За камбайнам — фізрук

- 9:41Прафесіяналы, Суразмоўца

Праводзіць частку водпуску за рулём камбайна для настаўніка фізічнай культуры і здароўя Семукацкага вучэбна­педагагічнага комплексу Магілёўскага раёна Івана Стрыкунова ўжо стала своеасаблівай традыцыяй.

Жнівеньскае сонца радуе цеплынёй. Умовы надвор’я спрыяльныя, таму збожжа­ўборачная тэхніка ААТ “Цішоўка” з самай раніцы ў полі. Ідзе ўборка трыцікале. У сярэдзіне дня палова плошчаў ужо абмалочана. Тэхніка выстраілася ў рад. У камбайнераў і вадзіцеляў — непрацяглы абед. Тут і знаходжу Івана Стрыкунова.

Іван Анатольевіч на ўборачнай чалавек не новы. Упершыню ўдзельнічаў ва ўборцы збожжавых каля 15 гадоў назад.

— Пачынаў як памочнік камбайнера, якім быў мой бацька. А пасля прайшоў навучанне і сам стаў убіраць хлеб. Гэтае лета для мяне — ужо 10-ы сезон за штурвалам камбайна, — гаворыць Іван Стрыкуноў.

Трапеза ў полі праходзіць аператыўна. Хоць на прыём ежы і адведзена гадзіна, усе імкнуцца ўправіцца хутчэй. У такую гарачую пару кожная мінута ў літаральным сэнсе на рахунку. Камбайнеры накіроўваюцца да машын. Іван Анатольевіч спрытна ўзбіраецца па лесвіцы ў кабіну і просіць пачакаць. Бункер яго GS-12 запоўнены зернем. Секунды — і ўшчыльную да камбайна пад’язджае грузавік. Залатым вадаспадам у кузаў сыплецца збожжа.

За бягучую ўборачную Іван Стрыкуноў ужо намалаціў звыш 500 тон зерня. У сярэднім на ўборцы яго намалоты выходзяць у два разы большымі, не раз бываў педагог і ў перадавіках. І гэта нядзіўна, бо, ­ледзь спустошыўшы бункер, Іван Анатольевіч накіроўвае камбайн да іншых палеткаў.

Паводле яго слоў, праца камбайнера не з лёгкіх: увесь светлавы дзень на нагах. Хлебны колас чакаць не будзе, таму і працуюць ад світання да змяркання.

— Ужо ў 6 гадзін раніцы я звычайна на мехдвары. Пакуль палі прасыхаюць ад расы, рыхтую камбайн да выезду. Рэгулюю агрэгаты, чышчу вузлы ад пылу і раслінных астаткаў. Гэта вельмі важная справа: неабчышчаная жняярка і іншыя механізмы могуць прывесці да збою ў рабоце камбайна ў самы адказны момант, ды і пацерпіць якасць абмалоту, — адзначае Іван Стрыкуноў.

На якасць уплывае і правільная тэхналагічная настройка камбайна. У кабіне ёсць не толькі панэль кіравання, але і свой бартавы камп’ютар.

— Тут задаю від збожжавай культуры, шырыню жняяркі і іншыя неабходныя параметры. Цяжэй за ўсё жаць “палегліцу”, але такіх палёў сёлета мала. Наогул, ураджайнасць добрая, таму і шчыруем з усіх сіл, стараемся ўбраць збожжа без страт,— падкрэслівае Іван Анатольевіч.

За гутаркай непрыметна пад’язджаем да не ўбранага яшчэ ўчастка поля. Вецер ціха калыша залатыя каласы трыцікале і сінія васількі, што растуць паўсюль. Павольна плывуць па ярка-блакітным небе белыя аблокі. Палюбаваўшыся прыгажосцю, цікаўлюся ў Івана Стрыкунова: чаму пры такой цязе да працы на зямлі ў якасці прафесіі ён выбраў усё ж педагогіку?

— З працай у сельскай гаспадарцы знаёмы не па чутках з дзяцінства. Бацька і зараз працуе на нашым прадпрыемстве, а я заўсёды яму дапамагаў. Але я заўсёды моцна любіў і спорт. А калі паспрабаваў працаваць з дзецьмі ў школе, зразумеў: гэта сапраўды маё, тое, да чаго ляжыць душа. Таму лета традыцыйна праводжу на ўборачнай, а напрыканцы жніўня вяртаюся ў наш вучэбна-педагагічны комплекс, каб падрыхтавацца да сустрэчы са сваімі навучэнцамі, — расказвае Іван Анатольевіч.

Развітаўшыся, педагог-камбайнер зноў садзіцца за руль. Час не чакае — наперадзе ў яго шмат працы. Новыя намалоты папаўняюць агульны хлебны запас, што вось так, па кроплі, умацоўвае харчовую бяспеку краіны.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.