З высокай планкай

- 11:06Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Па выніках спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ў 2015 годзе сярод структурных падраздзяленняў раённых выканаўчых камітэтаў (раёны з колькасцю насельніцтва да 25 тысяч чалавек) аддзел адукацыі, спорту і турызму Кіраўскага райвыканкама Магілёўскай вобласці прызнаны пераможцам. Пра тое, як стаць лепшым, нам расказвае выконваючая абавязкі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Кіраўскага райвыканкама Наталля Яўгенаўна ТРАЦЦЯКОВА.

— Наталля Яўгенаўна, што трэба зрабіць, каб стаць першым?

— Забяспечыць выкананне ўсіх нарматываў сацыяльных стандартаў, устаноўленых у сферы адукацыі, выканаць прагнозныя паказчыкі і заданні па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў. За гэтымі, як можа падасца, сухімі фармулёўкамі стаіць вялікая праца ўсёй педагагічнай грамадскасці раёна.

Са сродкаў раённага бюджэту ў 2015 годзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі накіравана 3 670,1 млн рублёў. Тэмп росту даходаў нашай галіны вырас да 17% і склаў 1,06% ад бюджэтнага фінансавання. Рост платных адукацыйных паслуг склаў 167,2%.

На 48,6% павялічылася колькасць педагогаў, якія прайшлі сертыфікацыю карыстальнікаў камп’ютарных тэхналогій. Цяпер у нас 68,6% карыстальнікаў. З ліку педагогаў устаноў адукацыі раёна на 3,7% павялічылася колькасць пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных вучэбных і творчых конкурсаў.

Назіраецца рост колькасці навучэнцаў, якія скончылі навучальны год на высокім і дастатковым узроўнях (з 60% у 2013 годзе да 62,4% у 2016 годзе). Выпускныя экзамены здавалі 320 навучэнцаў. 93,2% навучэнцаў 9 і 11 класаў пацвердзілі гадавыя адзнакі, астатнія — павысілі. Колькасны паказчык узнагароджаных залатымі медалямі пасля завяршэння навучання і выхавання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі павялічыўся з 4,9% ад агульнай колькасці выпускнікоў у 2015 годзе да 5,9 % у 2016 годзе.

Акрамя таго, у 2016 годзе двое навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашага раёна сталі пераможцамі заключнага этапу конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах. Нашы вучні ўзнагароджаны 3 дыпломамі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Педагогі і навучэнцы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска атрымалі 6 дыпломаў I ступені на Міжнародным творчым конкурсе для дзяцей і педагогаў “Мае таленты”, XI Міжнародным дыстанцыйным конкурсе педагагічнага майстэрства, Міжнародным конкурсе для педагогаў “Лепшая метадычная распрацоўка”.

Павялічылася колькасць вучняў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (з 61,7% да 67%). На рахунку выхаванцаў кіраўніка клуба інтэлектуальных гульняў “Эрудыт” 14 дыпломаў I, II, III ступеней у інтэлектуальных турнірах і чэмпіянатах міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўню.

Павялічылася колькасць новых форм арганізацыі работы ва ўстановах дашкольнай адукацыі (з сямі ў 2014 годзе да дваццаці ў 2015 годзе).

У 2015/2016 навучальным годзе парадавалі і спартсмены Кіраўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, якія заваявалі 5 першых камандных месцаў, 4 другія, 3 трэція — па валейболе, футболе, веласпорце, цяжкай атлетыцы. Навучэнцы Кіраўскага раёна выступалі ў складзе зборнай каманды Магілёўскай вобласці, якая стала пераможцай Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў 2016 года па зімовым мнагаборстве “Здароўе”.

— Але ж сучасныя дзеці наўрад ці будуць старацца дзеля перамогі раёна?

— У раёне выкарыстоўваецца сістэма маральнага і матэрыяльнага стымулявання таленавітых навучэнцаў. Рашэннямі раённага выканаўчага камітэта навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у розных відах дзейнасці, штогод узнагароджваюцца грашовымі прэміямі.

— Лета — пара аздараўлення. Што прапануеце сваім навучэнцам?

— У 2016 годзе ўсімі формамі аздараўлення ахоплена 65% навучэнцаў. На тэрыторыі раёна на працягу ўсяго летняга перыяду функцыянуюць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем пры ўстановах адукацыі, спартыўна-аздараўленчыя лагеры, профільныя палатачныя, лагеры працы і адпачынку.

— Наталля Яўгенаўна, лета — гэта яшчэ і падвядзенне вынікаў мінулага, і расстаноўка прыярытэтаў на будучы навучальны год. Як у вас справы з профільным навучаннем?

— Профільнае навучанне ў нас арганізавана ў трох установах агульнай сярэдняй адукацыі па прыродазнаўчанавуковым, гуманітарным напрамках. Педагогі, вучні і бацькі ідэю адраджэння такіх класаў успрынялі станоўча, бо ўзровень якасці адукацыі пры профільным навучанні значна вышэйшы. Акрамя таго, пры профільным навучанні больш эфектыўна рэалізоўваецца магчымасць індывідуальнага падыходу ў навучанні. У 2016/2017 навучальным годзе ў дзвюх установах агульнай сярэдняй адукацыі будуць адкрыты педагагічныя класы.

— Ці закранае вас праблема аптымізацыі навучальных устаноў?

— З 1 верасня 2016 года чатыры ўстановы адукацыі будуць рэарганізаваны ў два вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад — сярэдняя школа”.

— Наталля Яўгенаўна, каб трымаць марку, трэба прыкладаць шмат намаганняў. Ужо вызначыліся з прыярытэтамі на новы навучальны год?

— Будзем працягваць работу па павышэнні кваліфікацыйнага, прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў праз пацвярджэнне, атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, пашырэнне трансляцыі перадавога педагагічнага вопыту, настаўніцтва і развіццё сістэмы падрыхтоўкі рэзерву кіруючых кадраў. Працягнем работу па пашырэнні варыятыўных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі на аснове дыягностыкі запытаў законных прадстаўнікоў выхаванцаў і магчымасцей сістэмы адукацыі.

Будзем удасканальваць работу з адоранымі навучэнцамі за кошт выкарыстання магчымасцей профільнага навучання, дапрофільнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, будзем развіваць дзейнасць па павышэнні ролі саветаў устаноў і апякунскіх саветаў у кіраванні ўстановамі адукацыі, пашырэнні выкарыстання арганізацыйных форм работы з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) у кіраванні ўстановай адукацыі, у рэалізацыі выхаваўчых праграм і праектаў, арганізацыі вольнага часу, пасільнай працоўнай занятасці і прафесійнага самавызначэння падлеткаў.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.