Залатая іголка

- 10:40World Skills

Гэтымі днямі наша зборная WorldSkills вярнулася з чэмпіянату краін-членаў Еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы (WorldSkills Russia)” — 2017, які прайшоў 15—19 мая ў Краснадары. У склад нашай каманды ўвайшлі 35 чалавек. У ліку іх навучэнцы каледжаў, студэнты ўніверсітэтаў і маладыя рабочыя ва ўзросце да 22 гадоў з розных рэгіёнаў краіны. Канкурсанты спаборнічалі па 29 кампетэнцыях у 6 сферах дзейнасці. У выніку напружанай барацьбы з іншымі камандамі, якія бралі ўдзел у чэмпіянаце, наша нацыянальная зборная заваявала 2 залатыя медалі (па кампетэнцыi “Тэхналогія моды” — Вольга Кушнер, навучэнка Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну; па кампетэнцыі “Вытворчасць мэблі” — Іван Скорб, студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта), 21 сярэбраны і 6 бронзавых медалёў.

Сёння мы раскажам пра залатую медалістку Вольгу Кушнер.

Тры гады назад дзяўчына паступіла ў Гродзенскі каледж тэхнікі, тэхналогіі і дызайну на спецыяльнасць “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў (мадэляванне, канструяванне і тэхналагічнае забеспячэнне)”.
— Я не выпадкова выбрала гэтую спецыяльнасць, — расказала Вольга. — Мяне з дзяцінства цягнула да творчасці, хацелася нешта рабіць сваімі рукамі: шыць, вязаць, вышываць, і такім чынам увасобіць у працы свае мары і фантазіі. А калі я прыйшла ў каледж, то адразу адчула, што ўся атмасфера навучальнай установы выклікае прыхільнасць да творчага падыходу ў справе. Для вучобы і рэалізацыі творчых задумак створаны ўсе ўмовы. Побач з кожным выхаванцам працуюць цудоўныя педагогі. Таму і нядзіўна, што я вучуся з цікавасцю і прыходжу ў каледж з жаданнем ствараць штосьці новае ў швейным мастацтве.

Дзякуючы ініцыятыве, арганізатарскім здольнасцям дырэктара каледжа Святланы Сяргееўны Шока, яе клопату пра каледж і яго калектыў і з мэтай стварыць усе аптымальныя магчымасці для развіцця творчых схільнасцей навучэнцаў, ва ўстанове адукацыі створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база, вучэбна-вытворчыя майстэрні аснашчаны сучасным абсталяваннем з праграмным кіраваннем, высокатэхналагічнай раскройнай тэхнікай, ажыццяўляецца работа з САПР. Усё гэта дае магчымасць падрыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў. Акрамя таго, каледж наладзіў цесныя, эфектыўныя сувязі з прадпрыемствамі для таго, каб навучэнцы каледжа маглі асвойваць практычныя навыкі на вытворчасці. Гэтак жа пры падрыхтоўцы да чэмпіянату былі арганізаваны стажыроўкі на вядучым прадпрыемстве горада ААТ “Ювіта”.

Вольга Кушнер наведвае гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці, факультатыўныя заняткі па спецдысцыплінах. Яе работы прадстаўляюцца на абласных і рэспубліканскіх выставах. Дзяўчына актыўна займаецца даследчай работай. Яна распрацоўвае калекцыі адзення для тэатра моды каледжа і сцэнічныя касцюмы для аркестра барабаншчыц, прымае ўдзел у эскізных турах “Млына моды”. Актыўна ўдзельнічае ў творчых тыднях каледжа з майстар-класамі і выставамі.

— Пачынаючы з 1 курса вучобы ў каледжы Вольга праяўляла вялікую цікавасць да прафесіі, таму педагогі яе адразу вызначылі як таленавітую, творчую натуру і абралі членам каманды пры падрыхтоўцы да абласнога этапу ІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016, — паведаміла загадчыца аддзялення каледжа Маргарыта Сяргееўна Сазанкова. — У 2016 годзе ў абласным этапе ІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016 Вольга заняла 1-е месца па кампетэнцыі “Дызайн адзення”.

А потым перамогі пасыпаліся, як з рога дастатку, што яшчэ раз пацвердзіла ў дзяўчыны талент, працавітасць і творчую іскру. Вольга ў мінулым годзе стала пераможцай II Рэспубліканскага чэмпіянату WorldSkills Беларусь — 2016 па кампетэнцыі “Дызайн адзення”. У красавіку гэтага года яна заняла 2-е месца ў Агульнапольскім конкурсе маладых дызайнераў у Гданьску. І вось яшчэ адна перамога чэмпіянату краін — членаў Еўразійскай прасторы ў фінале V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) па кампетэнцыі “Тэхналогія моды”.

Для падтрымкі канкурсанткі на чэмпіянаце ў Краснадары ў якасці трэнера была дэлегавана майстар вытворчага навучання Галіна Валянцінаўна Асіпюк, якая на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі Вольгі ў каледжы была яе настаўнікам і старэйшым сябрам. У ролі нацыянальнага эксперта на чэмпіянаце выступіла выкладчык спецдысцыплін вышэйшай катэгорыі каледжа Наталля Іванаўна Юхневіч.

— Мой медаль складаецца з мноства залатых крупінак прафесійнага майстэрства маіх педагогаў, усяго калектыву каледжа, — падзялілася Вольга. — Толькі ў каманднай працы можна дабіцца высокіх вынікаў. Спадзяюся, што такім жа высокім будзе мой вынік на сусветным чэмпіянаце ў Абу-Дабі.

Ала КЛЮЙКО.