Замест кантролю — аўдыт, замест крызісу — “гіпс”

- 11:34Вышэйшая школа

Днямі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў з рабочым візітам наведаў дырэктар Інстытута культуры Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў, Польшча), доктар гуманітарных навук у галіне менеджменту, магістр польскай філалогіі Роман Батка.

Заснаваны ў 1364 годзе польскім каралём Казімірам ІІІ, Ягелонскі ўніверсітэт з’яўляецца адным са старэйшых і самых прэстыжных універсітэтаў у Еўропе, а Ягелонскім ён называецца таму, што асаблівага росквіту дасягнуў у пачатку ХV стагоддзя, калі апеку над ім узяў асабіста кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі Ягайла, аказваючы асаблівую падтрымку студэнтам, выхадцам з тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Сёння Ягелонскі ўніверсітэт — гэта шырока разгалінаваная адукацыйная структура, якая ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па 26 кірунках і 127 спецыяльнасцях. У кракаўскай альма-матар вучыцца каля 50 тысяч студэнтаў з усяго свету. Для іх выкладаюць каля 4 тысяч выкладчыкаў, у тым ліку каля 700 прафесараў, сярод іх і Роман Батка.

І таму была абсалютна невыпадковай цікавасць студэнтаў і магістрантаў факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў да сустрэчы з шаноўным госцем з Польшчы, які прачытаў для іх паўтарагадзінную лекцыю “Працэс кіравання ва ўстановах культуры — польскія даследаванні”.

У сваёй лекцыі пан Роман нагадаў слухачам, што менеджмент у культуры заключаецца ў тым, што трэба не толькі браць пад увагу ўсе адзінкі, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, але і глядзець на ўвесь працэс у поўным разрэзе. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што аднолькава значную ролю ў функцыянаванні ўстаноў культуры адыгрываюць як іх кіраўнікі, так і лідары з нізоў, якія вядуць за сабой людзей.

Прафесар з Кракава паслядоўна і падрабязна прааналізаваў працэс менеджменту ва ўстановах культуры, пачынаючы з уваходу ў гэты працэс і заканчваючы яго чаканымі вынікамі на выхадзе. Асобна ён спыняўся на яго канкрэтных складніках, такіх як людзі, рэсурсы (фінансы, інфраструктура, веды), тэхналогіі, правілы і патрабаванні. Свае тэзісы ён пастаянна ілюстраваў разнастайнымі схемамі, дыяграмамі і табліцамі на вялікім экране.

Пан Роман асабліва падкрэсліў, што ў адрозненне ад любых іншых відаў дзейнасці, напрыклад, бізнесу, культурны працэс не мае на ўвазе стварэнне матэрыяльных дабротаў, а прычыняецца да фарміравання агульнага разумення дабра і духоўнага багацця, якія і з’яўляюцца выніковымі прадуктамі ўсіх працэсаў кіравання ў сістэме культуры. Тым не менш гэтыя працэсы маюць сваю строгую логіку, і вельмі важнымі складнікамі тут з’яўляюцца стратэгічнае планаванне, маніторынг ужо дасягнутых поспехаў, мадэляванне будучых вынікаў, аператыўная дзейнасць і інш. Прычым гэтыя складнікі па сваёй сутнасці вельмі розныя ў залежнасці ад тыпу культурных інстытуцый. Аднолькавым для ўсіх устаноў будзе хіба сам прынцып карыстання картай працэсу кіравання. Яна ў нечым падобна да карты Google — не павялічваючы яе, можна паглядзець на ўвесь працэс як бы з вышыні спадарожніка і ўбачыць агульную задачу, а памяншаючы — вызначыць менш маштабныя задачы ажно да канкрэтных патрабаванняў да таго ці іншага супрацоўніка ўстановы. Трэба адзначыць, што, гаворачы пра такія сур’ёзныя рэчы, польскі прафесар не раз звяртаўся да адметных метафар і сімвалаў. Так, закранаючы пытанне пра антыкрызіснае кіраванне ўстановы культуры і пакрокавае планаванне яе дзейнасці, ён параўнаў гэты працэс з накладаннем гіпсу чалавеку, які зламаў руку ці нагу. Не кожнай установе хочацца “хадзіць у гіпсе”, не кожнаму супрацоўніку хочацца, каб кожны яго крок быў строга распланаваны, але ўсе — і кіраўнік установы, і яе супрацоўнікі — цудоўна ведаюць, што гэта вымушаная і часовая мера і што, калі сітуацыя выправіцца, гэты “гіпс” абавязкова будзе зняты.

Адзін з найважнейшых сэнсавых момантаў лекцыі Романа Баткі заключаўся ў тым, што па меры развіцця інфарматызацыйных працэсаў і пашырэння сферы выкарыстання штучнага інтэлекту перад менеджарамі ад культуры будзе станавіцца ўсё больш актуальным пытанне аб тым, каб кіраваць не, так бы мовіць, вытворчасцю, а вольным часам, якога ў людзей з цягам часу будзе ўсё больш і больш. “Самая вялікая дэпрэсія апаноўвае чалавека тады, калі ён застаецца без працы”, — падкрэсліў лектар. Пры гэтым, па словах пана Романа, кантроль супрацоўнікаў установы з боку кіраўніка будзе ўсё больш выцясняцца аўдытам як больш прагрэсіўным інструментам менеджменту.

Напрыканцы лекцыі пан Роман Батка на прыкладзе некалькіх музейных устаноў Польшчы пазнаёміў прысутных з асноўнымі прынцыпамі дзейнасці сучаснай сістэмы кіравання бізнес-працэсамі “Адоніс”, пасля чаго беларускія слухачы змаглі задаць прафесару пытанні і выслухаць вычарпальныя адказы.

Таксама падчас свайго візіту прафесар з Польшчы разам з выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прыняў удзел у круглым стале па пытаннях адукацыі ў сферы культуры ў рамках Балонскага працэсу, акадэмічных абменаў паміж студэнтамі, сумесных навуковых даследаванняў і канферэнцый.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.