Заняткі з бацькамі — па мадэлі мультыпрофільнага навучання

- 13:39Школа - для бацькоў

Сёння дзяцей выхоўваюць бацькі, спецыялісты ўстаноў адукацыі і навакольнае асяроддзе. Бацькі — першыя, галоўныя і пастаянныя выхавальнікі сваіх дзяцей. Гэта іх асноўная, прыродай дадзеная прафесія. Але ніводную задачу выхавання высокамаральнага грамадзяніна з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і задачу навучання спецыяліста-прафесіянала з высокім узроўнем кампетэнцый, запатрабаваных XXI стагоддзем, нельга паспяхова вырашыць без плённых кантактаў, поўнага ўзаемаразумення і супрацоўніцтва паміж бацькамі і педагогамі.

Бацькі хочуць выгадаваць сваіх дзяцей здаровымі, паспяховымі і шчаслівымі і прыкладаюць для гэтага немалыя намаганні, але, на жаль, не ва ўсіх атрымліваецца, таму што большасць з іх — выхавальнікі-самавучкі, выхоў­ваюць сваіх дзяцей інтуітыўна, метадам проб і памылак, беручы прыклад са сваіх бацькоў (“як нас вучылі”), часам чытаючы кнігі, проста назіраючы за жыццём. Але выхаванне па “прынцыпе імправізацыі” ці “як мяне вучылі і выхоўвалі” сёння неэфектыўнае. Іншы час.

Для прадстаўнікоў усіх сфер дзейнасці, а таксама для дзяцей, распрацоўваюцца праграмы павышэння кваліфікацыі, канцэпцыі бесперапыннай адукацыі, бесперапыннага выхавання, а для бацькоў, абавязаных выхоўваць сваё дзіця штодзённа і штогадзінна як сына (дачку), як грамадзяніна, як будучага спецыяліста-творцу, няма ні канцэпцыі, ні праграм, ні курсаў павышэння бацькоўскай кампетэнтнасці. Баць­кі застаюцца сам-насам са сваімі цяжкасцямі і праблемамі. І хаця першы час ім дапамагаюць медыкі, потым — настаўнікі, але мэтанакіраванага і бесперапыннага навучання бацькоў, тым больш павышэння іх кампетэнтнасці, якая сфарміравалася стыхійна, няма. Сёння ў сямейным выхаванні недастаткова выкарыстоўваюцца вядучыя ідэі народнай педагогікі, вопыту чалавецтва, дасягненні навукі і велізарныя магчымасці нашага часу, асабліва ў тых сем’ях, дзе бацькі адчуваюць цяжкасці і нават праблемы. Не выкаранены спажывецкія адносіны бацькоў да школы, ды і школы  да бацькоў. Няма імкнення да дыялогу, пераважаюць маналогі. На адміністрацыйна-кіраўніцкім узроўні замест аналітычнага, рэфлексіўнага і канст­руктыўна-прадукцыйнага падыходаў пануе інфармацыйна-статыстычны.

Мала шукаем прычыны праблем і спосабы іх вырашэння, больш шукаем вінаватых. Бацькі часта не разумеюць сваіх дзяцей, не разумеюць настаўнікаў, іх патрабаванняў і ўзроўню адказнасці. Адсюль і незадаволенасць, натацыі і скаргі, і, на жаль, не заўсёды высокі ўзровень выхавання. Вырасціць са сваіх вучняў выхаваных, паспяховых і шчаслівых лю­дзей хо­чуць і настаўнікі. І яны нямала для гэтага робяць, пастаянна самі вучацца, шукаюць новыя кнігі і новыя сродкі навучання, інавацыйныя формы, спосабы і тэхналогіі навучання, лепшыя ўзоры эфектыўнай інавацыйнай практыкі. Толькі настаўнік пра 25 сваіх трэцякласнікаў (і ён мае на гэта права) часта гаворыць “Гэта МАЕ дзеці”.

***

Вельмі клапоціцца пра дзяцей і сем’і дяржава, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, некаторыя грамадскія структуры. Для ўстойлівага развіцця і павышэння якасці адукацыі кожнага навучэнца створаны (і пастаянна паляпшаюцца) добрыя ўмовы як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. У нашай краіне сям’я — нацыянальная каштоў­насць. І ў той жа час некаторыя бацькі не заўсёды спраўляюцца са сваімі абавязкамі, паколькі іх гэтаму ні­дзе спецыяльна не вучылі і не вучаць. Бацькі маюць патрэбу ў кваліфікаванай дапамозе, у спецыяльных ведах і самых простых навыках разумення дзяцей і правільных з імі зносін, разумення школы і яе патрабаванняў, у навыках прадухілення канфліктаў і непаразуменняў, праблем і нервовых зрываў ужо сёння. Разавыя кансультацыі спецыялістаў малаэфектыўныя. Больш эфектыўным для бацькоў было б навучанне ўменню прадбачыць гэтыя праблемы і вырашаць іх самастойна адразу пры ўзнік­ненні, пакуль маленькія праблемы не сталі вялікімі крызісамі, а яшчэ лепш іх прадухіляць.

Ці хочуць бацькі гэтаму навучыцца? Так, паколькі любяць сваіх дзяцей, хочуць міру ў сям’і, прагрэсу сваёй краіне. Гэта няпроста, таму што патрабуе часу, намаганняў, узгадненняў. Эпізадычна такая работа праводзіцца ўжо даўно і амаль ва ўсіх установах адукацыі, але яна ў асноўным інфармацыйная, для ўсіх аднолькавая, без уліку ўзросту дзяцей, асаблівасцей сям’і і дзіцяці, пры нізкай зацікаўленасці і вялікай пасіўнасці бацькоў, асабліва бацькоў праблемных дзяцей. Праграмы такіх мерапрыемстваў складаюцца педагогамі ці спускаюцца зверху. Меркаванні баць­коў пры гэтым, на жаль, не ўлічваюцца. У большасці выпадкаў гэта настаўніцкія маналогі, патрабаванні і павучанні. І ўсё малаэфектыўна.

Ці ёсць сёння хаця б спробы змяніць малаэфектыўныя падыходы ў рабоце з бацькамі на больш эфектыўныя, інавацыйныя?

У некаторых установах адукацыі рэспублікі ўжо трэці год укараняецца мадэль павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў праз арганізацыю мэтанакіраванага навучання татаў і мам, з улікам іх цяжкасцей і адукацыйных запытаў.

Вядучая ідэя такога падыходу — перайсці ад інфармавання і асветы бацькоў да інтэрактыўнага навучання па іх запытах, ад маналогаў да дыялогаў праз выкарыстанне сучасных падыходаў і тэхналогій вырашэння сямейных і дзіцячых праблем, тэхналогій прафілактыкі расстройстваў і асацыяльных паводзін.

Чаканы вынік — спакойная атмасфера і ўзаемаразуменне ў сям’і, умацаванне сям’і як найважнейшага інстытута выхавання чалавека, больш высокі ўзровень бацькоўскай кампетэнтнасці і выхаванасці дзяцей.

Асноўныя функцыі навучальных заняткаў для бацькоў: асветніцкая, навучальная, развіццёвая, выхаваўчая, стымулюючая, апера­джальная.

Інавацыйныя падыходы да навучання бацькоў: сістэмны, асобасна і практыка-арыентаваны, кампетэнтнасны, дзейнасны, аксіялагічны, сінергетычны, рэфлексіўны і інш.

Наколькі гэта рэальна і перспектыўна? Што канкрэтна ўжо робіцца і як? Работа арганізоўваецца на дыягнастычнай аснове, прыкладна па такім алгарытме. У медыцыне ёсць паняцце “Адраджальная медыцына”, г.зн. асэнсаванае, абгрунтаванае лячэнне, якое вяртае чалавека да нармальнага жыцця. Пошукі аптымальных вырашэнняў сучасных праблем школы і сям’і павінны будавацца таксама па ідэі адраджальнай педагогікі, педагогікі, якая прадухіляе негатыў у адносінах, у паводзінах і ў вучобе навучэнцаў, дапамагае камфорту дзяцей у сям’і і школе, паспяховай сацыялізацыі.

Таму па спецыяльных методыках у гэтых установах адукацыі вывучаюцца дасягненні (пазітыўны вопыт) і цяжкасці бацькоў у выхаванні сваіх дзяцей. Выкарыстоўваюцца разнастайныя апытальнікі, тэсты, анкеты, сумоўі, дыягнастычныя інтэрв’ю, арганізоўваецца мэтавае педагагічнае назіранне, праводзяцца псіхолага-педагагічныя кансіліумы. Гэтыя матэрыялы аналізуюцца і сістэматызуюцца. Да работы далучаюцца члены бацькоўскіх камітэтаў і найбольш актыўныя і паспяховыя бацькі. Праводзяцца круглыя сталы ці індывідуальныя гутаркі, асабліва з бацькамі праблемных дзяцей. Улічваюцца і вынікі дыягностыкі ўзроўню выхаванасці дзяцей, меркаванні класных кіраўнікоў і настаўнікаў-прадметнікаў. Усе запыты бацькоў сістэматызуюцца па тэмах, па класах. Арганізоўваюцца групы бацькоў адной, па меншай меры, дзвюх блізкіх паралелей для заняткаў па розных тэмах, але ў адпаведнасці з бацькоўскімі выбарамі і пажаданнямі. У адну і тую ж групу могуць уваходзіць бацькі розных класаў, але іх аб’ядноўвае агульны інтарэс, агульная тэма, моцнае жаданне абмеркаваць і навучыцца вырашаць канкрэтную праблему сваёй сям’і і свайго дзіцяці. Часам бацькам цяжка адарвацца ад свайго класнага кіраўніка, але гэта хутка праходзіць, калі ў іншай групе заняткі таксама цікавыя, а галоўнае, карысныя.

***

Наступны крок — аналіз практычнай гатоўнасці педагогаў да задавальнення разнастайных адукацыйных запытаў бацькоў.

Пасля вызначэння тэматыкі заняткаў для педагогаў (хто право­дзіць заняткі, хто выступае памочнікам выкладчыка, экспертам) і складання раскладу арганізоўваецца вучоба і мэтавая падрыхтоўка да правядзення заняткаў. Ва ўстановах адукацыі арганізаваны пастаянна дзеючыя семінары па тэме праекта, дзе педагогі ў групах распрацоўваюць сцэнарыі заняткаў, раздатачныя матэрыялы, памяткі і рэкамендацыі для бацькоў. Не больш за 20—25% часу кожнага семінара адводзіцца на актуалізацыю ведаў асноўных тэарэтычных палажэнняў па гэтай тэме, а 75—80% — на практычную работу. Арганізоўвае работу семінара для педагогаў каардынатар праекта, часта сумесна з псіхолагам ці найбольш кваліфікаваным педагогам. Рэалізоўваючы кампетэнтнасны падыход, кіраўнікі праек­та і рабочых груп распрацоўваюць ма­дэлі кампетэнцый педагогаў, неабходных для навучання бацькоў, і мадэлі кампетэнцый паспяховых бацькоў (па ўзроставых групах), якія павінны быць сфарміраваны ў бацькоў падчас такога мэтанакіраванага навучання для паспяховага выхавання сваіх дзяцей.

За тыдзень да заняткаў вывешваюцца аб’явы. Адпаведная інфармацыя пра школу для бацькоў змяшчаецца на сайце ўстановы адукацыі. Заняткі праводзяцца ў рабочыя дні вечарам, у суботу, натуральна, днём. Кожны з бацькоў ідзе ў тую аўдыторыю, дзе будуць прахо­дзіць заняткі па яго запыце і дзе збіраюцца бацькі некалькіх класаў для навучання па той жа праблеме. Такім чынам, заняткі  арганізоўваюцца па мадэлі мультыпрофільнага навучання. У якасці ўступу на з некаторых занятках даецца сціслая інфармацыя пра ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей. У канцы праводзіцца рэфлексія “што даведаўся, чаму навучыўся, у чым пераканаўся, што адкрыў для сябе, што здзівіла, што натхніла, што не спадабалася ці над чым буду думаць далей, што хацеў бы прачытаць ці што прапаную, чым магу дапамагчы іншым” і г.д.

Асаблівасці такой мадэлі — яе асобасная і практычная накіраванасць, пераход ад маналогу да дыялогу, абмен меркаваннямі, узаеманавучанне, калектыўны пошук аптымальных рашэнняў канкрэтных сітуацый. Максімальна выкарыстоўваюцца актыўныя і інтэрактыўныя метады работы. Важна, каб аналізуючы любую сітуацыю ці праблему, яе прычыны і магчымыя шляхі вырашэння, кожны ўдзельнік трэнінгу або дыскусіі змог прапусціць гэтую праблему праз сябе, праз прызму сваёй сямейнай практыкі, выслу­хаць іншых і атрымаць вопыт самастойнага вырашэння аналагічных праблем у сваёй сям’і, каб кожнаму з бацькоў пасля такіх заняткаў захацелася прачытаць, штосьці знайсці ў інтэрнэце, абдумаць, паназі­раць, а галоўнае — змяніць у сабе і ў сваёй практыцы. Назва такіх заняткаў “навучальныя” раўнацэнна назве “дапаможныя”.

Заняткі для бацькоў арганізоўваюцца і праводзяцца на прынцыпах гуманізму, талерантнасці, добраахвотнасці, адкрытасці, роўнасці, варыятыўнасці, асобаснай і практычнай накіраванасці, на прынцыпах пазітыўнага вобраза сям’і і роўнай адказнасці. Улічваючы дэфіцыт часу бацькоў (работа, дамашнія клопаты і інш.), педагогі стараюцца арганізоўваць і праводзіць такія заняткі па прынцыпе мінімаксу (мінімум часу і максімум выніку, мінімум тэорыі і максімум практыкі, самаадукацыі, узаемаабмену ідэямі, напрацоўкамі і вопытам).

***

Найбольш эфектыўнымі формамі навучальных заняткаў “Школы для бацькоў” з’яўляюцца дыскусіі, дэбаты, трэнінгі, круглыя сталы, аналіз сітуацый, мадэляванне (складанне інтэлект-карт і логіка-сэнсавых мадэлей), ролевыя і дзелавыя гульні і інш. Некаторыя заняткі праводзяцца сумесна з дзецьмі, асабліва ў суботу. У пэўных установах адукацыі ў рамках работы “Школы для бацькоў” арганізаваны і паспяхова працуюць клубы бацькаў, клубы крэатыўных мам, клубы сямейнага чытання і сямейнай творчасці (сярэдняя школа № 1 Салігорска, гімназія № 1 Баранавіч, гімназія Стоўбцаў, гімназія № 4 Баранавіч, сярэдняя школа № 2 Новалукомля).

У гімназіі Смаргоні арганізавана сеткавае ўзаемадзеянне педагогаў па дыстанцыйным навучанні, інфармаванні і кансультаванні бацькоў у прамежках паміж вочнымі групавымі заняткамі. У гімназіі Полацка і гімназіі № 174 Мінска, сярэдняй школе № 9 Маладзечна і іншых установах адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца выяўленню, асэнсаванню і распаўсюджванню паспяховага вопыту выхавання дзяцей у сям’і праз майстар-класы бацькоў і для бацькоў, праз канферэнцыі і распаўсюджванне памятак, рэкамендацый, іншай метадычнай прадукцыі “У дапамогу клапатлівым і адказным бацькам”. Тэматыка гэтых матэрыялаў вызначаецца ў адпаведнасці з адукацыйнымі запытамі бацькоў.

Актыўны ўдзел у задавальненні запытаў бацькоў па праблемах навучання і інтэлектуальнага развіцця прымаюць псіхолагі і настаўнікі-прадметнікі. Псіхолагам сярэдняй школы № 136 Мінска праведзены адкрыты трэнінг “Як зразумець і прыняць сваё дзіця” для ўдзельнікаў праекта. Усё часцей да правядзення заняткаў для бацькоў падключаюцца па ўласнай ініцыятыве некаторыя бацькі-спецыялісты па той ці іншай тэме. У сярэдняй школе № 2 Новалукомля заняткі “Твор­часць з вядра для смецця” з бацькамі па іх прось­бах вядзе сям’я, усе члены якой займаюцца гэтай цікавай справай. У гімназіі Стоўбцаў мама навучэнкі даўно добраахвотна вя­дзе клуб “Дзявочая субота”. Па прось­бе мам дзяўчынак — членаў клуба аналагічныя заняткі жанчына арганізавала і для гэтых мам. “Клубы бацькаў” вя­дуць шматдзетныя таты.

У Бабровіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе многія заняткі для бацькоў з дзецьмі арганізоўваюцца на базе мясцовага музея нацыянальных традыцый і мастацтва. У сярэдняй школе № 1 Салігорска мама навучэнкі пасля заняткаў для бацькоў у школе падзялілася ўражаннямі са сваімі калегамі. Па іх калектыўнай заяўцы педагогі школы правялі аналагічныя заняткі “Як зразумець сваё дзіця і дапамагчы яму стаць больш упэўненым, паспяховым”, “Як правільна выхоўваць дзяцей сёння” з некалькімі групамі работнікаў рудаўпраўлення “Белкалію”.

Што ў перспектыве?

Паколькі дзеці растуць бесперапынна, важна забяспе­чыць пастаяннае суправаджэнне сямейнага выхавання, і не толькі на ўзроўні “сям’я — школа”. На парадку дня — міжведамаснае бесперапыннае суправа­джэнне сям’і, якая ў выхоўвае дзяцей праз пастаяннае навучанне і самаадукацыю бацькоў і педагогаў, праз аналіз, супрацоўніцтва і карэкцыю іх дзейнасці. Наспела патрэба ў распрацоўцы Канцэпцыі бесперапыннай адукацыі дарослых, незалежна ад узросту і віду дзейнасці, у тым ліку псіхолага-педагагічнай адукацыі.

Добрым працягам работы па павышэнні псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў маглі б стаць універсітэты для баць­коў, асабліва ўніверсітэты педагагічнага профілю, дзе ёсць вучоныя, спецыялісты высокага ўзроўню, гатовыя задаволіць запыты і бацькоў, і педагогаў, і ўсіх зацікаўленых людзей у павышэнні ўласнай псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці і кампетэнтнасці дзяцей і супрацоўнікаў. Такія ўніверсітэты маг­лі б працаваць і пры бібліятэках, палацах культуры, цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі, магчыма, на прадпрыемствах. Усеагульны паход па псіхолага-педагагічныя веды быў бы карысны ўсім. А звязка “Школа для бацькоў” і “Бацькоўскі ўніверсітэт” можа стаць лепшай мадэллю супрацоўніцтва для павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці дарослага насельніцт­ва краіны.

Што можна ўжо сёння сказаць пра вынікі работы па навучанні бацькоў майстэрству выхавання сваіх дзяцей, на што можна ў далейшым абаперціся?

Як да гэтага ставяцца педагогі, бо для падрыхтоўкі і правя­дзення такіх заняткаў трэба шмат часу? Што гавораць пра гэта бацькі, асабліва пасіўныя ўчора і тыя, хто разупэўніўся ў сабе, ці наадварот, лічыць сябе, лежачы на канапе, супермайстрам футбола і выхавальнікам-асам, каму ўжо няма чаму вучыцца?

Два гады работы над праектам паказваюць эфектыў­насць такой мадэлі павышэння бацькоўскай кампетэнтнасці, хаця многае яшчэ трэба асэнсаваць, адшліфа­ваць, дапрацаваць. Пра эфектыўнасць гэтай работы можна меркаваць па матывацыі і актыўнасці бацькоў у наведванні і правядзенні навучальных заняткаў, па характары запытаў, усё больш канкрэтных і важных, па колькасці канструктыўных прапаноў, па гарманізацыі дзіцяча-баць­коўскіх адносін, адносін на ўсіх узроўнях “настаўнік—вучань”, “настаўнік—бацькі”, “настаўнікі—бацькі”, “бацькі—бацькі”, па дынаміцы ўзроўню выхаванасці навучэнцаў. Цяпер у школе вучацца ўсе: і вучні, і настаўнікі, і бацькі, у тым ліку вучацца адно ў аднаго. Ідуць разам не супраць адно аднаго, а супраць праблем.

Некаторыя бацькі адзна­чаюць, што ім стала лягчэй выбіраць абдуманыя прыёмы і метады выхавання, спосабы ўзаемаразумення і ўзаема­дзеяння з дзецьмі ў розныя перыяды іх развіцця і ў розных сітуацыях штодзённага жыцця. Бацькі ўзбагачаюцца новымі практыка-арыентаванымі ведамі пра дзяцей, асвой­ваюць комплекс уменняў і навыкаў іх гарманічнага развіцця ў супрацоўніцтве са школай, становяцца больш упэўненымі і спакойнымі. У іх з’яўляецца жаданне штосьці пачытаць, параўнаць, палеп­шыць, арганізаваць, абмеркаваць, прааналізаваць.

Лепшым пацвярджэннем гэтых слоў служаць некаторыя водзы­вы бацькоў, настаўнікаў і нават дзяцей аб навучальных занятках для татаў і мам.

З дзённікаў педагогаў:

Пры правядзенні псіхалагічнага практыкуму, арганізаванага па запытах бацькоў пачатковай школы “Як дапамагчы дзіцяці больш паспяхова спраўляцца з дамашнімі заданнямі?”, абавязкова запрашаю бацькоў з сем’яў уліковых катэгорый, таму што яны часцей за ўсё маюць праблемы ў фармулёўцы сваіх цяжкасцей, саромеюцца пытацца. Як жа мяняецца іх настрой пасля практыкуму! Вочы свецяцца, плечы выпрастаны. Бацькі просяць запрасіць іх на наступныя аналагічныя заняткі. Трэба пагава­рыць з класнымі кіраўнікамі.

Т.Л.Мялешка,
псіхолаг сярэдняй школы № 2 Новалукомля.

Прааналізаваўшы зваротную сувязь ад бацькоў і рэфлексію педагогаў, якія праводзілі навучальныя заняткі, мы пераканаліся (і гэта нас парадавала!), што бацькі ўсё больш становяцца актыўнымі ўдзельнікамі гэтых заняткаў, суаўтарамі ўласнага навучання, некаторыя прыходзяць удваіх, а “Школа для бацькоў” — альтэрнатыва традыцыйным бацькоўскім сходам і эфектыўны інструмент развіцця кампетэнтнасці бацькоў. Трэба абмеркаваць на пастаянна дзеючым семінары з настаўнікамі, як надаць звычайнаму бацькоўскаму сходу і іншым традыцыйным мерапрыемствам з дзецьмі і бацькамі навучальны характар.

В.А. Скап’юк,
каардынатар праекта гімназіі № 1 Полацка.

Учора правяла майстар-клас для бацькоў 6—7 класаў па тэме “Як дапамагчы дзецям пераадолець цяжкасці ў вывучэнні беларускай мовы, хаця б пры выкананні дамашніх заданняў, калі сям’я прыехала ў Беларусь з іншай краіны?”. Прыйшлі і бацькі-беларусы. Дапамагла і натхніла навучэнка 9 класа Насця сваім беларускім маўленнем, якое гучыць цудоўна. Разгаварыліся. Выйшлі на агульныя праблемы. Інтэлект-карту, складзеную на ўроку пры вывучэнні новага матэрыялу, сумесна вучыліся чытаць і выкарыстоўваць падчас праверкі выкананага дзіцем дамашняга задання. Усім спадабалася, і мне таксама. Галоўнае, гэтае заданне бацькі выканаць за дзіця не змогуць, а праве­рыць і акцэнтаваць увагу на галоўным — так! Відавочна, гэта ўнікальная тэхналогія і для вучняў, і для бацькоў. Буду выкарыстоўваць яе часцей.

А.М.Сабайдакова,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 174 Мінска.

У прамежках паміж навучальнымі заняткамі ў бацькоў з’яўляецца многа пытанняў, асабліва па арганізацыі вучобы і развіццёвага вольнага часу. Значыць, яны думаюць, аналізуюць. Але наступнага семінара доўга чакаць, а ім хочацца знайсці адказ на сваё пытанне “тут і зараз”. Каб забяспечыць бесперапыннасць навучання бацькоў, выкарыстоўваю блог класнага кіраўніка, тым больш што каля 70% бацькоў майго класа маю ць вышэйшую адукацыю і валодаюць ЭСН. Блог дапамагае хутка правесці анкетаванне па цяжкасцях у дамашніх заданнях, размясціць памятку для бацькоў па аказанні аператыўнай дапамогі некаторым дзецям і іх баць­кам. Стараюся не даваць гатовых адказаў, каб больш думалі, шукалі, аналізавалі, выбіралі, раіліся адно з адным. Блог дапамагае мне ўпэўніцца, што сумесная дзіцяча-бацькоўская дзейнасць па рэалізацыі праекта “Вечна ў памяці народнай” і вэб-квест “У краіне Здароўя” праводзіцца па плане, што матэрыялы праекта па гісторыі сваёй малой ра­дзімы актыўна шматразова абмяркоўваюцца, калі ўсе дома. Радуе, што бацькі станоўча ставяцца да сумеснай з дзецьмі праект­най дзейнасці, што жывуць іх інтарэсамі, самі вучацца і радуюцца кожнаму знойдзенаму дакументу або напісанаму вершу. Час думаць пра тэму новага праекта. Параюся з баць­камі. Блог класа — мой памочнік у навучанні бацькоў, у фарміраванні даверлівых адносін з імі і ў магчымасці аказаць ім аператыўную дапамогу, падтрымаць і натхніць.

В.М.Скальская,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі Смаргоні.

Акрамя агульнагімназічных заняткаў для бацькоў, у нашым класе па ініцыятыве саміх бацькоў створаны савет па арганізацыі заняткаў і розных мерапрыемстваў на тэмы “Сакрэты паспяховага выхавання дзяцей у шматдзетных сем’ях”, “Свет сямейных захапленняў”, “У здаровай сям’і — здаровае дзіця”, “Стварэнне стацыянарнай і перасоўнай гульнятэкі для арганізацыі вольнага часу дзяцей у школе і дома” і інш. Жыццё дзяцей майго класа, іх бацькоў і маё як настаўніка на працягу навучальнага года было разнастайным, насычаным і карысным. Мы ўсе пасябравалі, бацькі сталі трэнерамі, арганізатарамі, настаўнікамі, маімі памочнікамі. Дзецям падабаецца разам з мамамі і татамі працаваць, гуляць, спаборнічаць, штосьці складаць.

Т.А Ханкевіч,
настаўнік пачатковых класаў гімназіі № 1 Баранавіч.

Бацькоў вучняў старшых класаў нашай гімназіі больш за ўсё цікавяць праблемы “Як дапамагчы дзецям правільна выбраць профіль навучання і будучую прафесію?” і “Як пераадолець розныя залежнасці?”. Часцей за ўсё заняткі праводзіць псіхолаг Валянціна Юр’еўна ці настаўнік інфарматыкі. Бацькі задаволены, але вельмі вялікая нагрузка на Валянціну Юр’еўну. Час, напэўна, запрасіць спецыялістаў з Цэнтра занятасці і паліклінікі.

В.А.Скап’юк,
каардынатар праекта гімназіі № 1 Полацка.

Водгукі бацькоў аб наведаных навучальных занятках

Нашы бацькоўскія заняткі ў школе з кожным разам становяцца ўсё цікавейшымі і цікавейшымі. І кожны раз я нечаму вучуся. Галоўнае, як мець зносіны са сваім сынам, як дапама­гаць яму сталець, добра сябе паводзіць і добра вучыцца. Ніколі не думаў, што ў маім узросце так цікава і карысна вучыцца. З нецярплівасцю чакаю наступных заняткаў.

В.А.Кудравец,
тата вучня 7 “А” класа кадэцкага класа сярэдняй школы № 1 Салігорска.

Арганізацыя навучальных заняткаў для баць­коў па іх заяўках — рашуча наватарскі падыход да нашых узаемаадносін са школай. На ўчарашніх занятках мы абмяркоўвалі, як правільна мець зносіны са сваім дзіцем-падлеткам. Гэта было важна для ўсіх бацькоў вучняў 8-х класаў, якія прысутнічалі на гэтых занятках. Было многа прапаноў. Мне не ўсе спадабаліся, але я, здаецца, пачынаю разумець сваю дачку, якая сталее. Заўтра пачну строіць адносіны больш цярпліва. На наступныя заняткі прыйду абавязкова са сваімі ідэямі — можа, яны камусьці дапамогуць.

І.А.Стрэчань,
маці навучэнкі 8 класа гімназіі № 1 Полацка.

Дзякуй за цікавую і карысную інфармацыю пра дзяцей. Цяпер я дакладна ведаю, што часам не маю рацыі, што трэба вучыцца. Буду хадзіць у школу.

В.Г.Балацэвіч,
маці навучэнкі 4 “А” класа ярэдняй школы № 1 Салігорска.

Самае каштоўнае, што ёсць у бацькоў, — гэта дзеці, сэнс і радасць іх жыцця. Я шчаслівая, калі шчаслівыя мае дзеці, калі яны здаровыя і ў бяспецы. Учора ў школе для бацькоў арганізавалі заняткі па агульнай тэме “Бацькі за бяспеку дзяцей”. Заняткі ў розных групах (усяго 6) вялі начальнік ІСН Салігорскага РАУС, інспектар АДАІ, галоўны спецыяліст ДРАНС, урач дзіцячай паліклінікі, псіхолаг Цэнтральнай раённай бальніцы і педагогі нашай школы. Я выбрала для наведвання групу, дзе праходзілі заняткі па тэме “Псіхалагічная бяспека дзяцей у сям’і”. Было вельмі цікава. Ёсць пра што падумаць, што абмеркаваць з дзецьмі і што чытаць.

Н.М.Ярошчык,
маці навучэнкі 8 класа сярэдняй школы № 1 Салігорска.

Я шчаслівы тата, у мяне двое цудоўных дзяцей. Але ў апошні час адносіны з дачкой сталі больш напружанымі. Істэрычна рэагуе на адзнакі ніжэйшыя за “дзясяткі” ці “дзявяткі”, на любую бяскрыўдную заўвагу мамы. Я ніяк не мог ёй растлумачць, што мы яе любім не за адзнакі ці не за колер блузкі. У дзяўчынкі праяўляецца ці комплекс непаўнавартасці, ці сіндром выдатніка. Аднойчы жонка была на рабоце і я пайшоў у школу на заняткі для баць­коў замест яе. Мне было так цікава! Аказваецца, я не адзінокі ў сваіх бацькоўскіх трывогах. Мы абмяркоўвалі, што адбываецца з нашымі дзецьмі, што і як нам рабіць. Аказваецца, гэта ўзроставыя праявы, але можна іх змяк­чыць, можна знайсці агульную мову, трэба быць больш цярплівым і ўважлівым. На наступныя заняткі пойдзем разам з жонкай.

А.А.Чуйкевіч,
вучняў навучэнкі 6 “А” класа сярэдняй школы № 9 Маладзечна.

Рэгулярна наведваю тыя навучальныя заняткі, тэма якіх для мяне актуальная. Бачу ад іх карысць, бо заняткі носяць практычны характар. Часцей за ўсё мы працуем у групах ці арганізоўваем круглы стол. У мяне псіхалагічная адукацыя, і мне прыемна, калі да маіх прыкладаў, маіх парад прыслухоўваюцца іншыя бацькі. Але і мне цікавы вопыт іншых татаў і мам. Усе заняткі, якія я наведала, былі карыснымі і цікавымі.

Ю.В.Валынец,
маці навучэнкі 8 класа гімназіі Полацка.

Мяне сёння хвалюе праблема інтэрнэт-залежнасці майго 11-гадовага сына. Я наведаў шэраг заняткаў у школе для бацькоў. Вучыліся практычна ставіць бацькоўскі кантроль на камп’ютары і працаваць у скаладаных камп’ютарных праграмах. Карысна. Паспрабую сам што-небудзь пачытаць і пагаварыць з сынам.

В.І.Мінін,
тата вучня 7 класа.

Меркаванне навучэнца

Мае бацькі рэгулярна наведваюць навучальныя заняткі ў гімназіі. Пасля доўга дома абмяркоўваюць пачутае і перажытае. Часам уключаюць у гэтыя дыскусіі і мяне. Мне здаецца, што пасля такіх заняткаў і дамашніх педсаветаў бацькі пачалі мяне больш разумець, часцей пра штосьці пытаюцца, часам нават прыслухоўваюцца да майго меркавання.

Гэтыя водгукі і маленькія пробліскі паспяховага вопыту навучання баць­коў у інтарэсах нашых дзяцей, нашай агульнай будучыні. Задаволе­насць большасці ўдзельнікаў працэсу яго вынікамі ўсяляя ўпэўненасць у перспектыўнасці такой мадэлі работы з баць­камі. А вера — гэта ўжо частка поспеху.

Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ,
метадыст Цэнтра развіццёвых тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі,
навуковы кансультант інавацыйнага праекта.