Захапленне гаджэтамі — на карысць навучання англійскай мове

- 11:15Адукацыйная прастора

Сучасныя дзеці з самага ранняга ўзросту знаходзяцца ў акружэнні камп’ютараў, планшэтаў, смартфонаў і іншых усемагчымых гаджэтаў, таму прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій — гэта патрабаванне часу і запыт сучаснага дзіцяці. А для настаўніка ІКТ — гэта не проста павеў моды, а інструмент, які дазваляе вырашаць не толькі задачы развіцця моўных, пазнавальных і камунікатыўных здольнасцей навучэнца, павышаць матывацыю да навучання, а значыць, і якасць сваёй работы, але і зрабіць заняткі больш прадукцыйнымі, сучаснымі, цікавымі і захапляльнымі для школьнікаў. Гэта яшчэ раз засведчыў апошні рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, у якім актыўны ўдзел прынялі настаўнікі замежнай мовы. Прапануем пазнаёміцца з распрацоўкамі педагогаў, якія сталі дыпламантамі гэтых спаборніцтваў. 

Галоўнай мэтай навучання замежнай мове ў школе з’яўляецца фарміраванне і развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў, задача настаўніка — стварыць умовы для практычнага валодання мовай. Аднак не сакрэт, што цікавасць навучэнцаў да вывучэння замежнай мовы падае. Адсутнасць матывацыі, у сваю чаргу, цягне за сабой зніжэнне якасці навучанасці школьнікаў. Выкарыстанне толькі традыцыйных метадаў выкладання сёння ўжо не дае жаданых вынікаў і не дазваляе падтрымліваць цікавасць навучэнцаў. Каб удасканаліць і аптымізаваць вучэбны працэс настаўнік вымушаны дапаўняць і спалучаць звыклыя методыкі з новымі тэхналогіямі ў выкладанні замежных моў.

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 9 Мазыра Вольга Віктараўна Кацура прадставіла на конкурс інтэрактыўную 3D-кнігу English grammar with Twinkу, якая распрацавана для навучэнцаў 4-х класаў і ўяўляе сабой комплекс інтэрактыўных практыкаванняў граматычнай накіраванасці, якія спрыяюць фарміраванню маўленчых уменняў і навыкаў у школьнікаў. З яе дапамогай вучні могуць адтрэніраваць граматычныя навыкі, паўтарыць правілы, словы.

— Жыццё сённяшняга вучня суправаджаюць разнастайныя гаджэты, таму задача настаўніка — зрабіць іх выкарыстанне больш прадукцыйным для дзіцяці, на карысць яго вучобы. У выніку ўзнікла ідэя стварыць электронны адукацыйны рэсурс, які б забяспечыў фарміраванне маўленчай кампетэнтнасці навучэнцаў. Сярод асноўных задач праекта — павышэнне матывацыі школьнікаў да вывучэння англійскай мовы, пашырэнне інфармацыйнай прасторы адукацыйнага працэсу, фарміраванне інфармацыйнай, камунікатыўнай, сацыякультурнай кампетэнцый навучэнцаў, а таксама стварэнне ўмоў для засваення лексічных адзінак і граматычных структур.

Галоўныя героі рэсурсу — іншапланецянін Твінкі разам са сваім любімцам Флопі — прыляцелі з космасу з місіяй навучыць чацвёртакласнікаў англійскай мове. На планеце Зямля іх сябрамі і памочнікамі сталі Майк і Ліза. Па задуме аўтара, гэты электронны дапаможнік з’яўляецца не толькі крыніцай ведаў для навучэнца, а сістэматызуючым рэсурсам для настаўніка, што значна скарачае час адбору практыкаванняў пры падрыхтоўцы да заняткаў, дазваляе разнастаіць работу на ўроку і дома. З практычнага пункту гледжання ўкараненне матэрыялаў 3D-кнігі ва ўрок садзейнічае большай візуалізацыі, індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі працэсу навучання.

Электронны дапаможнік мае просты і інтуітыўна зразумелы інтэрфейс,  падыходзіць для работы з інтэрактыўнай дошкай, план­шэтам і мабільным тэлефонам. Тэхнічныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да выкарыстання ЭСН: выхад у інтэрнэт, Adobe Flash Player, QR-сканер. Заданні адкрываюцца ў любым браўзеры.

На першай старонцы распрацоўкі можна бачыць змест усіх яе 9 раздзелаў (Unit). Кожны раздзел складаецца з некалькіх урокаў, мае Vocabulary (лексічны слоўнік) і Grammar (граматычны даведнік), што вельмі зручна пры вывучэнні кожнай тэмы. У выпадку, калі дзеці штосьці запамятавалі альбо калі трэба штосьці паўтарыць, можна вярнуцца да пэўнай тэмы і ўзнавіць неабходны граматычны ці лексічны матэрыял. Каб перайсці на галоўную старонку кнігі, дастаткова скарыстацца ўсяго адной кнопкай. Напрыканцы кожнага раздзела размяшчаецца тэст. Так, напрыклад, пры вывучэнні ўказальных займеннікаў навучэнцам прапаноўваецца спачатку прагледзець відэаролік, а потым выканаць практыкаванні. Дарэчы, усе практыкаванні ў гэтым рэсурсе аснашчаны QR-кодамі.

Па водзывах калег настаўніцы, педагогаў замежнай мовы, якія выкарыстоўваюць ЗD-кнігу на сваіх занятках, распрацоўка вельмі патрэбная, цікавая і карысная як для вучняў, так і для педагогаў. Дзеці ўспрынялі яе з радасцю, ім вельмі падабаецца па ёй займацца. Урокі сталі сапраўды больш ажыўленымі, эмацыянальнымі і цікавымі, вучні імкнуцца выказаць сваю думку, праяўляюць актыў­насць.

Працэс навучання становіцца больш яркім, эмацыянальным і пераканаўчым з выкарыстаннем рэсурсу настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна Святланы Міхайлаўны Каляды “Аўтарскі матэрыял для работы з навучэнцамі 3 класа па прадмеце “Англійская мова”. Яго з’яўленне выклікана неабходнасцю распрацоўкі дадатковага вучэбнага дыдактычнага матэрыялу, які б адпавядаў патрабаванням праграмы, садзейнічаў стварэнню міжкультурнага іншамоўнага асяроддзя і фарміраванню ўстойлівай матывацыі навучэнцаў, самастойнасці вывучэння англійскай мовы. 

Для аптымізацыі навучання педагогам створаны інтэрактыўныя модулі пры дапамозе дадатку https: //learningapps.com. Доступ да ўсіх інтэрактыўных практыкаванняў (а іх больш за 80 па ўсіх відах маўленчай дзейнасці) адкрыты на сайце Learning English with fun “Вывучаем англійскую мову весела”. На яго галоўнай старонцы  практыкаванні структураваны па раздзелах вучэбна-метадычнага комплексу “Англійская мова”, 3 клас”. Яны дазваля­юць у гульнявой форме вучыць пісьмовай мове, рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі і выконваюць выхаваўчую функцыю. Распрацаваныя практыкаванні фарміруюць камунікатыўную кампетэнцыю навучэнцаў, навучаючы параўноўваць, супастаўляць, лагічна мысліць і рабіць высновы.

— У мультымедыйныя інтэрактыўныя практыкаванні інтэграваны аўтарскія мультфільмы, створаныя ў праграме GoAnimate.com, што візуалізуе матэрыял і падвойвае дыдактычныя магчымасці практыкаванняў. Дзякуючы мульт­фільмам, у дзяцей з’яўляецца матывацыя да навучання, знікаюць боязнь і перажыванні, хутчэй засвойваецца матэрыял. А яшчэ навучэнцы з вялікім захапленнем разыгрываюць сюжэты мульцікаў на ўроках. А, як вядома, пазітыўныя эмоцыі вядуць да трывалых ведаў. Знімаецца страх перад іншамоўным маўленнем, — каменціруе С.М.Каляда. — Анімацыйныя відэаролікі дапамагаюць вучыць дзяцей пісьму, чытанню, гаварэнню, успрыманню англійскай мовы на слых. Увесь матэрыял, які малодшыя школьнікі праходзяць на ўроку, яны могуць паўтараць дома, разам з бацькамі.

Мультфільмамі С.М.Каляды могуць карыстацца ўсе настаўнікі. На старонцы Fummy cartoons сабраны 25 мультфільмаў для стварэння пэўнай камунікатыўнай сітуацыі. Дарэчы, інтэрактыўныя модулі ўключаны ў метадычную распрацоўку дапаможніка з відэаматэрыяламі і практыкаваннямі да іх, створаную ў суаўтарстве з Н.К.Радзевіч. На старонцы сайта Language Games можна пазнаёміцца з гульнямі для фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў. 

“Выкарыстанне інтэрактыўных мультымедыйных практыкаванняў дапамагае стварыць эфектыўнае адукацыйнае асяроддзе і аптымізаваць працэс навучання, выстройваючы індывідуальныя траекторыі навучання для кожнага школьніка. Прычым нельга займацца з дзецьмі кропкава: сёння выкарыстоўваеш праграмны сродак, а заўтра — не. Павінна быць распрацавана сістэма”, — лічыць Святлана Міхайлаўна.

Электронны вучэбны модуль па англійскай мове EnglishSpace, распрацаваны настаўніцамі гімназіі № 20 Мінска Яўгеніяй Вітальеўнай Голубевай, Ганнай Ігараўнай Грунт і Джульетай Рэвазаўнай Чытая, накіраваны на фарміраванне лексічных і граматычных навыкаў навучэнцаў 5—9 класаў.

— Са сваёй распрацоўкай мы ўпершыню ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і даволі паспяхова, — расказвае адзін з аўтараў праекта настаўніца англійскай мовы Я.В.Голубева. — 5 клас  — першы крок на ІІ ступень агульнай сярэдняй адукацыі, час, калі вучні стаяць на парозе новых адкрыццяў і пакарэння новых вучэбных прастораў, час, калі дзеці могуць прадэманстраваць свае веды, уменні і навыкі, атрыманыя на старце, але, на жаль, у пяцікласнікаў адзначаюцца недастатковы ўзровень валодання актыўным граматычным і лексічным матэрыялам, увогуле розны ўзровень валодання англійскай мовай, назіраюцца цяжкасці ў засваенні вучэбнага матэрыялу, што прадугле­джаны праграмай. Акрамя таго, падчас аналізу вучэбных дапаможнікаў “Англійская мова” для 5 і 6 класаў Н.В.Дземчанка быў выяўлены недахоп практыкаванняў для адпрацоўкі граматычнага і лексічнага матэрыялу для вывучэння англійскай мовы на павышаным узроўні. У выніку мы вырашылі распрацаваць комплекс лексіка-граматычных практыкаванняў, якія адпавядаюць каляндарна-тэматычнаму  планаванню, у выглядзе электроннага вучэбнага модуля.

Дапаможнік прызначаны для вучняў 5—6 класаў  і поўнасцю супадае з раздзеламі вучэбных дапаможнікаў на папяровай аснове. Навучэнцы могуць выбраць неабходную тэму заняткаў. Кожная тэма складаецца з тэарэтычнага і практычнага блокаў. Тэарэтычны ўключае граматычныя тэмы і патрэбны лексічны матэрыял, прадугледжаны вучэбнай праграмай. Практычны блок складае комплекс з 5—6 практыкаванняў. Усе распрацаваныя практыкаванні (іх 14 відаў: сярод моўных і ўмоўна-маўленчых можна вылучыць імітатыўныя, падстановачныя, дыферэнцыровачныя, трансфармацыйныя, пытальна-адказныя, практыкаванні на суадносіны; сярод маўленчых — пытальна-адказныя, практыкаванні-тлумачэнні, практыкаванні-парады, практыкаванні-перакананні і г.д.) грунтуюцца на лексіцы, якая вывучаецца. Практыкаванні пабудаваны па прынцыпе ад лёгкага да складанага. Творчыя практыкаванні таксама прадугледжаны, звычайна яны апошнія ў тэме. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Канікулы”  пяцікласнікі прапрацоўваюць граматычны матэрыял па будучым часе дзеясловаў, выконваюць шэраг практыкаванняў, і напрыканцы ім прапаноўваецца заданне: даюцца  ілюстрацыі з актыўнымі фразамі і неабходна скласці паведамленне пра свае планы на канікулы. Гэта своеасаблівы міні-праект, які можна даць для выканання як у класе, так і ў якасці дамашняй работы. Пасля таго як вучні справіліся з ім, яны могуць бачыць свае правільныя адказы і памылкі. А вось пасля выканання ўсяго комплексу практыкаванняў школьнікі атрымліваюць вынікі ў працэнтных суадносінах. Прычым вынікі кожнага навучэнца прыходзяць на пошту настаўніка. Такім чынам атрымліваецца, што дзеці не проста засвойваюць усе граматычныя канструкцыі і фарміруюць адпаведныя навыкі, але і адбываецца паўтарэнне і замацаванне актыўнай лексікі. У любы момант выканання таго ці іншага практыкавання яны могуць вярнуцца да спіса пытанняў ці інфармацыйна-тэарэтычнага слайда. 

— Электронны вучэбны модуль прайшоў сваю апрабацыю.  Прычым работу з ім мы імкнуліся арганічна ўключыць у структуру ўрока з улікам санітарных патрабаванняў, каб забяспечыць вучням змену відаў дзейнасці, падтрымліваць іх цікавасць да замежнай мовы, — адзначае Я.В.Голубева.   

Практыка паказвае, што электронны вучэбны модуль з’яўляецца метадычным дапаўненнем да традыцыйных вучэбна-метадычных комплексаў і пашырае вучэбныя магчымасці навучэнцаў. Праграмны прадукт можа максімальна аблегчыць разуменне і запамінанне найбольш істотных паняццяў, сцвярджэнняў і прыкладаў, прыцягваючы ў працэс успрымання вучэбнага матэрыялу магчымасці ІКТ. Сіс­тэмнае прымяненне EnglishSpace садзейнічае павышэнню якасці засваення ведаў, стымулюе ўсвядомленую актыўнасць навучэнцаў у самастойнай пазнавальнай дзейнасці.

Анкетаванне школьнікаў і іх бацькоў паказала, што яны зацікаўлены ў прымяненні ЭСН, бо з ім працаваць намнога цікавей, гэта стымулюе і матывуе дзяцей, якія могуць праверыць свае веды, убачыць правільны адказ, што фарміруе адэкватную самаацэнку і навыкі самастойнай работы. У гэтым навучальным годзе электронны вучэбны модуль папоўніўся заданнямі і практыкаваннямі для 7 класа. У планах аўтараў — далейшая яго распрацоўка і ўдасканаленне.

Сваю эфектыўнасць у адукацыйным працэсе, у тым ліку і ва ўмовах эпідэміі каранавіруса, прадэманстравала і распрацоўка настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Рэчыцы Наталлі Мікалаеўны Грыгор’евай “Рэсурс “Учпортал.бел” як сродак развіцця камунікатыўных навыкаў навучэнцаў па англійскай мове”.

Па словах аўтара, рэсурс ствараўся для павышэння эфектыўнасці развіцця навыкаў вуснага маўлення навучэнцаў, якасці іх падрыхтоўкі да вучэбных і факультатыўных заняткаў, выпускных экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання і прадметных алімпіяд. Галоўная асаблівасць праекта — навучанне гаварэнню на кожным уроку праз камунікатыўныя зносіны на форуме. Форум структураваны па ўроках, унутры кожнага ўрока прадугледжваецца канкрэтная маўленчая сітуацыя. Тэксты, якія вывучаюцца, змяшчаюць пераклады і аўдыясуправаджэнне, а карткі ўрокаў маркіруюцца значкамі кнігі і прайгравальніка, што дазваляе асвойваць матэрыял нават самым непадрыхтаваным навучэнцам. Праект прывязаны да вучэбных дапаможнікаў 8 і 9 класаў і дазваляе сінхронна працаваць з навучэнцамі па тэме ўжо вывучаных урокаў. Ён вызначаецца дыферэнцыяванай падачай матэрыялу для ўсіх школьнікаў. Дае магчымасць карыстальнікам фарміраваць уласную адукацыйную траекторыю за кошт генерацыі імі сцяны матэрыялаў па тэмах вуснага маўлення, відах маўленчай дзейнасці і г.д., што асабліва карысна пры падрыхтоўцы да экзаменаў, алімпіяд, канферэнцый.

Маўленчыя дэбаты арганізуюцца на англамоўным форуме сайта праекта па той ці іншай тэме сінхронна з урокамі ў школе. Напрыклад, адзін з урокаў змяшчае такое заданне: расказаць, як вучні прымалі ўдзел у свяце “Купалле”, а на другім уроку ім прапаноўваецца абмеркаваць, як весці правільна свой бюджэт. Кожны ўрок змяшчае трэнажоры на замацаванне ведаў, напрыклад, школьнікам прапаноўваецца скласці па памяці сказы, якія яны бачылі ў тэксце (прычым, час абмежаваны). Затым навучэнцы ўзнімаюцца на больш высокі ўзровень і імкнуцца самастойна прыгадаць вывучаныя фразы (па раскрыцці галінак канспекта яны робяць выснову, ці правільна іх прыгадалі). Кожны ўрок таксама ўтрымлівае тэсты на кантроль маўленчых навыкаў, але яны гуманныя, бо паказваюць правільнасць і адначасова выконваюць вучэбную функцыю. Тэсты максімальна выкарыстоўваюць магчымасці сістэмы дыстанцыйнага навучання: прадугледжаны рознаўзроўневыя пытанні розных відаў і тыпаў; аўтаматычная рэгенерацыя пытанняў пры новым запуску; абмежаванні на допуск да тэстаў па многіх крытэрыях (тэст даступны зарэгістраваным карыстальнікам альбо да тэста дапускаюцца карыстальнікі, якія паспяхова прайшлі папярэдні тэст), захаванне вынікаў тэсціравання; магчымасць экспарту вынікаў для работы над памылкамі. У тэсты можна ўстаўляць відэа, флэш і іншыя матэрыялы.

Зручнасць сайта ў тым, што матэрыяламі можна карыстацца бясплатна, і яны даступны нават без рэгістрацыі. Толькі пры жаданні ўзаема­дзейнічаць на форуме трэба зарэгістравацца. 

Н.М.Грыгор’ева лічыць, што выкарыстанне навучэнцамі рэсурсу “Учпортал.бел” з яго маўленчым і граматычным трэнажорамі, форумам для камунікатыўных зносін дапаможа павысіць іх паспяховасць па прадмеце, падрыхтавацца да алімпіяд, ЦТ, выпускнога экзамену. Выкарыстанне настаўнікамі яго матэрыялаў, канструктара ўрокаў, скарбонкі перадавога вопыту педагогаў Гомельшчыны павысіць якасць выкладання па прадмеце, адкрые новыя магчымасці сеткавага ўзаемадзеяння. Праект прадугледжвае далейшае папаўненне матэрыяламі па падрыхтоўцы да ЦТ і алімпіяд.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.