Захаваць успаміны

- 11:36Нам пішуць

З кожным годам сыходзяць з жыцця ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — удзельнікі і відавочцы тых страшных падзей, а разам з імі сыходзяць успаміны, успаміны пра жыццё да, падчас і пасля вайны. Імі ветэраны дзеляцца з падрастаючым пакаленнем, задача якога — захаваць у памяці гэтыя ўспаміны.

Менавіта таму навучэнцы 5 “Д” класа вырашылі ўзяць інтэрв’ю для падрыхтоўкі відэароліка да Дня Вялікай Перамогі ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Галіны Мікалаеўны Лукічавай. Галіна Мікалаеўна з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны пачала вучыцца ваеннай справе ў Галічы, у пачатку 1944 года была прызвана ў Чырвоную Армію. З’яўляючыся зенітчыцай 41-га зенітна-кулямётнага палка прайшла з баямі Беларусь, Украіну, Польшчу, стала ўдзельніцай берлінскіх баёў. Інтэрв’ю змяшчае ўспаміны пра ваенныя будні маладой зенітчыцы, жорсткія баі з фашыстамі і заканчэнне вайны, якое яна сустрэла ў Берліне.

Па словах Галіны Мікалаеўны, ёй вельмі прыемна, што маладое пакаленне актыўна цікавіцца тэмай вайны, яна заўсёды рада бачыць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія рэгулярна наведваюць яе ў рамках акцыі “Ветэран жыве побач”. Такія сустрэчы з ветэранамі спрыяюць фарміраванню ў навучэнцаў беражлівых адносін да гісторыі Айчыны і любові да Радзімы, што адыгрывае важную ролю ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Аляксандра РАКІЦКАЯ,
класны кіраўнік 5 “Д” класа, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 45 Магілёва.