За бяспеку разам

- 15:05Нам пішуць

У рамках рэспубліканскай акцыі “За бяспеку разам” у Любчанскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна прайшлі мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне пажараў і вывучэнне правіл паводзін пры іх узнікненні.

Выхавальнікі ўстановы аформілі стэнды нагляднай агітацыі і куткі па пажарнай бяспецы, арганізавалі творчыя выставы сумесных з бацькамі работ “Пажарная бяспека”, “Бяспека дзяцей — наша агульная справа”, правялі для бацькоў кансультацыі і г.д. Выхаванцы старшай групы стварылі макет бяспечнага дома, які вучыць дзяцей правілам эксплуатацыі жылых памяшканняў.

Пад дэвізам “Дарослыя! Беражыце сваіх дзяцей!” прайшла акцыя ў пасёлку, дзе выхаванцы цэнтра раздавалі мясцовым жыхарам маляўнічыя лістоўкі з напамінам пра патрабаванні пажарнай бяспекі пры выкарыстанні пячнога ацяплення.

Запамінальным мерапрыемствам месячніка па пажарнай бяспецы стала квест-гульня “За бяспеку разам!”, у якой прынялі ўдзел дзеці разам са сваімі бацькамі. Рухаючыся па вызначаным маршруце, яны выконвалі заданні, якія дапамагалі сістэматызаваць веды дзяцей аб прычынах узнікнення пажараў і вучылі правілам паводзін у выпадку пажару. На станцыі “Вогненая віктарына” дзецям задавалі пытанні па пажарнай бяспецы. Разам з медыцынскім работнікам на станцыі “Хуткая дапамога” дашкаляты вывучалі правілы аказання першай дапамогі пры апёках. На станцыі “Тушым пажар” трэніраваліся ў тушэнні імправізаванага пажару. Падчас гульні сем’ям прыйшлося эвакуіравацца з “палаючага” памяшкання, абараняючы вочы і органы дыхання. Выхавальнікі таксама праверылі веданне дзецьмі нумара тэлефона пажарнай службы, уменне правільна паведаміць неабходныя даныя аб узгаранні.

Наталля НІЧЫПАРОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.