслення, памяці і пазнавальных здольнасцей старшакласнікаў. Гульня ім вельмі спадабалася, бо адпавядала захапленням. Акрамя таго, у рамках прадметнага тыдня прайшла анлайн-віктарына “Я ліру прысвяціў свайму народу…”, размешчаная на гімназічным сайце.

Актыўны ўдзел вучняў у конкурсных выпрабаваннях не толькі пацвярджае зацікаўленасць дзяцей у новых формах работы, але і павышае матывацыю да вучобы, паглыбляе веды па прадмеце. Сучасныя вучні чакаюць творчых настаўнікаў. Удзел у інавацыйнай дзейнасці, укараненне ў адукацыйны працэс новых форм і метадаў работы дапамагае ўдасканаліць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў і адкрыць перад імі новыя далягляды настаўніцкай дзейнасці.

Таццяна ЛІПАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2 Пінска.