Захопленая педагогікай

- 11:28Навіны рэгіёнаў

Улюбёная ў сваю прафесію, у педагогіку, у дзяцей. Так можна ахарактарызаваць настаўніцу англійскай мовы гімназіі Асіповічаў Таццяну Крэпскую.

Таццяна Леанідаўна прыйшла ў педагогіку свядома. У свой час скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і вось ужо 15 гадоў паспяхова займаецца выкладаннем. Адметнымі рысамі яе педагагічнай дзейнасці з’яўляюцца практычная накіраванасць урокаў, іх высокі выхаваўчы патэнцыял. Заняткі Таццяны Крэпскай адрозніваюцца цэласнасцю, унутранай узаемазвязанасцю, аптымальнай структурай. Перавагу настаўніца аддае інтэрактыўным метадам навучання, якія дазваляюць уцягнуць усіх дзяцей у працэс пазнання, прадастаўляюць максімальную магчымасць практыкаваць на вучэбных занятках навыкі супрацоўніцтва, міжасобасных зносін. На ўроках Таццяна Леанідаўна таксама вялікую ўвагу ўдзяляе фарміраванню сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў, якая накіравана на вывучэнне англійскай мовы праз знаёмства з культурай краін.

Як змадэляваць на ўроках замежнай мовы сітуацыі, максімальна набліжаныя да рэальнага асяроддзя? Як зрабіць працэс вывучэння замежнай мовы цікавым і адначасова эфектыўным? Задаючы сабе гэтыя пытанні, Таццяна Леанідаўна вырашыла прааналізаваць, якімі іншамоўнымі з’явамі цікавяцца навучэнцы за рамкамі вучэбнай дзейнасці. Вынік паказаў, што на першае месца па даступнасці і актуальнасці выходзяць творы масавай іншамоўнай культуры: відэа- і аўдыяматэрыялы, песні, тэксты электронных СМІ. Аналізуючы эфектыўнасць выкарыстання падобных твораў на ўроках, у сваёй практыцы Таццяна Крэпская спынілася на ўжыванні песеннага матэрыялу і аўтэнтычнага відэа, паколькі яны дазваляюць навучэнцам, з аднаго боку, чуць і вывучаць жывую гаворку носьбітаў, а з другога — даюць ім магчымасць пазнаёміцца з нацыянальна-культурнай спецыфікай краіны, мова якой вывучаецца. На цяперашні момант Таццянай Леанідаўнай складзены пералік сабраных відэаматэрыялаў і песень, класіфікаваных у адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планаваннем вучэбнай праграмы па англійскай мове для 9—11 класаў, распрацаваны дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў. Усё гэта размешчана ў адкрытым доступе на сайце гімназіі.

Таццяна Леанідаўна вельмі актыўны чалавек. Яе жыццё — пастаянны рух наперад. Яна з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы гімназіі, праводзіць раённыя і абласныя майстар-класы, выступае з прэзентацыямі сваёй сістэмы педагагічнай дзейнасці па тэме “Фарміраванне сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў праз выкарыстанне песень і аўтэнтычных відэаматэрыялаў на ўроках англійскай мовы”.

Сёлета свой прафесійны вопыт Таццяна Крэпская прадэманстравала ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Вынікам стаў дыплом пераможцы ў абласным туры ў намінацыі “Замежныя мовы”. Гэтая перамога — не адзінае значнае дасягненне Таццяны Леанідаўны. Іх у яе працоўнай скарбонцы дастаткова. А з такой самааддачай да прафесіі многія ўзнагароды яшчэ чакаюць яе наперадзе.

Наталля ПАНФІЛОВІЧ,
загадчык РВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама.