27 студзеня на хакейнай каробцы па вуліцы Заходняй, 12 стартавалі спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сярод клубаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт”.
Шэсць клубаў цэнтра (“Пунсовыя ветразі”, “Зарніца”, “Космас”, “Крыніца”, “Паўночнае ззянне” і “Спадарожнік”) выставілі свае каманды для ўдзелу. У паядынках ніхто не хацеў саступаць. Упартая барацьба была нават у матчы за пятае месца. А кульмінацыяй дня стаў фінал, дзе каманда клуба “Пунсовыя ветразі” з відавочнай перавагай (лік 15:5) выйграла ў каманды клуба “Спадарожнік” і стала пераможцай!
Якасны лёд і хакейную пляцоўку ў добрым стане падтрымлівае педагог дадатковай адукацыі цэнтра “Росквіт” Аляксандр Сяргеевіч Цык. На працягу многіх гадоў разам са сваімі выхаванцамі ён пры першых маразах і да апошняга зімовага дня залівае каток, чысціць лёд, снег, сочыць за бяспекай знаходжання дзяцей на катку. Менавіта яго каманда стала пераможцай у спаборніцтвах. Па добрай традыцыі, каманды атрымалі дыпломы і кубкі.
Алена ЧАБАТАРОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска.