Замежная мова ў сусветным кантэксце

- 13:58Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт — флагман моўнай адукацыі ў нашай краіне. Менавіта адсюль пачынаюцца змены, якія тычацца вывучэння замежнай мовы, методыкі яе выкладання на ўсіх ступенях навучання. Сёння рэктар МДЛУ Наталля Пятроўна БАРАНАВА дзеліцца з намі асноўнымі кірункамі развіцця моўнай адукацыі ў нашай краіне згодна з сусветнымі тэндэнцыямі.

— Наталля Пятроўна, некалькі гадоў назад мы зрабілі сур’ёзны крок і ўзмацнілі камунікатыўную накіраванасць пры вывучэнні замежнай мовы, але ж, напэўна, трэба рухацца далей?

— Сапраўды, цяпер гэтага недастаткова. Рэзервы такога кроку выкарыстаны. Нам неабходна перагледзець падыходы да здачы выпускнога экзамену па замежнай мове. Гаворка не ідзе пра карэнныя змены, неабходна пэўная карэкціроўка, каб палепшыць практычны ўзровень авалодання замежнай мовай выпускнікамі школ.

Пра што ідзе гаворка? Напрыклад, можна даць сказ, у якім трэба дзеяслоў паставіць у неабходную форму ці падставіць прыназоўнікі, прыслоўі. А можна такія ж заданні паставіць у кантэксце тэксту, у якім можна не ведаць нейкага слова, што не паўплывае на агульнае разуменне сэнсу прапанавага тэксту. Усе краіны, фарміруючы свае экзамены па замежнай мове, пайшлі менавіта такім шляхам. Мы ж затрымліваемся, і гэта патрабуе абмеркавання, прычым вельмі сур’ёзнага. Калі мы не зробім наступны крок, то зноў пачнём адставаць.

Думаю, што ўвядзенне профільнага навучання палегчыць нам гэты крок, сутнасць якога ў тым, што мы павінны працягваць прапаноўваць школе тэхналогіі вывучэння моўных норм у працэсе авалодання маўленнем на замежнай мове. Пакуль у нас атрымліваецца, што вучні ведаюць правіла і горш гавораць або лепш гавораць, але горш ведаюць правіла. Таму недзе ў 11 класе перад многімі школьнікамі паўстае няпросты выбар. Для таго каб здаць школьны экзамен па замежнай мове, неабходна працаваць над маўленнем. А каб добра выканаць заданні ЦТ па замежнай мове, трэба ведаць моўныя нормы. А добрае маўленне і веданне норм неабходна аб’яднаць, як таго патрабуюць сучасныя тэндэнцыі.

Апошнім часам мы шмат увагі ўдзялялі аналізу зместу, формам правядзення выпускнога экзамену ў іншых краінах свету (Расіі, краінах Прыбалтыкі, Германіі, Вялікабрытаніі, Кітаі, Украіне). У шэрагу краін выпускны экзамен аб’яднаны з уступным (Расія, Кітай), а ў некаторых — прынцыпова раздзелены, як гэта зроблена ў нас.

Чаму гэта было зроблена ў нас? Наша ЦТ не ўключае праверку пісьмовай мовы і праверку ўспрымання маўлення на слых. Але менавіта апошняе важна для пераважнай колькасці выпускнікоў, якія будуць працягваць навучанне ў вышэйшай школе па нямоўных спецыяльнасцях. Ім неабходна ўмець працаваць з тэкстамі і разумець прафесійна-арыентаванае маўленне на слых. Гэтыя два моманты правяраюцца на выпускным экзамене па замежнай мове.

Галоўная памылка, якую мы цяпер дапускаем (у школах, універсітэтах), у тым, што не вучым бесперакладному ўспрыманню замежнай мовы, таму многія будуюць фразы на замежнай мове па аналогіі з роднай мовай. Так рабіць нельга. Сказы ў адпаведнасці з нормамі і патрабаваннямі будаваць трэба адразу на замежнай мове. І вось тут трэба думаць пра нашу далейшую траекторыю руху, каб ісці наперад.

У шэрагу краін такі чарговы крок зроблены. У прыватнасці, гэта зроблена і ў Еўропе, што вынікае з рэкамендацый Камітэта па адукацыйнай палітыцы і практыцы Савета Еўропы краінам у галіне далейшага развіцця моўнай адукацыі. Думаю, што і нам прыйшоў час гэта зрабіць. Мы павінны ўважліва вывучыць гэтае пытанне, бо яно надзвычай важнае, перагледзець (ледзь-ледзь) свае праграмы і ў значнай ступені тыя дыдактычныя матэрыялы і вучэбна-метадычныя комплексы, якія сёння прапаноўваем школьнікам.

— Тут жа ўзнікае пытанне з педкадрамі. Там, дзе настаўнік валодае размоўнымі нормамі замежнай мовы, мы бачым добрыя вынікі ў школе. А там, дзе ёсць цяжкасці, вынікі не вельмі высокія.

— Праблему пастаяннага павышэння кваліфікацыі настаўнікаў замежнай мовы я смела б вызначыла як праблему № 1. Настаўнік, працуючы ў рэгіёне, у далечыні ад моўных цэнтраў, часта застаецца адзін на адзін са сваімі праблемамі. У яго пачынае “садзіцца” маўленне, якое недзе і неяк трэба падтрымліваць.

Мы павінны задумвацца і аб дыстанцыйных курсах павышэння кваліфікацыі, і аб вочна-дыстанцыйнай форме такіх курсаў. У сістэме павышэння кваліфікацыі настаўнікаў павінны адбыцца змены. Мы таксама думаем над тым, каб прапаноўваць школьнаму настаўніку прынцыпова новыя праграмы павышэння кваліфікацыі, інакш ім не справіцца з тымі важнымі задачамі, якія паўсталі.

У нас многа выдатных педагогаў, многа тых, хто працуе па ўласных методыках. Але ёсць і такія, якія лічаць, што робяць усё, як трэба, але пры гэтым памыляюцца. Цудоўнай дапамогай пры вывучэнні замежнай мовы і ў вырашэнні тых задач, якія сёння стаяць у сферы навучання замежнай мове (у школе і на іншых этапах адукацыі), стала б стварэнне адукацыйнага партала па замежных мовах. Мы цяпер думаем, як ажыццявіць такі праект. Было б выдатна, каб у адным месцы настаўнік мог атрымліваць неабходную дапамогу, выказваць сваё меркаванне, уступаючы ў прафесійную дыскусію.

— Наталля Пятроўна, а наколькі ўніверсітэт гатовы да школьных змен у працэсе авалодання замежнай мовай?

— Працэс навучання ў нашым універсітэце апошнім часам вельмі змяніўся. Калі б нашы выпускнікі, якія вучыліся пяць гадоў назад, зноў селі за парты, то вельмі б здзівіліся.

Мы адважваемся на тое, каб стаць Беларускім нацыянальным універсітэтам сусветных моў і культур, таму наш галоўны клопат сёння пра якасць адукацыі і пра пашырэнне спектра моў, якія вывучаюцца. У наступным годзе плануем уводзіць вывучэнне ўрду і хіндзі. У нас будуць працаваць выкладчыкі з Індыі і Пакістана, бо мы заключылі дамовы на стварэнне цэнтраў па вывучэнні ўрду і хіндзі ў нас і беларускай і рускай моў ва ўніверсітэтах Індыі і Пакістана.

У мінулым годзе ў нас было адкрыта вывучэнне партугальскай мовы, якая выкарыстоўваецца не толькі ў Партугаліі, але і ў шэрагу краін Лацінскай Амерыкі. У нас працуе выкладчык з Рыа-дэ-Жанэйра. Мы ўвялі вывучэнне венгерскай мовы. Сёлета ўжо другі раз нашы студэнты паедуць на моўную стажыроўку ў Венгрыю. Тут нам таксама дапамагаюць выкладчыкі з Венгрыі.

У будучым адбудзецца далейшае папаўненне спектра моў, якія вывучаюцца. Безумоўна, паралельна мы працуем над якасцю іх выкладання, бо хочацца забяспечыць прыстойную падрыхтоўку спецыялістаў па замежных мовах для ўсіх сфер сёння і заўтра.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.