Сёлета ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на ўсе формы навучання залічаны 1152 замежнікі (у 2012 годзе — 894). Гэта найвышэйшы паказчык за ўсю гісторыю БДУ.
За замежным студэнтам едуць
Самымі папулярнымі сярод замежнікаў з’яўляюцца сацыяльна-гуманітарныя факультэты: міжнародных адносін, эканамічны, філалагічны, юрыдычны, журналістыкі, гуманітарны. Паступаюць замежныя грамадзяне і на прыродазнаўчыя факультэты, напрыклад, геаграфічны, біялагічны, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, хоць вучыцца там без добрай падрыхтоўкі даволі складана.
Зараз у БДУ вучацца 2620 замежнікаў з 42 краін свету, што на 150 чалавек больш у параўнанні з мінулым годам. Цікава, што і геаграфія краін, з якіх яны прыехалі, пашыраецца. Так, у апошнія гады, акрамя грамадзян Кітайскай Народнай Республікі, Рэспублікі Карэя, Туркменістана, Казахстана і іншых азіяцкіх краін, у БДУ прыязджае ўсё больш студэнтаў з Еўропы. Сёлета, напрыклад, да вучобы ва ўніверсітэце прыступілі грамадзяне Германіі, Іспаніі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Славеніі, Фінляндыі, Швецыі.
Трэба сказаць, што ў БДУ не сядзяць і не чакаюць, што замежнікі завітаюць самі. Тут перагледзелі падыходы да гэтай справы і перайшлі ад пасіўнага чакання да актыўнай маркетынгавай палітыкі. Начальнік упраўлення міжнародных сувязей БДУ Вадзім Рэзнікаў гаворыць, што прыйшлося вызначыцца, на якое менавіта замежжа ўніверсітэту лепш арыентавацца. І найбольшую ўвагу вырашылі ўдзяліць тым рэгіёнам, дзе насельніцтва карыстаецца рускай мовай.
Штогод прадстаўнікі ўніверсітэта бяруць удзел больш чым у 10 міжнародных адукацыйных форумах. Прычым стараюцца ехаць з прэзентацыямі ў тыя краіны, дзе, па іх меркаванні, абавязкова знойдуць водгук сярод абітурыентаў. Верагоднасць гэтага спецыяльна прапрацоўваецца ў Цэнтры міжнароднага маркетынгу БДУ.
Напрыклад, у 2013 прадстаўнікі ўніверсітэта пабывалі на адукацыйных форумах у Казахстане, Туркменістане, Азербайджане, Узбекістане, Расіі. Адна з выстаў праходзіла ў Баку, і спецыялісты ўпраўлення міжнародных сувязей заўважылі, што бацькі азербайджанскіх школьнікаў мэтанакіравана шукалі стэнд БДУ. Многія з іх памятаюць універсітэт яшчэ з савецкага часу і чулі, што сёння ён займае лідзіруючыя пазіцыі сярод вышэйшых навучальных устаноў краін СНД. Пры гэтым кошт навучання ў БДУ застаецца даступным.
На думку Вадзіма Рэзнікава, хутка ва ўніверсітэце пачнуць пераважаць студэнты з Расіі і Казахстана. Гэта пацвярджаюць і лічбы. Калі ў 2012 годзе з Казахстана ў БДУ паступіла ўсяго некалькі чалавек, то цяпер, пасля паездкі супрацоўнікаў універсітэта ў гэтую краіну, у БДУ прыехала вучыцца ўжо некалькі дзясяткаў казахаў.
Нягледзячы на тое, што дзелавыя камандзіроўкі патрабуюць немалых выдаткаў, ва ўніверсітэце лічаць, што затраты ў хуткім часе вернуцца з лішкам. Нават адзін студэнт-замежнік, які будзе прыцягнуты на вучобу ў БДУ дзякуючы такім мерапрыемствам, можа за год кампенсаваць усе камандзіровачныя выдаткі.
Інтарэсы замежнікаў улічваюць
Маркетынгавая стратэгія ўніверсітэта, безумоўна, прадугледжвае і ўдасканаленне адукацыйнага прадукту, які прапаноўваецца на міжнародных адукацыйных выставах для патэнцыяльнага замежнага абітурыента. Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людмілы Хухлындзінай, поспеху прыёмнай кампаніі паспрыяў новы парадак прыёму на платную форму навучання грамадзян краін ЕўрАзЭС. У выніку 112 чалавек з Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Таджыкістана і Кіргізіі былі залічаны ў БДУ як замежныя грамадзяне — гэта значыць, пасля субяседавання і праверкі ўзроўню валодання рускай мовай. Яшчэ 90 замежнікаў з краін ЕўрАзЭС паступілі на першы курс на тых жа ўмовах, што і беларускія грамадзяне: па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.
Гэтыя лічбы ў некалькі разоў пераўзыходзяць паказчыкі папярэдніх гадоў, калі многія грамадзяне Расіі, Казахстана, Таджыкістана і Кіргізіі не паспявалі
даехаць на цэнтралізаванае тэсціраванне, што і вырашала іх далейшы лёс. Таму Міністэрства адукацыі Беларусі дазволіла ім паступаць па выніках субяседавання, як гэта робяць іншыя замежнікі з далёкіх краін. Чакаецца, што дзякуючы новаўвядзенню колькасць студэнтаў з Расіі, Казахстана, Таджыкістана і Кіргізіі будзе павышацца. Дадатковая магчымасць стаць студэнтам БДУ, хоць і на ўмовах крыху большай аплаты, ім падалася даспадобы.
Яшчэ адным прывабным момантам для замежных грамадзян павінен стаць пераход БДУ на новыя адукацыйныя стандарты, якія прадугледжваюць навучанне па сістэме 4+2. Па гэтай сістэме працуюць універсітэты ЗША і Еўропы. Нядаўна яна стала нормай для краін СНД і Прыбалтыкі. Апошнім часам у БДУ навучанне па сістэме 4 гады на першай ступені плюс 2 гады ў магістратуры вядзецца больш чым на 80% спецыяльнасцях. Да таго ж стандарты новага пакалення ў БДУ па змесце і структуры гарманізаваны з адукацыйнымі стандартамі Расійскай Федэрацыі.
І на першай, і на другой ступенях навучання ў БДУ з’явілася шмат новых спецыяльнасцей, якія запатрабаваны сучасным рынкам працы. Напрыклад, на эканамічным факультэце на другой ступені навучання адкрылі такія спецыяльнасці, як “Інавацыйны менеджмент”, “Фінансы і крэдыт”, на якіх студэнты атрымліваюць дадатковыя прафесійныя веды, прычым без неабходнасці здачы кандыдацкіх экзаменаў, што дагэтуль бянтэжыла многіх замежнікаў.
Такім чынам, магістратура цяпер не толькі навукова-даследчая, але і практыка-арыентаваная. Гэта абумовіла значны рост агульнай колькасці замежнікаў на другой ступені навучання ў БДУ. Калі ў 2012 у магістратуру паступіла 135 замежных грамадзян, то цяпер — ужо 257.
Трэба сказаць, што ў апошні час у БДУ назіраецца новая тэндэнцыя: кітайскіх студэнтаў, якія гадоў пяць назад колькасна пераважалі на ўсіх факультэтах, становіцца менш, а туркменскіх студэнтаў, наадварот, — больш. Сярод залічаных на першую ступень навучання ў гэтым навучальным годзе — 229 грамадзян Туркменістана (у 2011 годзе было 167, у 2012 годзе — 207.) У той жа час на першы курс прыняты 61 грамадзянін Кітая (у 2011 годзе было залічана 138 кітайцаў, а ў 2012 годзе — 84).
Паступіць дапамагае ФДА
У замежнага грамадзяніна ёсць дзве магчымасці стаць студэнтам БДУ. Замежнік, які добра валодае рускай мовай і вывучаў яе на папярэдняй ступені адукацыі, паступае ва ўніверсітэт па выніках субяседавання. У тым выпадку, калі ён дрэнна размаўляе па-руску, залічваецца на падрыхтоўчае аддзяленне БДУ. Па словах дэкана факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ Вячаслава Малафеева, аўтарскі вучэбна-метадычны комплекс па рускай мове як замежнай, які быў распрацаваны выкладчыкамі падрыхтоўчага аддзялення, дазваляе асвоіць рускую мову на дастатковым узроўні для навучання ва ўніверсітэце.
Падрыхтоўка па рускай мове на ФДА прадугледжвае 900 гадзін, а па двух профільных прадметах — 300 гадзін. Акрамя гэтага, на факультэце працуюць курсы рускай мовы для тых замежных слухачоў, якія плануюць вучыцца ў магістратуры. У апошнія тры гады гэтыя курсы актыўна выбіраюць грамадзяне Рэспублікі Карэя. Калі ў 2010/2011 навучальным годзе іх было 22, то ў 2012/2013 навучальным годзе — ужо 66 чалавек. Зараз да навучання на падрыхтоўчым аддзяленні прыступіла мэтавая група (57 слухачоў) з карэйскага ўніверсітэта Халім, з якім БДУ мае адпаведнае пагадненне.
Цяпер на ФДА праходзіць навучанне 171 замежнік (у 2012 годзе — 140), а на курсах рускай мовы ўжо вучацца 56 слухачоў (у 2012 годзе было 38). Слухачамі факультэта сталі прадстаўнікі 18 краін. Сярод іх грамадзяне Кітая, Туркменістана, Республікі Карэя, Турцыі, Ірака, Ірана, Венесуэлы, Нігерыі, Японіі і іншых.
Статыстыка сведчыць, што тры чвэрці выпускнікоў падрыхтоўчага аддзялення паспяхова працягваюць навучанне ў БДУ. Але Вячаслаў Малафееў гаворыць, што падрыхтоўчы факультэт, які ён узначальвае, выконвае і яшчэ адну важную для замежнікаў функцыю — дапамагае хуткай сацыяльна-культурнай адаптацыі ў новай для іх краіне.
Паспяховасць замежнікаў
Выкладчыкі БДУ наракаюць на тое, што ў ходзе субяседавання часта складана высветліць, наколькі веды замежнага абітурыента, які не вучыўся на падрыхтоўчым аддзяленні, адпавядаюць запытам універсітэта. Звязана гэта з тым, што правілы правядзення субяседавання для замежнікаў спрошчаны ў параўнанні з іспытамі для беларускіх абітурыентаў. Да таго ж далёка не ўсе замежнікі праходзяць субяседаванне па прадметах. Агаворана, што тыя, у каго адзнака ў атэстаце не ніжэй за 4 балы, вызваляюцца ад такога абавязку і павінны прадэманстраваць толькі веданне рускай мовы. Па-другое, нават для тых, у каго гэтая адзнака ніжэй за 4 балы, субяседаванне па ўсіх трох прадметах праводзіцца ў адзін дзень і прадугледжвае тэст з пяці заданняў, якія не патрабуюць працяглай падрыхтоўкі. Таму канчаткова праверыць іх веды не ўдаецца, і на першы курс могуць трапіць замежнікі з невысокім узроўнем падрыхтоўкі. Якраз пасля першага курса з-за непаспяховасці звычайна і назіраецца найбольшая колькасць адлічэнняў замежнікаў.
Аб паспяховасці замежных студэнтаў шмат ведаюць у аддзеле па рабоце з замежнымі грамадзянамі ўпраўлення міжнародных сувязей БДУ. Начальнік аддзела Жанна Савельева расказала нам, што паспяховасць замежных студэнтаў вагаецца ў межах ад 4,5 да 7,8 бала, што не з’яўляецца высокім паказчыкам. Агульны ўзровень паспяховасці замежных грамадзян у многім абумоўлівае нізкі ўзровень даўніверсітэцкай падрыхтоўкі туркменскіх студэнтаў, які абмяжоўваецца 4,4 баламі ў атэстаце. У мінулым годзе з-за непаспяховасці было адлічана 60 замежнікаў, сярод якіх — 38 грамадзян Туркменістана.
Адсочваць паспяховасць замежных студэнтаў спецыялістам дапамагае электронная база даных (такой можа пахваліцца не кожная ўстанова вышэйшай адукацыі). Дастаткова толькі адкрыць яе, і адразу бачна, на якім курсе вучыцца замежнік, на якія адзнакі ён здаў апошнюю сесію, ці пражывае ў інтэрнаце. Такога бесклапотнага жыцця, што заплаціў за вучобу і можаш не хадзіць на заняткі, аб якім расказваюць замежным студэнтам на радзіме, БДУ прадаставіць не можа. Тут лічаць, калі замежнік прыехаў з мэтай вучыцца, ён павінен вучыцца.
Сігнал аб тым, што студэнт не здаў сесію, не заплаціў за вучобу, прымушае спецыяліста аддзела па рабоце з замежнымі студэнтамі заняцца яго лёсам. Ідуць перамовы з факультэтам аб пераздачы сесіі, высвятляецца, па якой прычыне былі не аплачаны заняткі, калі ёсць патрэба, аб паводзінах сына або дачкі інфармуюць бацькоў за мяжой. Зразумела, што такі кантроль падабаецца не ўсім маладым людзям. А вось бацькі ў сваёй большасці застаюцца ўдзячнымі спецыялістам БДУ за тое, што іх дзеці аказаліся ў надзейных руках і збочыць у адваротны ад адукацыі бок ім не ўдаецца. Радуе іх, што і дыплом, які тыя атрымаюць пасля заканчэння, будзе каціравацца за мяжой, бо падмацаваны ведамі, праверанымі на заліках і экзаменах.
Як захаваць замежных студэнтаў
У БДУ шмат робіцца для таго, каб захаваць замежных студэнтаў. Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы Людмілы Хухлындзінай, на многіх факультэтах для замежнікаў арганізуюцца дадатковыя заняткі. У гэтым навучальным годзе для іх ладзяцца індывідуальныя кансультацыі, якія будуць асобна залічаны ў нагрузку выкладчыкаў. Гадзіны, што раней адводзіліся на фізвыхаванне, а таксама на асновы бяспекі жыццядзейнасці, у БДУ вырашылі перадаць на заняткі па рускай мове, ад якой у многім залежыць працэс навучання замежніка. Такім чынам, з гэтага навучальнага года гадзіны на рускую мову на ўвесь перыяд навучання студэнта з іншай краіны павялічваюцца да 580.
Для замежных грамадзян, якія добра ведаюць рускую мову, у другім семестры вырашана арганізаваць асобны курс па беларускай мове. Лічыцца, што гэта дазволіць ім лепш пазнаць беларускую культуру і асаблівасці жыцця беларускага народа. Акрамя таго, у БДУ для замежных студэнтаў пачалі праводзіць заняткі па прадметах на англійскай мове. На факультэце міжнародных адносін па-англійску вучыцца група магістрантаў. Давядзецца шмат папрацаваць, каб выкладанне на англійскай мове ў БДУ набыло масавы характар.
Ва ўніверсітэце ганарацца, што сярод замежнікаў ёсць выдатнікі. На выпускным балі ў Ліцэі БДУ, які асобна праводзіўся для замежнікаў у чэрвені, 25 замежных студэнтаў атрымалі чырвоныя дыпломы і былі ўшанаваны як выдатнікі вучобы і грамадскага жыцця. А ўсяго дыпломы аб заканчэнні БДУ атрымалі 272 выпускнікі з 13 дзяржаў.
Той факт, што замежны студэнт, нягледзячы на цяжкасці ў маўленні і навучанні па-руску, выбірае БДУ, дазваляе лічыць яго адным з папулярных універсітэтаў свету.