Захоўваем традыцыі

- 9:47Нам пішуць

Сялявіцкая яслі-сад – базавая школа Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці зрабіла правядзенне народных свят добрай традыцыяй. Весела і цікава прайшло фальклорнае свята “Масленіца гадавая – наша госцейка дарагая”, якое было праведзена сумесна з работнікамі Дома культуры аграгарадка Сялявічы.

Школа гасцінна расчыніла дзверы для шчодрай Масленіцы. Гледачам было прапанавана тэатральнае прадстаўленне, якое суправаджалася вясёлымі масленічнымі песнямі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел як дзеці, так і дарослыя. Ганаровым госцем быў айцец Леанід (Барбажынскі), які павіншаваў прысутных са святам і нагадаў пра тое, што Масленіца заканчваецца хрысціянскім звычаем прасіць адзін у аднаго прабачэння ў Даравальную нядзелю. Святар таксама пажадаў усім быць у згодзе і любові не толькі са сваімі роднымі і блізкімі, але і з усімі людзьмі.

На працягу прадстаўлення вядучая і скамарохі ў гульнёвай форме расказвалі пра гісторыю і традыцыі святкавання Масленіцы, узгадвалі звязаныя з гэтым днём народныя прыкметы. Прысутныя даведаліся, чаму масленічны блін з’яўляецца не проста святочным пачастункам, але і сімвалам вясновага сонейка. Артысты расказалі, як называецца кожны дзень святочнага тыдня. Весела праспявалі юныя выканаўцы народныя прыпеўкі. А госця свята – Вясна – падарыла ўсім добры настрой і паабяцала: “Будуць кветачкі ўсюды расцвітаць, будуць птушачкі звонка спяваць”.

А якая ж Масленіца без забаў і гульняў? Прысутныя з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў перацягванні каната, баях мяшкамі. У гэты дзень усе весяліліся ад душы.

У фае школы ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз. Работнікі мясцовага Дома культуры падрыхтавалі канцэрт. На свята завіталі нават госці з далёкага Санкт-Пецярбурга. І ў якасці падарунка для іх прагучала песня “Вёсачка” ў выкананні вакальнай групы. Расіяне шчыра парадаваліся там, што мы не толькі ведаем народныя традыцыі, але яшчэ і захоўваем іх. Напрыканцы свята па добрай звычцы Масленіца на правах гаспадыні частавала ўсіх смачнымі блінамі, а таксама гарбатай, настоенай на духмяных травах.

Аксана КРАЧКО,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Сялявіцкага ясляў-сада – базавай школы Слонімскага раёна.