Запуск 4G — гэта толькі пачатак

- 12:43Інфармацыйная гадзіна

Першы інфраструктурны аператар beCloud 17 снежня запусціў у камерцыйную эксплуатацыю сетку LTE Advanced у Мінску. Цяпер жыхары і госці сталіцы змогуць карыстацца паслугамі 4G — мабільнай сувяззю чацвёртага пакалення, якая прыходзіць на змену 3G.

“Сетка 4G — гэта толькі пачатак. Для нашай краіны вельмі важна і ў тэлекамунікацыях, і ў ІТ-сферы хутка рухацца далей. Таму што хуткасць змяненняў тэхналогій у сучасным свеце проста фантастычная”, — адзначыў памочнік Прэзідэнта Усевалад Янчэўскі.
Сетка 4G пабудавана сумесным прадпрыемствам “Беларускія воблачныя тэхналогіі” (beCloud) ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі ад 13 снежня 2012 года нумар 556. Запуск сеткі чацвёртага пакалення ў эксплуатацыю — гэта вынік паспяховай рэалізацыі інвестыцыйнага праекта і эфектыўнага супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага бізнесу. Запуск сеткі LTE — першы этап маштабнага праекта па абнаўленні ўсёй тэлекамунікацыйнай інфраструктуры.
На момант пачатку работы сталічнай сеткі LTE Advanced пакрыццё будзе забяспечваць 150 базавых станцый, што цалкам дастаткова для ўпэўненага пакрыцця на тэрыторыі Мінска. Таксама ў 2016 годзе тэхналогія прыйдзе ў абласныя гарады (Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў), да 2020 года — у раённыя цэнтры і іншыя населеныя пункты з колькасцю насельніцтва не менш як 50 тысяч чалавек.
Сетка LTE Advanced, створаная кампаніяй beCloud, прадастаўляецца ў выкарыстанне ўсім аператарам мабільнай сувязі.
“Сёння мы адкрываем першую частку сеткі сотавай рухомай электрасувязі чацвёртага пакалення па тэхналогіі LTE, якая з’яўляецца чарговай вяхой у развіцці тэлекамунікацыйнай галіны ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта доўгачаканая падзея для тэлекамунікацыйнай супольнасці краіны. Выкарыстанне тэхналогіі LTE дасць магчымасць атрымліваць не толькі традыцыйныя паслугі, такія як відэакантэнт, прагляд тэлевізійных праграм у рэжыме рэальнага часу з вялікай скорасцю і высокай якасцю, але і развіваць прынцыпова новыя сэрвісы”, — адзначыў міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў.