Вясна. Мірна ракоча трактар, спяшаецца трактарыст, яго чакае праца. У парку ціха спяваюць птушкі. Чуваць дзіцячыя галасы, бо паблізу дзіцячы садок…
Дзеля гэтага мірнага шчасця і змагаліся тыя 144 чалавекі, якія да вайны пражывалі ў вёсцы Мокрае і загінулі, не дачакаўшыся Вялікай Перамогі, чые імёны высечаны на абеліску. Сярод загінуўшых землякоў шмат Лявіцкіх, Рудкоўскіх, Красніцкіх… А дзеці з такімі прозвішчамі вучацца і зараз у нашай школе або наведваюць дзіцячы сад. І сёлета, напярэдадні свята Перамогі, ля абеліска, на гэтым святым для нашай вёскі месцы, прайшоў мітынг. Мерапрыемства сабрала вучняў, педагогаў, прадстаўнікоў сельскага савета, калгаса, прадстаўнікоў культуры і жыхароў вёскі. Гучалі словы ўдзячнасці пакаленню, на якое лёг страшны цяжар вайны. Гучалі песні, вершы з вуснаў праўнукаў у адрас прадзедаў. Па добрай традыцыі вучні 4 класа былі прыняты ў піянеры.
Пасля мітынгу прайшоў канцэрт “Дзякуем за Перамогу”, падрыхтаваны нашай школай сумесна з работнікамі Сельскага дома культуры, педагогамі і вучнямі Макранскай школы мастацтваў. Пачаўся канцэрт яркім выступленнем Тамары Юрысаўны Ога, мастацкага кіраўніка Макранскага сельскага дома культуры. На канцэрце з песнямі выступілі выхаванцы гуртка “Вясёлыя ноткі” пад кіраўніцтвам Алены Паўлаўны Савосцікавай. Запамінальным стаў нумар цымбалістак, лаўрэатаў розных конкурсаў: Ангеліны Парфёнавай, Аліны Парфёнавай, Яніны Куляшовай. Вераніка Сямёнава на баяне выканала кампазіцыю на ваенную тэматыку (клас Вольгі Міхайлаўны Марачкоўскай). Усіх уразіла выступленне харэаграфічнага ансамбля пад кіраўніцтвам Дар’і Сяргееўны Царыкавай. Дзяўчаты заваражылі сваім танцам “Купалінка”. Таксама вучні і педагогі нашай школы наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, павіншавалі іх з вялікім святам.
Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.