Вольга ДУБОЎСКАЯ
“Навучанне — гэта не спаборніцтвы”, — напісала нядаўна дачцэ, даводзячы да яе, што каштоўнасць адукацыі — у развіцці і асобасным росце, а не ў пахвале выкладчыка.
Напісала, а пасля падумала: ці ўсё ж спаборніцтвы? Пагоня за ведамі пачынаецца ў школе. І гэтыя самыя спаборніцтвы стартуюць ужо ў першым класе. Спачатку дзецям за правільныя адказы ставяць смайлікі, птушачкі, якія старанна падлічваюцца, а затым кантроль ведаў фіксуецца ў дзённіках і класных журналах. Пачынаецца сапраўдная бітва за адзнакі, у якой не хочуць прайграваць ні вучні з бацькамі, ні настаўнікі.
І тут ужо хочацца спытаць найперш у бацькоў: у школу сваіх дзяцей адпраўляеце за ведамі або за адзнакамі? Пераканана, што адказ будзе прыкладна такі: “Канечне за ведамі!” А пасля чую развагі: “Ой, у нас па матэматыцы — 9. Мала. Трэба 10. Трэба схадзіць да настаўніка і даведацца, што трэба зрабіць, каб была дзясятка” або: “Мой зусім дрэнна вучыцца. Адны сямёркі-васьмёркі”. Атрымліваецца, што за парты дзеці садзяцца, каб атрымаць адзнакі.
Безумоўна, добрую адзнаку за “прыгожыя вочы” не паставяць. На тую ж дзявятку трэба ох як папрацаваць! Ды і на васьмёрку таксама. Але. Здараецца так, што дзіця вучыцца-вучыцца, атрымлівае высокія балы, прывыкае да сваіх дзявятак-дзясятак і настаўнікі меншага ад яго не чакаюць. А потым раз — і на высокую адзнаку яго адказ не цягне. Бывае. Тут клас замірае: што ж паставіць гэтаму выдатніку педагог? А педагог, як правіла, каб не псаваць статыстыку, ставіць высокі бал. Што адчуваюць аднакласнікі? Правільна — несправядлівасць, асабліва калі некаторыя падрыхтаваліся лепш, а атрымалі менш. Настаўнік жа тлумачыць, што высокая адзнака заслужаная, а сёння проста зоркі не сышліся. Ну, бывае.
Сапраўды, бывае. Мы ж не робаты, каб штодзень усё выконваць без збояў. Мне падаецца, што не многія дзеці здольны пастаянна вучыцца на высокія балы. Сустракаюцца, канечне, унікумы, але гэта адзінкі. Успамінаецца адзін хлопец, які быў не проста здольным вучнем, а геніяльным. Мы пазнаёміліся пасля яго трыумфальнай перамогі на Рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі, вынікі якой дазволілі яму быць залічаным у Ліцэй БДУ. Затым ён лёгка перамагаў не толькі на рэспубліцы, але і на міжнародцы. Як так? Для яго ўсё было проста, бо юнак меў выключную памяць. Мог узгадаць любы тэкст слова ў слова, ды яшчэ і з усімі знакамі прыпынку. І адзнакі для яго не мелі ніякага значэння, бо ён разумеў, што ведае шмат і чаго можа дасягнуць са сваім багажом ведаў.
Як зрабіць так, каб усе школьнікі зыходзілі не з адзнак, а з усведамлення каштоўнасці ведаў? Каб матывацыя да навучання будавалася не на балах, а на персанальным развіцці кожнага вучня? Адказ просты і складаны адначасова. Просты, бо дзіця павінна вучыцца, развівацца і атрымліваць адзнакі адносна сваіх магчымасцей. Мы ад прыроды ўсе розныя: нехта кеміць хутка, а некаму патрэбен час, хтосьці запамінае адразу, а іншаму зноў-такі патрэбен час. А складаны, бо можа здарыцца так (і здараецца), што веды абсалютна розных вучняў могуць ацэньвацца, напрыклад, у аднолькавыя васьмёркі.
Нягледзячы на сваю рознасць, кожны з іх засвоіў нешта новае і пашырыў свой кругагляд. Але паміж сабой яны не спаборнічаюць, бо з самага пачатку знаходзяцца ў “розных вагавых катэгорыях”. Прыклад: настаўніца задала вывучыць табліцу множання. Заўсёды ёсць тыя, каму яна запамінаецца адразу, бо яны бачаць прагавораныя педагогам аналогіі. А ёсць і такія, каму трэба прыкласці больш намаганняў, чым аднакласнікам. Умоўна, Пеця вывучыў за дзень і атрымаў дзясятку, а Маша патраціла два або тры дні і таксама атрымала дзясятку. Чаму? Кожны справіўся з пастаўленай задачай.
Думаецца, што трэба пашыраць такую практыку.
І тады нашы дзеці ў школу будуць хадзіць з куды большым задавальненнем, бо кожны з іх будзе ўсведамляць сваю вучнёўскую значнасць.