Замацаваны ўзгоднены падыход дзяржаў СНД да рэалізацыі эканамічных інтарэсаў

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

На саміце Садружнасці ў Ашхабадзе была прынята Дэкларацыя аб стратэгічным эканамічным супрацоўніцтве краін СНД.

Дакумент фарміруе ўзгоднены падыход да рэалізацыі эканамічных інтарэсаў Садружнасці і кожнай з дзяржаў СНД. Дэкларацыя накіравана на стварэнне эфектыўных механізмаў парт­нёрства, якія дадуць магчымасць удасканальваць развіццё эканамічных сувязей як у Садружнасці, так і ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Як расказаў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БелТА, старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, дэкларацыя распрацавана з улікам працэсаў лічбавізацыі. Ініцыятыва аб падрыхтоўцы дэкларацыі і яе падпісанні раней была вылучана Прэзідэнтам Туркменістана. “Яна адразу ж атрымала падтрымку дзяржаў СНД. На працягу двух гадоў вялася карпатлівая работа па ўзгадненні тэксту дэкларацыі”, — адзначыў Сяргей Лебедзеў.

Адказваючы на пытанне, чаму ўзнікла неабходнасць у такім дакуменце, нягледзячы на і так актыўнае эканамічнае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў Садружнасці, выканаўчы сакратар СНД сказаў: “Праходзіць час, і многія дакументы, якія рэгламентуюць нашы эканамічныя ўзаемаадносіны, паступова становяцца ўстарэлымі. З’яўляюцца новыя моманты ў міжнародным жыцці, эканамічных узаемаадносінах. І гэтая дэкларацыя якраз актуалізавала нашы патрэбнасці ў развіцці эканамічных сувязей. Туды прыцягнуты новыя элементы. У прыватнасці, з’явіўся такі тэрмін, як “лічбавізацыя” — укараненне лічбавай эканомікі”.

Такім чынам, у праекце дэкларацыі змешчаны палажэнні, актуаль­ныя для эканамічных узаемаадносін дзяржаў Садружнасці. “Яна атрымала падтрымку ва ўсіх краінах СНД. Сумесна была ўзгоднена і распрацавана. Прадстаўнікі дзяржаў дапоўнілі яе сваімі прапановамі. Мы спадзяёмся, што гэты важны і грунтоўны дакумент будзе рэгламентаваць напрамкі дзейнасці ў эканамічным узаема­дзеянні на найбліжэйшыя гады”, — дадаў Сяргей Лебедзеў.