Забараніць нельга пасябраваць

- 11:18Медыяадукацыя

Пераасэнсаванне ролі сістэмы адукацыі, школы, педагога ў сучаснай інфармацыйнай прасторы дазволіць грамадству вярнуць прыярытэтныя пазіцыі ў сферы выхавання і адукацыі падрастаючага пакалення і стварыць бяспечнае для грамадства інфармацыйнае асяроддзе.

Камп’ютарныя тэхналогіі змянілі наша жыццё карэнным чынам. Сёння мы не можам абысціся без лічбавага тэлебачання, навігатара, планшэта, камп’ютара і інтэрнэту. 25 гадоў назад мы і падумаць не маглі, што акрамя кніг, радыё, газет, праграмы “Час” на цэнтральным тэлеканале могуць з’явіцца дадатковыя крыніцы інфармацыі, якія заваююць увесь свет і будуць не толькі інфармаваць нас, але і выхоўваць, кіраваць нашай свядомасцю, маніпуляваць намі. У той час школа з’яўлялася цэнтрам культуры і навукі. Кожны ўрок для нас быў адкрыццём новага і нязведанага. Навучальныя фільмы, наглядныя дапаможнікі, доследы і эксперыменты дапамагалі нам асвоіць вучэбны матэрыял, зразумець яго. Настаўнік быў носьбітам інфармацыі, якая была нам неабходна для таго, каб задаволіць сваю дапытлівасць, атрымаць уяўленне аб навакольным свеце, грамадстве, асвоіць вучэбныя дысцыпліны, вызначыцца з будучай прафесіяй і стаць паўнапраўнымі членамі грамадства. Тады ніхто не мог сказаць, што галоўная пазіцыя настаўніка ў школе ХХІ стагоддзя зменіцца, уступіўшы інфармацыйную манаполію сучасным медыясродкам.
Сучасныя вучні і студэнты ўжо не такія наіўныя, каб раскрыўшы рот слухаць аповед настаўніка пра вялікія адкрыцці, замежныя краіны, пра палёты ў космас і падарожжы на Паўночны полюс. Сучаснаму педагогу складана здзівіць моладзь цікавым аповедам, бо цяпер гэтая інфармацыя даступная для ўсіх і ў любым фармаце.
З развіццём камп’ютарных тэхналогій атрымаць інфармацыю вельмі лёгка. Яна стала настолькі даступнай, што, нават не пытаючыся нашай згоды, сама льецца з кожнага тэлевізара, радыё або высвечваецца на экране камп’ютара. Але яна не проста льецца патокам, а ненадакучліва вучыць і выхоўвае нас, пакідаючы далёка ззаду бацькоў і настаўнікаў са сваімі патрабаваннямі, муштраваннем, маралізатарствам. У сітуацыі, якая склалася, здзіўляе і насцярожвае тое, што мы, дарослыя, пад уплывам яркіх малюнкаў, ёмістых фраз, захапляльных гісторый дазволілі інфармацыі маніпуляваць нашай свядомасцю і, падпісаўшыся пад уласным бяссіллем, самі ж далі ёй (інфармацыі) магчымасць выхоўваць і вучыць сваіх дзяцей. Задумайцеся і пагадзіцеся, што менавіта інфармацыя прымушае нас глядзець не тое, што б мы хацелі, і слухаць тое, што трэба ёй. Менавіта яна стварае ўяўленне пра тыя аб’екты і з’явы, якія патрэбны ёй: вызначае рацыён нашага харчавання, магчымасці лячэння і нават распараджаецца нашым сямейным бюджэтам, паведамляючы нам пра выгадныя акцыі і скідкі. Ненадакучліва яна прымушае нас думаць і дзейнічаць так, як хочацца ёй. А мы? А мы, здаецца, расслабіліся і атрымліваем асалоду ад шматінфармацыйнасці, забываючы пры гэтым думаць, аналізаваць, прымаць уласныя рашэнні і выбудоўваць сваё жыццё па ўласным сцэнарыі. Такое становішча адсоўвае актуальнасць дзеючай сістэмы адукацыі на другі план. Так, сістэма адукацыі ёсць, яна працуе, але пакуль яна працуе супраць сябе, дазваляючы выхоўваць і вучыць дзяцей “паралельнай школе” — некантралюемай, бязмежна даступнай інфармацыі.
Становішча, якое склалася ў сучаснай адукацыйнай сістэме, можна вырашыць двума шляхамі: забараніць (абмежаваць) выкарыстанне медыя ці пасябраваць з медыя, выкарыстоўваючы іх у якасці сродкаў навучання. Першы шлях самы лёгкі — аб’явіць вайну СМІ. Але ўзнікаюць сумненні наконт карысці такой меры. Мы памятаем, што звычайна забаронены плод аказваецца вельмі салодкім. І таму загады, інструкцыі, забароны не змогуць вырашыць праблему ўплыву на адукацыйны працэс “другой школы”.
Застаецца другі шлях — ворага ператварыць у сябра. Ці магчыма гэта? Магчыма, але для гэтага неабходна:
1. Зразумець і прыняць, што існуючая роля школы як цэнтра ведаў і педагога як носьбіта інфармацыі ў сучасным свеце неактуальная. У сучасным грамадстве, пры інтэнсіўнасці развіцця інфармацыйных сродкаў, веды педагога неактуальныя. У любога сучаснага дзіцяці або дарослага чалавека заўсёды ёсць магчымасць атрымаць вычарпальную інфармацыю любога ўпадабанага фармату (відэа, аўдыя і г.д.).
Адна з настаўніц расказала мне такую гісторыю. Аднойчы на ўроку “Чалавек і свет” яна расказвала пра птушак, якія на зімовы перыяд адлятаюць у вырай. Яна дасканала падрыхтавалася да ўрока: зрабіла прэзентацыю з фотаздымкамі, падабрала музычны фон і нават знайшла запісы галасоў птушак. У працэсе ўрока настаўніца заўважыла, што вучань, які сядзіць на апошняй парце, не слухае яе, а гуляе са смартфонам. Зрабіўшы некалькі безвыніковых заўваг, яна звярнулася да вучня: “Васіль, няўжо табе нецікава? Я так старалася, падрыхтавала фотаздымкі, апавяданні і нават галасы птушак…” На што вучань ёй адказаў: “Не, нецікава. Калі я захачу даведацца аб пералётных птушках, то я — і тут ён звярнуў увагу на свой тэлефон — у “гугле” знайду не толькі апавяданні, але і шмат карцінак і нават відэа”.
Калі вы лічыце, што гэтая праблема надуманая, то ўспомніце, які ўзровень зацікаўленасці вы назіраеце на ўроку, калі расказваеце вучням новую тэму. Колькі зацікаўленых вачэй глядзіць на вас? А калі сучаснаму вучню пры выкананні дамашняй работы неабходна знайсці дадатковую інфармацыю, то ён звяртаецца да настаўніка, бяжыць у бібліятэку ці шукае адказ у інтэрнэце? Ці задаволены вы якасцю дамашняй работы, калі інфармацыю вучні ўзялі з інтэрнэту? А можа, вы прынцыпова забараняеце вучням карыстацца інтэрнэтам?
Прапанаваныя прыклады і вашы адказы на пастаўленыя пытанні сведчаць аб тым, што роля школы і педагога ў сучасным свеце змянілася. Настаўнік павінен не толькі валодаць ведамі, але і ўмець арганізаваць адукацыйны працэс, які будзе выклікаць цікавасць вучняў не толькі да саміх ведаў, але і да спосабу іх атрымання, асэнсавання іх актуальнасці на жыццёвым узроўні.
2. Зразумець, што роля ўстаноў адукацыі, педагогаў як арганізатараў адукацыйнага працэсу, накіраванага на рэалізацыю пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, не апраўдвае сябе. І самым вялікім доказам гэтага з’яўляецца нежаданне дзяцей хадзіць у школу. Які інтарэс хадзіць у школу, калі там ёсць завучванне, муштраванне, абавязалаўка, кантроль і праверка, калі кожны дзень чуеш “ты павінен, ты павінен, ты павінен …”, дзе пастаянна вызначаюць і паказваюць на ўзровень тваіх здольнасцей, дзе ўсё аднастайна і нецікава: настаўнік каля дошкі патрабуе, а вучань за партай выконвае. І ніхто не цікавіцца тваім настроем, жаданнямі, пазнавальнымі патрэбамі і табой як асобай.
А вось прыклад з жыцця. Студэнтка, якая праходзіла практыку ў сталічнай гімназіі, праводзіла з 8-м класам выхаваўчае мерапрыемства на тэму здароўезберажэння. У сваім канспекце яна пачынала мерапрыемства з актуалізацыі тэмы праз пытанне: “Ці любіце вы хварэць?” На мае прапановы змяніць матывацыйнае пытанне яна не звярнула ўвагу. У выніку адбылося наступнае. Задаўшы ў пачатку мерапрыемства пытанне “Ці любіце вы хварэць?”, маладая настаўніца атрымала дружны радасны адказ “Так!”. Здзіўленая і збянтэжаная незапланаванай рэакцыяй вучняў, яна запыталася: “Чаму?” І адразу ж атрымала выключна сцвярджальны адказ: “Бо не трэба хадзіць у школу!”
Атрымліваецца, што школа — гэта не храм навукі, дзе кожны дзень адбываюцца адкрыцці, назіраецца асобасны рост, рэалізоўваюцца пазнавальныя патрэбы і мэты, а абавязак, які прыходзіцца выконваць вучням на працягу 11 гадоў, каб атрымаць атэстат для далейшага прафесійнага росту. Мне шкада нашых дзяцей, якія пад прымусам хо-дзяць у школу, займаюцца тым, што прапаноўваюць ім дарослыя (вучоныя, аўтары праграм і падручнікаў, настаўнікі і бацькі), і не маюць магчымасці рэалізоўваць асабістыя патрэбы ў пазнанні жыццёвай прасторы на аснове рэалізацыі асабістых адукацыйных мэт. Але ў жыцці заўсёды так: калі адны дзверы зачыняюцца, то абавязкова дзесьці адчыняюцца другія… Так і ў сістэме адукацыі: калі вучань не мае цікавасці да навучання ў школе, а прыродай у ім закладзена пазнавальная актыўнасць, то чалавек знойдзе тыя дзверы, якія расчыняцца для яго ў выглядзе актуальнага, даступнага і цікавага. У маім дзяцінстве гэта былі вулічныя кампаніі, якія вельмі добра інфармавалі аб тым, пра што ў школе было забаронена гаварыць ці рабіць. Цяпер гэта сродкі масавай інфармацыі: радыё, тэлебачанне, інтэрнэт, якія даўно сталі лепшымі сябрамі, настаўнікамі, выхавальнікамі і нават бацькамі нашым дзецям. Чаму? Заўважце: даступныя сродкі інфармацыі не прымушаюць, не кантралююць, не абмяжоўваюць і не паказваюць адмоўных вынікаў іх выкарыстання, што і падабаецца сучаснай моладзі. І ўсё было б добра, але тут узнікаюць педагагічныя пытанні: “Хто вучыць? Як вучыць? Чаму вучыць?” Бескантрольнасць патоку інфармацыі і яе выкарыстання не дае магчымасці адказаць на пастаўленыя пытанні.
Сучасная сістэма адукацыі не можа ігнараваць праблему ўплыву медыя на працэс навучання, развіцця і выхавання падрастаючага пакалення. Заплюшчыць вочы і сказаць, што такой праблемы не існуе, — значыць уступіць адукацыйную ролю “паралельнай школе”, якая ўздзейнічае на нас па сваіх медыязаконах жыцця, часта чужых грамадскіх нормах маралі і права. І калі айчынная сістэма адукацыі толькі спрабуе разабрацца, што ёсць медыяадукацыя і якую ролю яна адыгрывае ў жыцці чалавека, то шведскі вопыт дэманструе нам вельмі шырокі спектр спосабаў павышэння медыяграматнасці падрастаючага пакалення на кожным з этапаў адукацыі. Неабходна адзначыць, што ў іх сістэме адукацыі асаблівую зацікаўленасць і садзейнічанне ў фарміраванні медыяграматнасці моладзі аказваюць прадстаўнікі СМІ, якія бачаць у школьніках і студэнтах патэнцыяльных чытачоў, якія ўмеюць думаць, аналізаваць і рабіць высновы. У Швецыі ўжо стала традыцыяй праводзіць ва ўстановах адукацыі дні медыяграматнасці, якія арганізоўваюць медыяпедагогі (прадстаўнікі рэдакцый), ажыццяўляючы непасрэдную сувязь СМІ з патэнцыяльнымі чытачамі. Не менш цікавы вопыт работы спецыяльна створаных адукацыйных рэдакцый тэлебачання і радыёвяшчання. Яны будуюць сваю работу, кіруючыся інтарэсамі падлеткаў, якія выступаюць не толькі ў якасці слухачоў або гледачоў, але і ў якасці карэспандэнтаў, вядучых.
Найбольш актуальным для нашай сістэмы адукацыі з’яўляецца шведскі вопыт інтэграцыі медыяадукацыі ў вучэбны працэс. Урокі геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўства, матэматыкі, англійскай і шведскай мовы праводзяцца з прыцягненнем медыя, што забяспечвае сувязь з жыццём і фарміруе ў дзяцей ключавыя кампетэнцыі ў выглядзе ўменняў працаваць з інфармацыяй. На такіх уроках навучэнцы вучацца не толькі крытычна думаць, аналізуючы і супастаўляючы факты, але і ствараць уласныя медыяпрадукты.
3. Звярнуць увагу, што веды настаўніка ў галіне медыя мізэрныя. Сучасны школьнік можа многае: лёгка здабыць любую інфармацыю; справіцца з любой сучаснай камп’ютарнай тэхнікай; актыўна выкарыстоўваць сродкі зносін у інтэрнэце; выкарыстоўваць мноства праграм і дадаткаў, якія могуць дапамагчы яму падрыхтавацца да заняткаў, знайсці інфармацыю, адказаць на любое пытанне. А ці можа гэта сучасны педагог? Калі не, то ці можа ён навучыць навучэнцаў правільна карыстацца інфармацыяй, абараніць іх ад інфармацыйнага насілля, патлумачыўшы або паказаўшы на станоўчыя і адмоўныя бакі ўздзеяння сумніўнага медыяпрадукту?
Адукацыйны працэс па фарміраванні медыяграматнасці грамадства трэба пачынаць з настаўнікаў. Дзякуючы педагогам-ініцыятарам і педагогам-інаватарам, такі адукацыйны працэс ужо пачаўся і ўпэўнена крочыць наперад на працягу трох гадоў. Так, дзякуючы гэтым педагогам, на базе АПА, НІА, ІРА з’явіліся семінары і трэнінгі, якія актуалізуюць праблему, пашыраюць уяўленні настаўнікаў аб медыяадукацыі і прапаноўваюць метадычныя інструментарыі для работы з вучнямі ва ўстановах адукацыі. За апошні год настаўнікамі-ініцыятарамі распрацаваны дыстанцыйныя курсы: “Медыяэкспрэс”, які дапамагае навучэнцам больш даведацца пра сучасныя медыя і іх ролю ў жыцці сучаснага чалавека, пра мову медыя, спосабы маніпуляцыі СМІ, аўтарскае права; “Урок & медыя”, дзе настаўнікі могуць пашырыць свае ўяўленні аб адукацыйных магчымасцях медыяінфармацыі, сэрвісаў Wеb 2.0; атрымаць рэкамендацыі практычнага характару аб выкарыстанні эфектыўных метадаў і прыёмаў навучання, накіраваных на развіццё крытычнага мыслення навучэнцаў ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. Курсы прызначаны для настаўнікаў школ, класных кіраўнікоў, а таксама студэнтаў педагагічных УВА. У мінулым навучальным годзе дыстанцыйныя курсы прайшлі амаль 200 чалавек, якія атрымалі не толькі веды, але і сертыфікаты.
Правядзенне дыстанцыйных курсаў, семінараў і трэнінгаў дазволіла актуалізаваць праблему медыяадукацыі сярод педагагічнага грамадства. З бягучага навучальнага года ў Беларусі дзейнічае каля 27 інавацыйных пляцовак па праблеме медыяадукацыі. У найбліжэйшай будучыні назапашаны за тры гады настаўнікамі-інаватарамі вопыт педагагічнай работы па медыяадукацыі стане асновай практычнага дапаможніка для педагогаў у выглядзе друкаванай і электроннай кнігі.
Узаемаадносіны адукацыйнай прасторы і інфармацыйнага асяроддзя складаныя і неадназначныя. Вырашэнне праблем ляжыць у пераасэнсаванні ролі інфармацыі, сістэмы адукацыі, школы, педагога ў сучасным свеце. Актуальнай з’яўляецца сучасная школа, дзе ў цэнтры адукацыйнага працэсу знаходзіцца асоба вучня са сваімі інтарэсамі, здольнасцямі і магчымасцямі. Тая школа, дзе працуюць настаўнікі-асобы, здольныя арганізаваць, зацікавіць, стварыць паспяховае адукацыйнае асяроддзе, дапамагчы дзіцяці раскрыць свае патэнцыяльныя магчымасці і максімальна рэалізаваць сябе ў вучэбнай дзейнасці і жыццёвай прасторы. Тая школа, якая здольна гарантаваць інфармацыйную бяспеку сваіх вучняў на аснове развіцця крытычнага мыслення, уменняў успрымаць, карыстацца і ствараць інфармацыйныя прадукты.

Міхаіл КУДЗЕЙКА,
старшы выкладчык кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка.