З універсітэтам не развітвайцеся!

- 11:06Вышэйшая школа

Першы з’езд выпускнікоў, які прымеркавалі да 80-годдзя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, аб’яднаў людзей, якія сталі паспяховымі кіраўнікамі, грамадскімі дзеячамі і працуюць ва ўсіх сферах і ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Тамара Іосіфаўна Карэнка скончыла факультэт матэматыкі ў 1956 годзе. Усё жыццё працавала ў школах, яе педагагічны стаж складае 37 гадоў. Тамара Іосіфаўна гаворыць, што вельмі ўдзячна тагачаснаму педагагічнаму інстытуту, а сёння, калі бывае ва ўніверсітэце, адчувае гордасць за яго развіццё.

— Тут усё роднае, — падкрэслівае ветэран.

А вось нядаўняя выпускніца педагагічнага факультэта, якая заняла 2 месца на Рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года — 2016”, Вераніка Трушкова-Кажанеўская толькі пачынае свой прафесійны шлях у Жодзішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Смаргонскага раёна. З задавальненнем адгукнулася на запрашэнне стаць удзельніцай з’езда і завітала на родны факультэт.

Асацыяцыя выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы дзейнічае з 1997 года. А вось з’езд выпускнікоў праводзіцца ўпершыню. На яго таксама запрасілі выкладчыкаў універсітэта, якія атрымалі вышэйшую адукацыю менавіта ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Спачатку ўдзельнікі з’езда пабывалі на сваіх факультэтах, сустрэліся з выкладчыкамі, успомнілі студэнцкія гады.

— Мне хочацца, каб сёння вы адчувалі сябе так, быццам прыехалі дадому. Вы — у альма-матар. Тут вы атрымалі неабходныя прафесійныя кампетэнцыі, знайшлі сяброў, а некаторыя, магчыма, і стварылі сем’і, — вітала дэлегатаў Ірына Кітурка, выпускніца гістарычнага факультэта ГрДУ. — Мы не маглі не адзначыць юбілей універсітэта разам са сваімі выпускнікамі. Гэта свята многіх пакаленняў нашых супрацоўнікаў, студэнтаў і выпускнікоў.

І.Ф.Кітурка расказала пра сённяшні ўніверсітэт, планы яго развіцця, у якіх значнае месца адводзіцца і яго выпускнікам. Дэлегаты з’езда абмеркавалі кірункі сумеснай дзейнасці, прапісаныя ў дарожнай карце развіцця Асацыяцыі выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы. Так, Святлана Кавалеўская, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, выпускніца факультэта педагогікі і псіхалогіі, сярод напрамкаў сумеснай дзейнасці адзначыла работу з таленавітай і адоранай моладдзю, удзел у арганізацыі практыка-арыентаванага навучання, рэалізацыю перспектыўных інавацыйных праектаў на базе ГрДУ імя Янкі Купалы.

Плануецца правядзенне сумесных семінараў, майстар-класаў з мэтай павышэння кваліфікацыі і прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў універсітэта з выкарыстаннем патэнцыялу выпускнікоў, стварэнне сістэмы сумеснай дзейнасці асацыяцыі і ўніверсітэта ў забеспячэнні другаснай занятасці студэнтаў і працаўладкавання выпускнікоў, распрацоўка праграмы пасляўніверсітэцкага су­праваджэння выпускнікоў у рамках рэалізацыі канцэпцыі “Адукацыя праз усё жыццё”. У музеі гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы створаць віртуальную фотагалерэю “Гісторыя ўніверсітэта ў асобах”. Прадугледжана таксама правядзенне сумесных канцэртаў, фестываляў, турыстычных злётаў.

На з’ездзе быў абраны новы старшыня Асацыяцыі выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы. Ім стаў дырэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава, выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта 1974 года, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей Маскевіч.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.