Займальная матэматыка для маленькіх

- 10:43Дашкольная адукацыя

Навучанне матэматыцы дзяцей дашкольнага ўзросту немагчыма ўявіць без выкарыстання займальных гульняў, задач і забаў. Пры гэтым матэматычны матэрыял выбіраецца з улікам узроставых магчымасцей дзяцей і задач, якія акрэслены ў праграме па ўсебаковым развіцці і выхаванні малышоў. Задачы гэтыя наступныя: актывізацыя і развіццё разумовай дзейнасці, фарміраванне зацікаўленасці матэматычным матэрыялам, пашырэнне і паглыбленне матэматычных уяўленняў, замацаванне атрыманых ведаў і ўменняў. Пры гэтым абавязковай умовай з’яўляецца сістэмнае выкарыстанне займальных гульняў і практыкаванняў.

Адукацыйная галіна “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі складаецца з некалькіх частак (колькасць і лічэнне, велічыня, геаметрычныя фігуры і форма прадметаў, прастора і час). Педагогамі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы шырока выкарыстоўваюцца наступныя формы і метады прадстаўлення займальнага матэрыялу: сумесная гульня выхавальніка з дзецьмі, самастойная дзейнасць дзяцей, матэматычныя святы і забавы, заняткі (у адпаведнасці з вучэбным планам), адгадванне загадак, займальных пытанняў, жартоўных задачак, галаваломак, чытанне матэматычных казак.
Займальны матэрыял, які выкарыстоўваюць педагогі, не толькі прыносіць дзецям задавальненне і радасць. З яго дапамогай дзеці вучацца правільна паводзіць сябе ў бытавых сітуацыях, спазнаюць нормы паводзін. У іх з’яўляецца цікавасць і павага да працы, жаданне актыўна дапамагаць дарослым у іх справах. Займальны матэрыял аказвае дабратворны ўплыў на маўленне, але ў той жа час патрабуе і ад дзіцяці пэўнага ўзроўню маўленчага развіцця. Любая лагічная задача ці гульня на кемлівасць, для якога б узросту яна ні прызначалася, патрабуе ад малыша пэўных разумовых намаганняў. Часцей за ўсё матэматыка ў задачы замаскіравана займальным сюжэтам. Калі малыш не можа выказаць свае пажаданні, не разумее слоўную інструкцыю дарослага, то ён і не выканае заданне.Эфектыўнасць падрыхтоўкі маленькіх матэматыкаў шмат у чым залежыць ад зместу прадметна-гульнявога асяроддзя ў дашкольнай установе. У нашым цэнтры абсталяваны куткі займальнай матэматыкі. У іх афармленні педагогі выкарыстоўваюць ілюстрацыі з вучэбных дапаможнікаў і дзіцячай мастацкай літаратуры. Адпаведны матэрыял змешчаны на сталах, шафе і палічках. Яркія лічбы, героі казак упрыгожваюць сцены дашкольнай установы. Для арганізацыі калектыўных гульняў і творчай дзейнасці выхаванцаў выкарыстоўваюцца фланелеграф, магнітныя дошкі, лічыльныя палачкі.
Найбольш эфектыўнымі формамі навучання першапачатковым матэматычным уяўленням з’яўляюцца дыдактычная гульня і дыдактычныя гульнявыя практыкаванні, якія стымулююць зносіны паміж дзецьмі, робяць іх больш свабоднымі і эмацыянальнымі. Пры гэтым дзеці засвойваюць веды і набываюць навыкі дзеянняў з адзначанымі прадметамі.
З мэтай папаўнення прадметна-развіццёвага асяроддзя дашкольнага цэнтра сярод педагогаў праводзіўся конкурс на лепшы дыдактычны дапаможнік для дзяцей па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў. Асноўнае прызначэнне створаных рукамі педагогаў дапаможнікаў — забяспечваць практычную дзейнасць дзяцей па фарміраванні новых ведаў. Выкарыстанне гульняў фарміруе асноўныя ўяўленні пра геаметрычныя фігуры, форму, колер, памер. Кожная гульня вырашае пэўную задачу па ўдасканаленні колькасных, прасторавых, часавых уяўленняў дзяцей. Дапаможнікі “Чароўная матэматычная хатка” (выхавальніца В.В.Мацкевіч), “Поры года” (выхавальніцы В.І.Літвіновіч, В.Б.Шмат), “Вясёлыя гномы” (выхавальніца Т.С.Бортнік) вылучаюцца прыгожым афармленнем і насычаным зместам. Для матэматычных дапаможнікаў “Геаметрычны гадзіннік” (выхавальніцы І.В.Карпеева, К.В.Ламека), “Матэматычная карусель” (выхавальніца Т.М.Кіслая) характэрны шматфункцыянальнасць пры арганізацыі гульняў, магчымасць гуляць з імі ўсім дзецям у групе. Часцей за ўсё педагогі выкарыстоўваюць на занятках наступныя гульні: геаметрычнае лато, лагічную гульню “Калумбава яйка”, блокі Дзьенеша.
Дыдактычныя гульні праводзяцца падчас спецыяльна арганізаванай дзейнасці, пры правядзенні матэматычных конкурсаў і ў свабоднай гульнявой дзейнасці.
Асабліва цікавіць старэйшых дашкольнікаў гульня “Калумбава яйка” з выкарыстаннем авала, разрэзанага на 10 частак. Першая частка геаметрычных фігур — гэта трохвугольнікі, другая частка — трохвугольнікі з адной круглай стараной, а трэцяя частка — трапецыі з адной круглай стараной. Такія геаметрычныя формы дазваляюць складаць сілуэты птушак, чалавека, жывёл і развіваюць у дзяцей назіральнасць і геаметрычныя ўяўленні. Матэматычную гульню-канструктар “Калумбава яйка” выкарыстоўваюць не толькі выхавальнікі, але і педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг пры правядзенні заняткаў пазнавальнага цыкла, а таксама для індывідуальнай работы з дзецьмі.Дзецям падабаюцца сюжэтна-дыдактычныя гульні матэматычнага зместу, якія адлюстроўваюць бытавыя з’явы (“Магазін”, “Дзіцячы сад”, “Вандроўка” і інш.), грамадскія падзеі і традыцыі (“Сустрэча гасцей”). У час гульні “Магазін” дзеці ўдасканальваюць навыкі аперацый з лікамі: складанне (пры куплянні некалькіх тавараў лічаць агульную суму пакупкі), адніманне (колькі грошай засталося пасля купляння). Акрамя развіцця элементарных матэматычных уяўленняў, падчас гэтай гульні развіваюцца сацыяльныя навыкі.
На занятках і падчас самастойнай дзейнасці дзяцей выхавальнікі праводзяць рухавыя гульні матэматычнага зместу (“Мядзведзь і пчолы”, “Верабейкі і аўтамабіль”, “На сенажаць па кветкі” і інш.), якія таксама дапамагаюць удасканальваць навыкі лічэння і адпрацоўкі ўменняў параўноўваць.
Дзеці вельмі актыўна ўспрымаюць задачы-жарты, галаваломкі, лагічныя практыкаванні. Яны настойліва шукаюць ход рашэння, які вядзе да выніку. У тым выпадку, калі займальная задача даступная дзіцяці, у яго ўзнікаюць станоўчыя эмоцыі, што стымулюе разумовую актыўнасць. Малыша цікавіць і канчатковая мэта: скласці, знайсці патрэбную фігуру, пераўтварыць — гэта яго захапляе.
Для падтрымання бацькоўскай зацікаўленасці па гэтай тэме аформлены куткі “Займальная матэматыка”. У рубрыцы “Адгадай” змешчаны загадкі на лагічнае мысленне, рыфмаваныя задачы. У рубрыцы “Вясёлы лік” можна знайсці лічылкі, пальчыкавыя гульні, заданні на замацаванне лікавага рада, парадкавага лічэння. У “Лабірынце” прапаноўваюцца заданні на арыенціроўку ў прасторы, якія фарміруюць уважлівасць, уседлівасць, уяўленне. У рубрыцы “Рэбусы, галаваломкі” можна знайсці матэматычныя рэбусы, розныя лагічныя галаваломкі.
З мэтай азнаямлення бацькоў з вынікамі дзейнасці дзяцей па матэматыцы афармляюцца выставы “Наша творчасць”, дзе змяшчаюцца работы выхаванцаў. Дзеці малююць рэбусы, лічбы, розныя фігуры. У мастацкім афармленні выставы выхавальнікі выкарыстоўваюць геаметрычныя арнаменты і сюжэтныя малюнкі з геаметрычных фігур.
Такім чынам, работа па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў у дзяцей дашкольнага ўзросту дае станоўчыя вынікі. У выхаванцаў павялічваецца цікавасць да інтэлектуальных гульняў, а бацькі больш увагі ўдзяляюць развіццю лагічнага мыслення ў дзяцей. Па выніках дыягностыкі адзначана станоўчая дынаміка ў фарміраванні ў дзяцей элементарных матэматычных уяўленняў. Нашы выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі раённай матэматычнай алімпіяды “Малышок” сярод выхаванцаў 5—6 гадоў устаноў дашкольнай адукацыі Зэльвенскага раёна.

Таццяна КАРАВАЙЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы.