Захаваць баланс

- 10:43Насустрач рэферэндуму

Навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі абмеркавалі праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь разам з прадстаўнікамі Беларускага фонду міру.

На сустрэчу былі запрошаны лепшыя навучэнцы ўстановы. Некаторыя з іх упершыню ў сваім жыцці прымуць удзел у палітычна-выбарчай кампаніі. Пагутарыць з моладдзю завіталі Максім Місько, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання, і Дзмітрый Карань, старшыня праўлення Мінскага гарадскога аддзялення “Беларускага фонду міру”.

— Мір сёння — гэта баланс паміж агрэсіяй і абаронай. Мы, беларусы, заўсёды гэты баланс захоўваем: ні на кога не нападаем, але заўсёды гатовы абараняць сваю краіну. Менавіта таму і адносімся да краін-міратворцаў. І вельмі важна,  што ў новым праекце Канстытуцыі ў артыкуле 18  гэты статус афіцыйна замацаваны: “Рэспубліка Беларусь выключае ваен­ную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў”, — падкрэсліў падчас размовы з навучэнцамі каледжа Максім Місько.

Мінскі дзяржаўны каледж электронікі — першая і адзіная ў краіне навучальная ўстанова, якая атрымала статус “Школа міру”.

Ён адзначыў, што новы праект Асноўнага закона краіны — збалансаваны і накіраваны на інтарэсы грамадзян.

— Абмеркаванні праекта Канстытуцыі з моладдзю, на мой погляд,  даюць цудоўную магчы­масць наладзіць узаемаадносіны з падрастаючым пакаленнем, у нефармальнай абстаноўцы выхоўваць у моладзі пачуццё адказнасці, ву­чыць іх слухаць і чуць, паважліва адносіцца да іншага меркавання, — выказаў свой погляд Георгій Козел, дырэктар каледжа электронікі.

Ён таксама дадаў, что выкладчыкі ўстановы абмяркоўваюць з навучэнцамі артыкулы новага праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на кожным уроку. Такім чынам у дзяцей выхоўваецца неабыяка­васць да сваёй краіны і яе будучыні.

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Надзея ЗДРОК,
начальнік аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын:

— Я нарадзілася, вырасла і жыву ў Белару­сі. Тут жылі мае бацькі, жывуць дзеці, таму я не маю маральнага права быць абыякавай да лёсу краіны.

Дэталёва азнаёміўшыся з праектам змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, станоўча ацэньваю яго. Усе прапанаваныя змяненні абумоўлены запытамі неспакойнага часу.

Цалкам падтрымліваю артыкулы, якія замацоўваюць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, дзяржаўную падтрымку дзяцей і моладзі, клопат пра пажылых людзей і інвалідаў.

Мірнае неба над галавой усім нам падарыў подзвіг продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Акупацыйны перыяд наглядна паказаў беларусам сапраўдную цану такіх каштоўнасцей, як бяспека, свабода, суверэнітэт і незалежнасць. Таму лічу мэтазгодным і апраўданым палажэнне, звязанае з захаваннем гістарычнай памяці пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта моцны рэсурс у грамадзянска-патрыятычным выхаванні сучаснай моладзі. Нашчадкі павінны не толькі ведаць высокую цану Вялікай Перамогі, але і паважліва ставіцца да памяці людзей, якім абавязаны мірнай буду­чыняй.

Абавязак кожнага — прыняць удзел у рэферэндуме. Па новай Канстытуцыі жыць нам і нашым дзецям. Толькі мы самі павінны вызначыць уласны шлях развіцця.

Таццяна ЦЫДЗІК,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 19 Гродна:

— Для мяне, як і лю­бога грама­дзяніна Рэспублікі Беларусь, які адказна ставіцца да роднай краіны і неабыякавы да яе сучаснасці і будучыні, змяненні Асноўнага закона краіны з’яўляюцца важнай падзеяй. Як толькі праект абноўленай Канстытуцыі з’явіўся ў свабодным доступе, мне стала цікава вывучыць гэтыя праектныя змяненні.

Ужо ў прэамбуле новай Канстытуцыі заяўлены вельмі актуальныя змяненні і ўдакладненні, напрыклад, “захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту”, “абапіраючыся на культурныя і духоўныя традыцыі”, “сцвярджаючы правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, асновы прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства” і г.д. Гэтыя змяненні, перш за ўсё, пацвярджаюць тое, што Беларусь — міралюбівая, талерантная, адкрытая дзяржава. Беларусы гатовы прыняць усіх, але ўлічваючы тое, што госці павінны выконваць законы нашай дзяржавы, наша права на суверэнітэт, самавызна­чэнне.

Лічу важным дапаўненне да артыкула 15. “Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. На жаль, як паказала практыка, Дзень Перамогі ў некаторых прадстаўнікоў падрастаючага пакалення стаў асацыіравацца толькі з “нейкім святам, нейкай Перамогі”, што недапушчальна. Мы свята верылі ў тое, што ўсе памята­юць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, але ў нейкі момант наступіў збой, які, бясспрэчна, трэба выпраўляць. Таму і актуальныя дапаўненні да артыкула 54, у якім гаворыцца пра патрыятызм.

Артыкул 21. “Кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы”. Вельмі правільнае і справядлівае дапаўненне. Калі мы жывём у сацыяльнай дзяржаве, то ў ёй усе роўныя. Але ўсе павінны памятаць пра тое, што яны маюць не толькі правы, але і абавязкі. А які мінімальны ўклад можа зрабіць кожны грамадзянін: адказна падыхо­дзіць да сваіх непасрэдных абавязкаў.

Цікавыя і змяненні ў артыкулы 80, 81, асабліва што тычыцца ўзроставых абмежаванняў і перыяду пражывання грамадзянінам на тэрыторыі Беларусі да вылучэння яго кандыдатам у Прэзідэнты. Лічу, што гэта дазволіць зменшыць рызыку з’яўлення “чужога” для Беларусі чалавека.

Цалкам справядлівымі з’яўляюцца артыкулы 88, 89. Поўнасцю падтрымліваю зацвярджэнне Канстытуцыяй Усебеларускага народнага сходу як вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з Канстытуцыі, менавіта УНС будзе вызначаць стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечваць непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грама­дзянскую згоду. Радуе тое, што дэлегатамі УНС з’яўляюцца прадстаўнікі розных прафесійных сфер дзяржавы.

Якая выснова напрошваецца. Абноўленая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае ўсе гарантыі сацыяльнай дзяржавы сваім грамадзянам, але і нагадвае ўсім пра тое, што дзяржава — гэта не толькі ўлада, але і мы самі. Як дзяржава клапоціцца пра наш дабрабыт, так і мы павінны клапаціцца пра дабрабыт нашай дзяржавы.