З вялікім навукова-тэхнічным патэнцыялам

- 14:58Вышэйшая школа, Рознае

За 50 гадоў існавання гэтая ўстанова вышэйшай адукацыі прайшла шлях ад інжынерна-будаўнічага і політэхнічнага інстытута да тэхнічнага ўніверсітэта, падрыхтавала не адну тысячу спецыялістаў у галіне будаўніцтва, архітэктуры, машынабудавання, электронікі, эканомікі і экалогіі. Сёння Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт займае годнае месца сярод 4 УВА вобласці. Пра дасягненні і перспектывы развіцця БрДТУ расказвае яго рэктар — доктар тэхнічных навук прафесар Пётр Сцяпанавіч ПОЙТА.

— На працягу многіх гадоў ваш універсітэт карыстаецца стабільным інтарэсам у абітурыентаў. З чым гэта звязана? Што выгадна адрознівае БрДТУ ад іншых УВА вобласці?

— Думаю, інтарэс абітурыентаў абумоўлены тым, што наш універсітэт заўсёды прапаноўвае ім якасную падрыхтоўку па спецыяльнасцях, запатрабаваных на рынку працы. Сёння БрДТУ рыхтуе кадры па 29 спецыяльнасцях і 32 спецыялізацыях і напрамках першай ступені вышэйшай адукацыі і 19 спецыяльнасцях другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратура). 5 факультэтаў (будаўнічы, машынабудаўнічы, эканамічны, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм) прапаноўваюць абітурыентам шмат спецыяльнасцей рознага профілю: будаванне і архітэктура, машынабудаўніцтва, тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў і аўтасэрвіс, электронна-інфармацыйныя тэхналогіі, эканоміка і кіраванне, маркетынг, вода- і цеплазабеспячэнне, водаадвядзенне і інш.

Пералік спецыяльнасцей пастаянна пашыраецца з улікам запытаў рэальнага сектара эканомікі і перспектыў далейшага працаўладкавання выпускнікоў. Так, за апошнія 5 гадоў былі адкрыты 5 спецыяльнасцей першай ступені вышэйшай адукацыі (“Машыны і апараты харчовых вытворчасцей”, “Прыродаахоўная дзейнасць”, “Сельскае будаўніцтва і ўпарадкаванне тэрыторый”, “Лагістыка” і “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”) і 10 спецыяльнасцей другой ступені вышэйшай адукацыі (“Сусветная эканоміка”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, “Камп’ютарныя тэхналогіі праектавання электронных сістэм”, “Інфарматыка і тэхналогіі распрацоўкі праграмнага забеспячэння”, “Штучны інтэлект”, “Архітэктура будынкаў і збудаванняў”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Аўтамабільныя дарогі”, “Экспертыза і кіраванне нерухомасцю” і “Экалогія”). З гэтага года пачнецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. У перспектыве плануецца адкрыць такія запатрабаваныя спецыяльнасці, як “Геадэзія”, “Абсталяванне і тэхналогіі зварачнай вытворчасці”, “Пад’ёмна-транспартныя дарожныя машыны і абсталяванне” і “Электрычныя машыны і апараты”.

Высокі рэйтынг універсітэта вызначае навучанне замежных студэнтаў, якое практыкуецца з 2007 года. Сёння ў БрДТУ атрымліваюць веды 310 замежных грамадзян з 14 краін свету.

80% студэнтаў асвойваюць тэхнічныя спецыяльнасці, таму попыт на нашых выпускнікоў ёсць заўсёды. Праблем з працаўладкаваннем, як правіла, не ўзнікае.

— У БрДТУ вядзецца сур’ёзная навукова-даследчая работа. Якія напрамкі ўніверсітэцкай навукі з’яўляюцца прыярытэтнымі? Раскажыце пра найбольш цікавыя і перспектыўныя распрацоўкі выкладчыкаў і студэнтаў.

— Да ўніверсітэцкай навукі прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні, бо яна павінна вырашаць жыццёва важныя для развіцця эканомікі і грамадства задачы і рыхтаваць для гэтага сучасных высокакваліфікаваных спецыялістаў. У БрДТУ ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю навуковых даследаванняў і распрацоўцы інавацый, запатрабаваных рэальным сектарам эканомікі. Вядзецца работа па трансферы, прасоўванні і камерцыялізацыі навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак. У навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці актыўна ўдзельнічаюць як выкладчыкі, так і студэнты. Навуковыя даследаванні праводзяцца ў галіне будаўніцтва, машынабудавання, прыродакарыстання, інфармацыйных тэхналогій, энергетыкі, эканомікі і г.д. У рамках гэтых напрамкаў штогод выконваюцца заданні Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў, Брэсцкага абласнога інавацыйнага фонду і інавацыйнага фонду Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама праекты Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.

Ва ўніверсітэце дзейнічае больш за 10 навукова-даследчых лабараторый. Сярод іх — “Саманапружаныя канструкцыі” (навуковы кіраўнік — доктар тэхнічных навук В.У.Тур), “Сучасныя будаўнічыя канструкцыі” (навуковы кіраўнік — кандыдат тэхнічных навук М.М.Шалабыта), “Новыя нетрадыцыйныя энергетычныя ўстройствы” (навуковы кіраўнік — доктар тэхнічных навук В.С.Севяранін), “Штучныя нейронныя сеткі” (навуковы кіраўнік — доктар тэхнічных навук У.А.Галаўко), “Тэхнічны аналіз функцыянавання інжынерных сістэм” (навуковы кіраўнік — кандыдат тэхнічных навук У.Г.Навасельцаў), “Інтэлектуальныя транспартныя сістэмы” (навуковы кіраўнік — кандыдат тэхнічных навук В.М.Шуць), а таксама вучэбна-навукова-практычная лабараторыя “Інфармацыйныя тэхналогіі” (разам з ЗААТ “Эрыкполь Брэст”).

Акрамя таго, ва ўніверсітэце працуе больш за 10 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і творчых аб’яднанняў па прыярытэтных напрамках фундаментальных навуковых даследаванняў. Студэнцкае навуковае таварыства “ЭКОМ” і студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Робататэхніка” з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі.

Асабліва хочацца вылучыць СНДЛ “Робататэхніка”, якая не толькі распрацоўвае метады і алгарытмы кіравання аўтаномнымі мабільнымі робатамі, але і арганізоўвае мерапрыемствы па папулярызацыі навукова-тэхнічнай творчасці сярод моладзі. Летась лабараторыя заняла 1-е месца на чэмпіянаце WorldSkills у Беларусі і 2-е месца на аналагічным чэмпіянаце СНД. Практычнай рэалізацыяй дзейнасці лабараторыі з’яўляецца праект укаранення тэхналогіі машыннага зроку на ААТ “Савушкін прадукт”.

У мінулагоднім Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў удзельнічалі 98 работ. 73 з іх атрымалі розныя катэгорыі.

Наладжана цеснае супрацоўніцтва ўніверсітэта з прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі. Так, адной з найбольш запатрабаваных распрацовак з’яўляецца ўнікальная металічная структурная канструкцыя сістэмы “БрДТУ” з вузламі з полых шароў (распрацоўшчык — першы прарэктар кандыдат тэхнічных навук В.І.Драган). Гэтая сістэма дазваляе запраектаваць структурныя пакрыцці для любых нагрузак па трываласці вузлоў, знізіць неабходную дакладнасць вырабу элементаў структуры і спрасціць зборку вузлоў з істотным зніжэннем працаёмкасці.

Будаўнічыя канструкцыі серыйна выпускаюцца на ААТ “Брэстмаш”. Сістэма “БрДТУ” паспяхова выкарыстана пры праектаванні і будаўніцтве структурных пакрыццяў больш як 30 аб’ектаў у Беларусі і Расіі (Летні амфітэатр “Славянскі базар” у Віцебску, Палац водных відаў спорту ў Брэсце, Траццякоўская галерэя ў Маскве).

Беларускімі і замежнымі будаўнікамі запатрабаваны эфектыўныя шматпустотныя маналітныя жалезабетонныя плоскія дыскі перакрыццяў жылых і грамадскіх будынкаў, а таксама метады стварэння папярэдняга напружання ў канструкцыях з выкарыстаннем кампазітнай арматуры.

Запатрабаваны тэхналогія і абсталяванне для перапрацоўкі і другаснага прымянення дахавых бітумных адходаў. Комплекс машын і агрэгатаў прызначаны для механізаванага зняцця слаёў бітумнага даху з пакрыццяў, сухога драбнення ўтвораных дахавых бітумных адходаў і бітумаў цвёрдых марак у парашок, раздзялення парашку на фракцыі, прыгатавання гарачых і халодных асфальтавых сумесей для стацыянарных умоў эксплуатацыі і ў мабільным рэжыме.

Адным з найбольш дынамічных і перспектыўных напрамкаў даследаванняў з’яўляецца выкарыстанне нейрасеткавай прагнозна-дыягнастычнай праграмнай сістэмы для даклінічнага (даназалагічнага) распазнавання транзіторных ішэмічных атак, дыферэнцыраваных паводле падтыпаў, з мэтай прадухілення рызыкі наступных эпізодаў і іх пераходу ў мазгавы інсульт. Гэтая распрацоўка ўкаранёна ў кардыялагічным аддзяленні Брэсцкай абласной бальніцы.

— Наколькі кадравы патэнцыял універсітэта дазваляе паспяхова ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў і навукова-даследчую дзейнасць? Ці існуюць праблемы з амаладжэннем выкладчыцкіх кадраў?

— У адукацыйным працэсе задзейнічаны 20 дактароў і больш за 170 кандыдатаў навук. Вучоныя ступені і званні маюць каля 40% выкладчыкаў. Каля 46% з іх знаходзяцца ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Чвэрць выкладчыкаў — ва ўзросце больш за 60 гадоў. Гэта робіць праблему амаладжэння кадраў важнай і актуальнай.

Падрыхтоўка навукова-педагагічных работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ажыццяўляецца ў аспірантуры па 13 спецыяльнасцях на 14 універсітэцкіх кафедрах. Сёння там вучацца 49 аспірантаў. Летась былі абаронены 4 дысертацыі (за апошнія 5 гадоў — больш за 20).

Ва ўніверсітэце сфарміраваны і плённа развіваюцца навуковыя школы “Рэсурсазберагальныя канструкцыі і тэхналогіі будовы падмуркаў” (доктар тэхнічных навук П.С.Пойта), “Канструктыўныя сістэмы з папярэдне напружанага і саманапружанага жалезабетону (матэрыялы, тэхналогіі, канструкцыі, пытанні надзейнасці)” (доктар тэхнічных навук В.У.Тур), “Распрацоўка новых канструктыўных рашэнняў і метадаў разліку вялікапралётных структурных пакрыццяў для грамадзянскага і прамысловага будаўніцтва” (кандыдат тэхнічных навук В.І.Драган), “Нейраінтэлектуальныя тэхналогіі апрацоўкі інфармацыі” (доктар тэхнічных навук У.А.Галаўко), “Брэсцкая гідралагічная школа” (доктар геаграфічных навук А.А.Волчак), “Нестацыянарныя рэжымы цеплатэхнічных працэсаў (пульсуючае гарэнне) “Пульсар” (доктар тэхнічных навук В.С.Севяранін), “Ачыстка вады ад стойкіх арганічных забруджанняў” (кандыдат тэхнічных навук Б.М.Жыцянёў), “Санацыя бізнесу ў пераходны перыяд” (кандыдат эканамічных навук В.С.Ківачук) і “Навукова-метадычныя асновы кіравання вялікімі сацыяльна-эканамічнымі сістэмамі” (доктар эканамічных навук Ю.М.Паўлючук).

— Ці адпавядае матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта запытам часу?

— Матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца, бо любая тэхнічная спецыяльнасць патрабуе вялікай колькасці розных прыбораў, прылад і прыстасаванняў. А гэта прадугледжвае значныя фінансавыя затраты, у тым ліку на некаторыя новыя спецыяльнасці.
Абнаўляюцца навукова-даследчае і вучэбна-лабараторнае абсталяванне, камп’ютарныя класы і вылічальная база, мадэрнізуюцца і ствараюцца новыя лабараторыі на кафедрах. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўласныя пазабюджэтныя сродкі, сродкі з рэспубліканскага бюджэту і сродкі прадпрыемстваў, зацікаўленых у высокім узроўні падрыхтоўкі нашых выпускнікоў. Летась на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта было затрачана амаль 10 млрд рублёў, на большую частку з якіх было набыта вучэбнае і навуковае абсталяванне.

Ва ўніверсітэце дзейнічае акрэдытаваны выпрабавальны цэнтр, асноўнымі напрамкамі дзейнасці якога з’яўляюцца будаўніцтва і будаўнічыя канструкцыі, матэрыялы і вырабы, электрафізічныя вымярэнні пры выпрабаванні электраўстановак. Цэнтр аснашчаны адным з лепшых на тэрыторыі СНД абсталяваннем па выпрабаванні бетонных канструкцый і іншых будаўнічных матэрыялаў.

— У сучасным свеце ўніверсітэты не могуць развівацца ізалявана. Наколькі эфектыўным з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва
БрДТУ?

— Міжнародная дзейнасць універсітэта даволі актыўная і ажыццяўляецца ў сферы навукова-тэхнічнага і праектнага супрацоўніцтва з рознымі краінамі. Сёння БрДТУ ўзаемадзейнічае са 100 замежнымі навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі. У рамках дагавораў рэалізоўваюцца сумесныя тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні, стажыроўкі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў, праводзяцца навуковыя канферэнцыі і семінары. За апошнія 5 гадоў колькасць заключаных дамоў аб супрацоўніцтве павялічылася амаль у 3 разы.

БрДТУ з’яўляецца ўдзельнікам Навукова-адукацыйнага кансорцыума паміж УВА і НДІ Беларусі і Казахстана. Летась было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Інстытутам Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ ў галіне выкладання кітайскай мовы і распаўсюджання ведаў пра кітайскую культуру. Прадугледжваецца стварэнне сумеснага цэнтра вывучэння кітайскай мовы і культуры.

Універсітэт актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі шэрага міжнародных праектаў, якія тычацца кваліфікацыі, інавацый, кааперацыі і ключавых бізнесаў для малых і сярэдніх прадпрыемстваў у балтыйскім рэгіёне, змяншэння эўтрафікацыі Балтыйскага мора, распрацоўкі тэхналогіі для будаўніцтва экалагічна чыстых і энергаэфектыўных дамоў з кампазітнымі напаўняльнымі канструкцыямі, беларускай сеткі дарожнай бяспекі і інш.

— Раскажыце пра планы развіцця ўніверсітэта ў найбліжэйшай перспектыве.

— У планах — пашырэнне ўдзелу БрДТУ ў выкананні дзяржаўных праграм рознага ўзроўню, рэгіянальнай праграмы Брэстчыны, міжуніверсітэцкіх праграм, міжнародных навукова-тэхнічных праектаў і праграм акадэмічнай мабільнасці. Працягнецца ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы навуковых даследаванняў у адпаведнасці з прыярытэтнымі напрамкамі развіцця нацыянальнай гаспадаркі краіны і развіццё маркетынгавай, выставачнай і пазабюджэтнай дзейнасці, накіраванай на эфектыўную рэалізацыю навукова-тэхнічнага патэнцыялу ўніверсітэта.

Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.