За 5 гадоў да векавога юбілею

- 9:42Рознае, Суразмоўца

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт святкуе 95-годдзе

Юбілейная дата стала нагодай для інтэрв’ю з рэктарам БДУ акадэмікам Сяргеем Уладзіміравічам АБЛАМЕЙКАМ.

— У 1921 годзе БДУ пачынаўся з трох факультэтаў і крыху больш за тысячу студэнтаў, а сёння гэта велізарны ўніверсітэт, у якім кіпіць цікавае студэнцкае жыццё, вядуцца навуковыя даследаванні, нараджаюцца ідэі для будучых паспяховых праектаў. Скажыце, Сяргей Уладзіміравіч, якімі дасягненнямі ўніверсітэта вы асабліва ганарыцеся?

— Гісторыя БДУ вельмі багатая, і ў ёй ёсць шмат таго, чым варта ганарыцца. За 95 гадоў універсітэт выпусціў больш як 160 тысяч спецыялістаў. Тут падрыхтавана звыш 2 тысяч кандыдатаў навук, паўтысячы дактароў навук. Сёння БДУ — гэта буйны вучэбна-навукова-вытворчы комплекс, дзе ёсць свае інстытуты, прадпрыемствы і г.д. І калі ў савецкі час у нас вучылася 15 тысяч студэнтаў, то зараз ужо 30 тысяч. За апошнія 5 гадоў у нас адкрыта каля 20 новых спецыяльнасцей на першай ступені і каля 30 — у магістратуры, якія звязаны з сучаснымі перадавымі напрамкамі развіцця навукі.

У склад універсітэта ўваходзяць 6 навукова-даследчых устаноў, сярод якіх добра вядомыя сваімі выбітнымі дасягненнямі НДІ фізіка-хімічных праблем, Інстытут прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі, Інстытут ядзерных праблем і інш. Нашы вучоныя маюць важкія дасягненні ў галіне распрацоўкі і вырабу вымяральных прыбораў, новых матэрыялаў, прыкладной оптыкі, аэракасмічных тэхналогій, нанатэхналогій, хімічных тэхналогій, лекавых прэпаратаў і г.д.

Так, мы ганарымся нашымі касмічнымі распрацоўкамі. Створаныя навукоўцамі БДУ сістэмы ўстаноўлены на Міжнароднай касмічнай станцыі. Толькі адзінкі ўніверсітэтаў ва ўсім свеце могуць пахваліцца падобным. Па распрацоўках нашых біяхімікаў у краіне выпускаецца біядызельнае паліва. У нас ёсць распрацоўкі сусветнага ўзроўню па фізіцы, створаныя сумесна з даследчыкамі Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (Дубна, Расія) і Еўрапейскага цэнтра ядзерных даследаванняў (ЦЕРН), у тым ліку на Вялікім адронным калайдары. І такіх дасягненняў сусветнага ўзроўню налічваюцца дзясяткі.

У 2015 годзе ў эканоміцы краіны выкарыстоўвалася 138 новых відаў прадукцыі і тэхналогій, распрацаваных у БДУ. Экспарт прадукцыі і паслуг навуковых падраздзяленняў універсітэта ажыццяўляўся ў 36 краін свету і склаў 2,1 млн долараў ЗША.

Такім чынам, універсітэт шматвектарна развіваецца. Сёння ён цалкам інтэграваны ў міжнародную навукова-адукацыйную прастору. У нас дзейнічае звыш 450 пагадненняў аб супрацоўніцтве з навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі 60 краін. Развіваюцца акадэмічныя абмены, праводзяцца сумесныя навуковыя даследаванні, рэалізоўваюцца сумесныя праекты.

— Доўгі час БДУ быў адзіным у Беларусі ўніверсітэтам. І хоць сёння ў нас ужо шмат універсітэтаў, выбар у абітурыентаў вялізны і конкурсы не такія высокія, як раней, аднак да БДУ па-ранейшаму асаблівае стаўленне. Можа, сказваецца імкненне многіх пакаленняў, але і сёння для большай часткі моладзі БДУ — універсітэт-мара. Якія ўніверсітэцкія традыцыі, якія каштоўнасці, якія перспектывы цягнуць сюды маладых людзей з усёй краіны?

— Так, калі маладыя людзі хочуць атрымаць класічную адукацыю, то глядзяць найперш на Белдзяржуніверсітэт. Нашы спецыяльнасці карыстаюцца попытам, і прахадныя балы на большасць спецыяльнасцей вельмі высокія, конкурс ёсць не толькі на бюджэтную, але і на платную форму навучання. А ўсё таму, што мы падтрымліваем высокі ўзровень універсітэцкага дыплома. Нашы выпускнікі заўсёды знаходзяць работу і ў большасці дасягаюць кар’ерных поспехаў. Многія вышэйшыя службовыя асобы ў нашай краіне, юрысты, якія ўзначальваюць органы правасуддзя, прафесіяналы ў іншых сферах — гэта выпускнікі БДУ. Моладзь бачыць гэта і выбірае Белдзяржуніверсітэт.

Крыху гісторыі

Рашэнне аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта было прынята савецкай уладай яшчэ ў лютым 1919 года, аднак арганізацыйныя работы зацягнуліся ў сувязі з часовай акупацыяй Мінска польскімі войскамі. Афіцыйнае адкрыццё БДУ адбылося 30 кастрычніка 1921 года. Першым рэктарам БДУ стаў выбітны гісторык-славіст Уладзімір Іванавіч Пічэта.

Прафесарска-выкладчыцкі склад БДУ быў сфарміраваны пераважна кадрамі Маскоўскага, Казанскага і Кіеўскага ўніверсітэтаў. 1 лістапада 1921 года на трох факультэтах — рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук — прыступілі да заняткаў 1390 студэнтаў. У 1930 годзе было завершана будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка.

У маі 1931 года прынята пастанова аб стварэнні на базе БДУ пяці самастойных інстытутаў — эканамічнага, медыцынскага і іншых, а за 10 гадоў існавання ўніверсітэт стаў базай для стварэння 12 устаноў вышэйшай адукацыі і шэрага НДІ. БДУ спрычыніўся да стварэння Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), на базе якога зарадзілася Нацыянальная акадэмія навук. У сценах БДУ пачынала сваю работу і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

З пачатку 30-х гадоў для ўніверсітэта, як і для ўсёй краіны, пачаўся складаны перыяд. БДУ вымушана пакінулі многія выбітныя прафесары, дацэнты і выкладчыкі. Некаторыя былі арыштаваны, у тым ліку і першы рэктар У.І.Пічэта.

Нягледзячы на цяжкасці гэтага гістарычнага перыяду, у 30-я гады ў БДУ канчаткова склалася структура факультэтаў. Тут функцыянуюць біялагічны, хімічны, фізіка-матэматычны, гістарычны, геаграфічны, філалагічны факультэты. Акрамя таго, працуюць розныя вучэбна-дапаможныя падраздзяленні: музеі, біястанцыі, лабараторыі, фундаментальная бібліятэка, аранжарэя і інш.

21 чэрвеня 1941 года ў БДУ адкрылася навуковая сесія, прысвечаная 20-годдзю ўніверсітэта, была разгорнута святочная выстава. А на наступны дзень пачалася вайна. Больш за 450 выкладчыкаў і студэнтаў БДУ пайшлі на фронт і ў народнае апалчэнне, сталі партызанамі і падпольшчыкамі. Універсітэт быў закрыты, а яго асноўныя фонды эвакуіраваны. Заняткі былі адноўлены толькі ў кастрычніку 1943 года на станцыі Сходня (недалёка ад Масквы). Вучобу працягнулі 300 чалавек.

Першая група студэнтаў БДУ вярнулася ў Мінск у ліпені 1944 года, а ўжо восенню пачаліся рэгулярныя заняткі. У 1945/1946 навучальным годзе ва ўніверсітэце вучылася 895 студэнтаў, сярод іх — 121 франтавік, 76 з’яўляліся ўдзельнікамі партызанскага руху. Праз год у ліку студэнтаў было ўжо звыш 300 былых франтавікоў і партызан.

Да 1950 года вучэбна-навуковая і вытворчая база ўніверсітэта вярнулася на даваенны ўзровень. У 1957 годзе на 7 факультэтах БДУ налічвалася 43 кафедры. Тады ж рэктарам універсітэта стаў выдатны вучоны-фізік Антон Нічыпаравіч Сеўчанка, з імем якога звязана цэлая эпоха грандыёзных ператварэнняў у гісторыі БДУ.

У наступныя гады ва ўніверсітэце актыўна ўзнікаюць новыя кафедры, факультэты, інстытуты, цэнтры. У 1971 годзе адкрыўся НДІ прыкладных фізічных праблем, у 1978 годзе — НДІ фізіка-хімічных праблем, у 1986 годзе — НДІ ядзерных праблем, у 1993 годзе — Навукова-даследчы цэнтр фізікі часціц і высокіх энергій.

Сёння БДУ — магутны вучэбна-навукова-вытворчы комплекс, у складзе якога 26 факультэтаў і ўстаноў адукацыі, 10 навукова-даследчых інстытутаў і цэнтраў, 41 навукова-даследчая лабараторыя, 9 інавацыйна-вытворчых прадпрыемстваў.

— БДУ заўсёды славіўся тым, што даваў фундаментальныя веды, цесна інтэграваныя з навукай. Наколькі сёння запатрабавана такая глыбокая адукацыя, або эканоміка патрабуе больш практычнай падрыхтоўкі выпускнікоў? Як у вас атрымліваецца сумяшчаць гэта?

— Сапраўды, многія ўніверсітэты свету прыйшлі да таго, што вядуць не глыбокую фундаментальную падрыхтоўку, а ідуць шырокім фронтам: даюць студэнтам шмат ведаў, але ўсяго патроху. Калі я вучыўся на механіка-матэматычным факультэце, нам давалі столькі матэматыкі — зараз і блізка няма такога. Сёння студэнты атрымліваюць шырокую падрыхтоўку, а калі трэба штосьці ведаць глыбока, то, калі ласка, вывучай і дасягай неабходнага ўзроўню ў магістратуры.

Безумоўна, не так проста спалучыць фундаментальнасць з шырынёй светапогляду, але, мяркуючы па ацэнках работадаўцаў і знешніх экспертаў, нам гэта ўдаецца. І хоць па многіх спецыяльнасцях мы перайшлі на чатырохгадовы тэрмін навучання на першай ступені, усё ж пастараліся захаваць праграмы па-максімуме. Сёння нашых матэматыкаў, фізікаў, хімікаў, біёлагаў гатовы прыняць у любую аспірантуру свету. Дзе б я ні быў, чую, што нашы выпускнікі самыя лепшыя.

— Універсітэт ведаюць у свеце, і пацвярджэнне гэтага — высокія месцы ў розных міжнародных адукацыйных рэйтынгах. Скажыце, Сяр гей Уладзіміравіч, як шмат замежнікаў прыязджае ў БДУ на вучобу, стажыроўкі, для правядзення навуковых даследаванняў і абароны дысертацый? Як часта студэнты, выкладчыкі і навукоўцы БДУ выязджаюць у замежныя ўніверсітэты з адпаведнымі мэтамі?

— У рэйтынгах мы расцём, і колькасць замежнікаў расце. І калі яшчэ 8 гадоў назад іх было менш за тысячу, то зараз у нас вучыцца 2,5 тысячы студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў з 50 краін свету. Вельмі вялікая кітайская і туркменская дыяспары — амаль 700 чалавек з кожнай краіны, звыш 400 нашых студэнтаў — грамадзяне Расіі. У сусветнай практыцы працэнт замежнікаў падлічваецца звычайна ад колькасці студэнтаў дзённай формы навучання, і добрым паказчыкам лічыцца 10%. У нас замежнікаў — 12%. Пакуль што навучанне адбываецца пераважна на рускай мове, але ў магістратуры ўжо ёсць англамоўныя праграмы. І мы будзем пашыраць выкладанне ва ўніверсітэце на англійскай мове.

Што да акадэмічнай мабільнасці, то кожны год за мяжу па розных праграмах выязджае каля тысячы беларускіх студэнтаў і магістрантаў. Гэтаму спрыяюць шматлікія двухбаковыя пагадненні БДУ з замежнымі навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі, а таксама ўдзел універсітэта ў міжнародных праграмах і праектах.

БДУ ў сусветных рэйтынгах

У рэйтынгу брытанскага агенцтва QS (The QS World University Rankings) у 2016 годзе БДУ займае 354-ю пазіцыю. Гэтае ж агенцтва прадаставіла ўніверсітэту права выкарыстання сваёй эмблемы на ўніверсітэцкім сайце і ў друкаваных матэрыялах для абазначэння высокай міжнароднай рэпутацыі.

У самым масавым міжнародным рэйтынгу Webometrics (Іспанія) у жніўні 2016 года БДУ знаходзіўся на 634-й пазіцыі, а сярод універсітэтаў краін СНД — на 3-й. Па даных гэтага ж рэйтынга, Электронная бібліятэка БДУ займае 114-ю пазіцыю з амаль 2300 рэпазіторыяў і з’яўляецца лідарам сярод электронных бібліятэк універсітэтаў краін СНД.

У рэйтынгу ўніверсітэтаў краін СНД, Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі, праведзеным расійскім агенцтвам Інтэрфакс у 2013 годзе, БДУ заняў другі радок. Іншае расійскае рэйтынгавае агенцтва Эксперт РА ў 2014 годзе прысвоіла БДУ рэйтынгавы клас В (вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў).

У студзені 2016 года саветам універсітэта прынята Праграма развіцця БДУ на 2016—2020 гады, стратэгічнай мэтай рэалізацыі якой з’яўляецца ўваходжанне БДУ ў лік вядучых еўрапейскіх універсітэтаў.

— Універсітэт — гэта адукацыя, навука, традыцыі і, вядома ж, людзі. Раскажыце, калі ласка, пра вашу ўніверсітэцкую суполку.

— БДУ — гэта вялікая дружная сям’я. У нас 30 тысяч студэнтаў, і яны не проста вучацца, а жывуць ва ўніверсітэце: у нас мноства спартыўных секцый, творчых калектываў, інтэлектуальных суполак і г.д. Кожны можа знайсці сабе і аднадумцаў, і справу па душы.

Я студэнтам гавару: “Вы скончыце ўніверсітэт, але ён не адпусціць вас. Падтрымлівайце добрыя адносіны і зараз, і пасля таго, як раз’едзецеся па ўсёй краіне. Гэта дапаможа вам у жыцці”. Напрыклад, я скончыў БДУ ў 1978 годзе, але кожныя 5 гадоў мы сустракаемся нашым курсам, ідзём на свой механіка-матэматычны факультэт, дзелімся навінамі. Амаль 40 гадоў мы сябруем і падтрымліваем адно аднаго.

У БДУ практычна няма цякучасці кадраў, бо людзі прырастаюць да ўніверсітэта і ўмеюць паважаць адно аднаго. Тут працуе вельмі многа выбітных вучоных, якія стварылі не проста навуковыя школы, а цэлыя галіны ў нашай краіне. Напрыклад, нашы юрысты закладвалі асновы айчыннага заканадаўства ў савецкі час, і тым больш — у суверэннай Беларусі. Айчынная журналістыка таксама стваралася ў БДУ. А сёння тут зараджаюцца новыя сучасныя напрамкі ў навуцы і тэхніцы.

Нездарма ў нас ніколі няма праблем з наборам у аспірантуру. Моладзь бачыць, якія асобы працуюць ва ўніверсітэце, і імкнецца да навукі. Мне прыемна, што БДУ знаходзіцца ў лідарах па колькасці абароненых дысертацый. Так, калі ў краіне абараняецца 45—50 доктарскіх дысертацый у год, то 5—7 з іх — нашы. Што да кандыдацкіх дысертацый, то з 500 абарон у год 50—60 належаць вучоным БДУ.

БДУ — эканоміцы ведаў

З 2011 па 2016 год у БДУ адкрыта каля 20 новых спецыяльнасцей на першай ступені і каля 30 — у магістратуры, а таксама 5 спецыяльнасцей перападрыхтоўкі.

Сярод новых спецыяльнасцей трэба адзначыць наступныя: “Мікрабіялогія”, “Біяхімія”, “Геаінфармацыйныя сістэмы”, “Фундаментальная хімія”, “Хімія лекавых злучэнняў”, “Фізіка нанаматэрыялаў і нанатэхналогій”, “Камп’ютарная фізіка”, “Ядзерная фізіка і тэхналогіі”, “Гідраметэаралогія” і інш. Усе яны звязаны з сучаснымі перадавымі напрамкамі развіцця навукі. Роля ўніверсітэта ў падрыхтоўцы спецыялістаў біялагічнага профілю асабліва ўзрастае ў сувязі з рэалізацыяй праекта Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка ў галіне фармацэўтыкі, нана- і біятэхналогій “БелБіяград”, які закліканы забяспечыць высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці нанабіяфармацэўтычнай прадукцыі, вырабленай у нашай краіне, на знешнім і ўнутраным рынку.

Навучанне па новых IT-спецыяльнасцях забяспечыць падрыхтоўку спецыялістаў у галіне праектавання і распрацоўкі праграмнага забеспячэння, апаратна-праграмных сродкаў апрацоўкі і перадачы мультымедыйнай інфармацыі, глабальных навігацыйных і тэлекамунікацыйных сістэм, бартавых і наземных інфармацыйных комплексаў.

Сярод спецыяльнасцей магістратуры трэба адзначыць такія, як “Усходазнаўства”, “Гідралогія сушы, водныя рэсурсы, гідрахімія”, “Метэаралогія, кліматалогія, аграметэаралогія”, “Алгарытмы і сістэмы апрацоўкі вялікіх аб’ёмаў інфармацыі”, “Упраўленне ў рэальным сектары эканомікі” (на англійскай мове), “Забеспячэнне ўстойлівага развіцця біясферных рэзерватаў”, “Прыкладны камп’ютарны аналіз даных”, “Прававое забеспячэнне альтэрнатыўных спосабаў урэгулявання канфліктаў і спрэчак”, “Культурная спадчына і турызм”, “Прававое забеспячэнне публічнай улады”, “Прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці” і інш.

— Не за гарамі 100-годдзе ўніверсітэта. Сяргей Уладзіміравіч, чаго б хацелася дасягнуць за будучыя 5 гадоў, што папярэднічаюць такому слыннаму юбілею?

— Калі глабальна, то мы хацелі б, каб Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт быў лепшым у свеце. Пакуль што БДУ — лепшы ў Беларусі, і гэта не толькі мая, а найперш незалежная ацэнка, дадзеная знешнімі экспертамі. Рэйтынгавыя агенцтвы, якія ранжыруюць універсітэты, аналізуюць мноства паказчыкаў, і БДУ лідзіруе сярод беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі з вялікім адрывам.

Аднак мы рухаемся наперад, і наша, як мы лічым, дасягальная задача — увайсці ў топ-300 (1% лепшых універсітэтаў свету). Калі 6 гадоў назад мы ўпершыню паставілі сабе такую мэту, то БДУ знаходзіўся прыкладна на 2000-м месцы. Гэта здавалася фантастычнай марай. Але, паводле апошняга брытанскага рэйтынга, БДУ знаходзіцца ўжо на 354-м месцы, а гэта значыць, што мы істотна наблізіліся да пастаўленай мэты. Лічу, што трэба не баяцца ставіць вялікія задачы, працаваць — і ўсё атрымаецца!

дарэчы

25 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: гісторыя і сучаснасць”, прымеркаваная да 95-гадовага юбілею БДУ.

На выставе прадстаўлена каля 300 экспанатаў, якія дэманструюць старонкі гісторыі БДУ двух перыядаў: 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя і сучаснасць. Аснову экспазіцыі складаюць прадметы фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, музеяў БДУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, аддзела рэдкай і каштоўнай кнігі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

У першым раздзеле выставы прапанаваны матэрыял, звязаны з гісторыяй станаўлення ўніверсітэта і фарміраваннем на яго базе ў 30-я гады новых інстытутаў. У прыватнасці, тут можна азнаёміцца з першымі сапраўднымі навуковымі выданнямі Белдзяржуніверсітэта, сярод якіх часопіс “Веснік БДУ”, навуковыя нататкі, падручнікі, а таксама ўбачыць дыпломы першых выпускнікоў БДУ і інш. У гэтым жа раздзеле прадстаўлены асабістыя рэчы выбітных вучоных, прафесійная дзейнасць якіх цесна звязана з універсітэтам: ручка, чарніліца, фотаальбом першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты; пасведчанне і нататнік народнага камісара асветы першага дырэктара Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Усевалада Ігнатоўскага і інш.

Сучасны перыяд Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адлюстраваны праз навукова-тэхнічную прадукцыю і распрацоўкі вучоных. Навуковыя дасягненні БДУ прадстаўлены ў галінах біятэхналогій, касмічных тэхналогій, медыцыны, фізікі, хіміі, прыборабудавання, энергазберажэння, аховы навакольнага асяроддзя і г.д.

Выстава будзе працаваць да 3 лістапада ўключна.

— Дзякуй, Сяргей Уладзіміравіч, за інтэрв’ю! Шчыра жадаю Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, які з’яўляецца і маёй альма-матар, дасягнуць пастаўленай мэты. Спадзяюся, што праз 5 гадоў мы гэта абмяркуем.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.