З увагай да беларускага слова

- 15:40Нам пішуць

Адным з эфектыўных відаў пазакласнай работы з’яўляецца правядзенне Тыдня беларускай мовы і літаратуры. Традыцыйна час правядзення Тыдня прымяркоўваецца да пэўнай каляндарнай даты, якая мае дачыненне да гістарычнай, літаратурнай, культурнай спадчыны Беларусі. У гэтым навучальным годзе ў нашай школе было вырашана прымеркаваць Тыдзень да Міжнароднага дня роднай мовы. Якім насычаным і рознабаковым атрымалася гэта свята роднага слова, можна прасачыць па назвах мерапрыемстваў: усеагульны дыктант “Пішу па-беларуску”; конкурсы-выставы “Я малюю Беларусь”, “Люблю Беларусь”; вернісаж міні білбордаў “Маё першае слова па-беларуску”; буккросінг “Прачытаў – перадай другому”; праект “Люблю чытаць па-беларуску” і іншыя.

Хочацца падрабязней спыніцца на падрыхтоўцы і прэзентацыі праекта “Люблю чытаць па-беларуску”, які стаў той яркай падзеяй, што захапіла і аб’яднала прыхільнікаў роднага слова нашай школы. У канцы мінулага навучальнага года перад летнімі канікуламі вучням 5-11 класаў было прапанавана прачытаць любімыя вершы беларускіх паэтаў перад камерай у дварах ці на вуліцах Віцебска, на беразе рэчкі ці возера, у лесе ці полі. Аўтара, верш, месца здымак вучні выбіралі самі. Падтрымка і дапамога ў гэтай новай і цікавай справе ішла ад бацькоў, сяброў і, канечне, настаўнікаў.
Надышоў верасень. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры з цікавасцю чакалі “першыя зярняткі” – відэаролікі, знятыя вучнямі. Крышачку расчараваліся: усяго восем работ. Але якія! Узнікла ідэя прадэманстраваць ролікі іншым вучням, каб захапіць іх гэтай задумай. Аўтары самі размясцілі кліпы на сваіх старонках у сацыяльных сетках… Як малыя ручаінкі і крынічкі, зліваючыся, утвараюць магутную і паўнаводную раку, так і відэаролікі з вершамі вучняў пачалі папаўняць скарбонку напрацовак.

Да лютага ўжо было знята больш за 30 відэазамалёвак. Тут праявіўся і дух спаборніцтва. Арыгінальнасць задумы, артыстызм, фон сюжэта, знешняе ўбранне – усё дэтальна прадумвалася. Некаторыя ролікі здымаліся сем’ямі: бацькі станавіліся і аператарамі, і складальнікамі, і ўдзельнікамі.

Што было самым нечаканым для нас, настаўнікаў, дык гэта падбор саміх вершаў і аўтараў. Вучні амаль не звярталіся за парадамі, але пры гэтым выбіралі матэрыял, зыходзячы з уласнага адчування задумы. Тэмы, якія хвалююць падлеткаў, – гэта родная прырода, прыгажосць беларускіх краявідаў у розныя поры года, прызначэнне чалавека на зямлі, узаемаадносіны з бацькамі, каханне. І ўсе вершы аб’ядноўвала бязмежная любоў да Радзімы. Гучалі несмяротныя радкі Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Анатоля Грачанікава, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Веры Вярбы і іншых паэтаў.

З агульнай колькасці прадстаўленых работ школьным журы былі абраны лепшыя відэаролікі. Падчас правядзенння Тыдня беларускай мовы і літаратуры адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў. Чатырнаццаць лепшых кліпаў былі прадэманстраваны ў актавай зале для вучняў школы і размешчаны на сайце нашай установы, на канале школы ў YouTube.

І гэта адразу прыцягнула ўвагу прыхільнікаў роднага слова. З кожнай гадзінай павялічвалася колькасць праглядаў відэаролікаў, з’яўляліся каментарыі, у якіх незнаёмыя нам людзі захапляліся ўбачаным, выказвалі словы падтрымкі вучням, падзякі настаўнікам, жадалі поспехаў і працягу ў гэтым пачынанні.

Мы з настаўнікамі зразумелі, наколькі гэтая справа цікава сучасным маладым людзям. Наколькі важна зараз, у Год культуры, прыцягнуць увагу да беларускага слова.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы №40 г.Віцебска Вольга ІВАНОВА, Юлія ЛПАВУХАВА.