Закладзена база для таго, каб зрабіць Аршанскі раён узорным, арыенцірам для іншых

- 10:26Інфармацыйная гадзіна

Асноўны аб’ём работ па мадэрнізацыі прадпрыемстваў Аршанскага раёна разгорнецца ў 2018 годзе. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, які знаходзіўся з рабочай паездкай у Віцебскай вобласці.

Андрэй Кабякоў пабываў на ключавых прадпрыемствах Аршанскага раёна, каб ацаніць, як выконваюцца даручэнні кіраўніка дзяржавы па іх развіцці. “Гаварыць аб тым, што прадпрыемствы рванулі наперад, пакуль, на жаль, нельга. Але важна, што яны вызначыліся са сваімі перспектывамі і бачаць іх. У пераважнай большасці выпадкаў інвестыцыйныя праекты ўжо маюць прапрацаваныя крыніцы фінансавання. Асноўны аб’ём работ, звязаны з мадэрнізацыяй, укараненнем новых тэхналогій, набыццём сучаснага абсталявання, разгорнецца ў 2018 годзе і часткова будзе завершаны ў 2019-м. Ёсць сур’ёзныя разлікі па рынках, напрамках збыту прадукцыі”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Кіраўнік урада адзначыў, што кіраўнікі прадпрыемстваў зрабілі на яго добрае ўражанне. “Відаць, што яны ведаюць, што трэба рабіць, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — З вясны значна ўмацаваны кадравы патэнцыял дырэктарскага корпуса. Адбыліся замены, і я заўважаю, што кіраўнікі глыбока разумеюць вытворчасць, ведаюць тэхналогіі, бачаць перспектывы”.

Даючы агульную ацэнку ўбачанаму, Андрэй Кабякоў дадаў, што “закладзена база для таго, каб зрабіць з Аршанскага раёна ўзорны, які будзе арыенцірам для іншых”. Аднак усіх чакае вельмі вялікая работа. “Існуючыя на прадпрыемствах праблемы вельмі глыбокія. Яны не вырашаюцца за дзень, за месяц і нават за год”, — рэзюмаваў ён.

На Аршанскім авіярамонтным заводзе ў пасёлку Балбасава размова ішла аб рэалізацыі інвестпраекта, аб праблемах у рабоце прадпрыемства і будаўніцтве мультымадальнага прамыслова-лагістычнага цэнтра. Рэалізацыю інвестыцыйных праектаў абмеркавалі таксама на прадпрыемстве “Тэхніка сувязі” ў горадзе Барань. У ААТ “Завод “Легмаш” Андрэю Кабякову далажылі аб выкананні даручэнняў урада па нармалізацыі работы і рэалізацыі інвестпраектаў па стварэнні вытворчасці балонаў высокага ціску і абсталявання для нафтагазавай прамысловасці. Кіраўнік урада наведаў ААТ “Аршанскі інструментальны завод” і “Завод прыбораў аўтаматычнага кантролю”.

На сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Вусце” Нацыянальнай акадэміі навук абмяркоўвалася падрыхтоўка да будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 1 тысячу галоў і комплексу для падрыхтоўкі насення сельскагаспадарчых культур аб’ёмам 10 тысяч т у год.

Андрэй Кабякоў наведаў бальніцу імя Сямашкі, дзе ішла размова аб тым, як выконваюцца даручэнні прэзідэнта па завяршэнні будаўніцтва лячэбнага корпуса медыцынскай установы.

Акрамя таго, у Оршы былі абмеркаваны выкананне даручэнняў урада па выхадзе на бясстратную работу ў развіцці прадпрыемстваў Мінбудархітэктуры і меры па ліквідацыі недахопаў у рознічным гандлі раёна.