Заўсёды побач і крыху наперадзе

Інеса Уладзіміраўна ЗУБРЫЛІНА — настаўніца англійскай мовы, начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, пераможца конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2011”, старшыня асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, а таксама пастаянны аўтар і сябра газеты.

У гэтым годзе “Настаўніцкая газета” — прызнанае аўтарытэтнае выданне педагогаў краіны, адно з галоўных выданняў прафесійнай педагагічнай супольнасці — адзначае юбілей. За 75 гадоў сваёй гісторыі газета перажыла некалькі эпох. Яе біяграфія ўвабрала ў сябе і гісторыю краіны, і падзеі сістэмы адукацыі, і прафесійныя і чалавечыя лёсы сотняў нашых калег.

Мае першыя ўспаміны аб гэтай газеце саграваюць сэрца. Навучыўшыся ў тры гады чытаць, я “праглынала” ўсё без выключэння — ад “Вясёлкі” да “Известий”. Адным з любімых штодзённых рытуалаў для мяне малой быў паход да паштовай скрыні, адкуль я вывуджвала чарговы нумар “Настаўніцкай” і несла яго дадому. Газету па чарзе чыталі мае родныя настаўнікi — бабуля, дзядуля і тата. Той, каму ўдавалася зрабіць гэта першым, абводзіў чырвоным алоўкам цікавы або карысны матэрыял і пакідаў газету на бачным месцы.

Даволі часта змест артыкулаў станавіўся прадметам абмеркавання, а часам і спрэчак. Бабуля казала, што “Настаўніцкая” павінна быць на стале кожнага настаўніка, а бабулю я слухалася. Таму вось ужо амаль сорак гадоў я з’яўляюся пастаянным і актыўным чытачом “Настаўніцкай газеты”. Безумоўна, першыя гады гэтая сувязь была пасіўнай, потым стала аднабаковай: я чытала газетныя матэрыялы, выкарыстоўвала некаторыя з іх у вучэбнай і прафесійнай дзейнасці. Памятаю, як у студэнцкія гады, калі была на практыцы, я вывучала падшыўкі газеты розных гадоў у пошуках адказу на мноства пытанняў, якія ўзнікалі ў маёй працы. 

На старонках “Настаўніцкай газеты” друкаваліся матэрыялы самых вядомых айчынных педагогаў і навукоўцаў. Усе яны дзяліліся з настаўнiкамi перадавымі тэхналогіямі і методыкамі адукацыі, менавіта таму “Настаўніцкая газета” заставалася і застаецца для настаўнікаў і выхавальнікаў адным з галоўных навігатараў у свеце сучаснай адукацыі.

Прымяраючы апісаныя прыёмы і тэхналогіі да ўласнай практыкі, я расла прафесійна, рэкамендавала матэрыялы газеты сваім калегам, але нават не думала пра магчымасць выступіць на яе старонках. Час ішоў, мянялася газета, мянялася і я, але “Настаўніцкая” заўсёды, як вопытны настаўнік, была побач і крыху наперадзе.

Тры чвэрці стагоддзя газета накіроўвае настаўніцкую супольнасць, узгадоўвае яе і павышае ўзровень якасці адукацыі. Адна з гэтай трэці — маё прафесійнае жыццё. За гэты час школа кардынальна змянілася: камп’ютарныя тэхналогіі, новыя падыходы да навучання, інавацыйныя методыкі — усё гэта заклікана дапамагчы дзіцяці не проста засвоіць новыя веды, але і навучыцца прымяняць іх у жыцці, каб потым знайсці свой шлях, стаць паспяховым і запатрабаваным.

Аднак новая школа — гэта перш за ўсё новы настаўнік. Хто сёння вучыцца ў педагагічных універсітэтах краіны, пра што мараць гэтыя хлопцы i дзяўчаты? Якой яны бачаць сваю прафесійную будучыню? Чаму яны вырашылi звязаць свой жыццёвы шлях са школай? Хочаце даведацца? Адкрывайце “Настаўніцкую газету”. Ва ўсе часы актуальныя навіны школьнай адукацыі і іх прафесійнае абмеркаванне былі і застаюцца місіяй газеты, таму яна карысная не толькі сваім галоўным чытачам — настаўнікам, але і ўсім не абыякавым да праблем нашай школы.

Сёння “Настаўніцкая газета” — гэта не толькі навіны адукацыі, але і меркаванні педагогаў па найбольш вострых праблемах, метадычныя распрацоўкі, лепшыя адукацыйныя практыкі і праекты, кансультацыі па сацыяльных і юрыдычных пытаннях. На старонках“Настаўніцкай газеты” заўсёды можна знайсці шмат новага і цікавага аб адукацыйных тэхналогіях, тэндэнцыях у сферы агульнай і прафесійнай адукацыі. “Настаўніцкая” — гэта не толькі тэксты, фатаграфіі і тыражы. Гэта і рэальныя сацыяльна-адукацыйныя праекты, рэалiзаваныя на старонках газеты i ў сапраўдным жыццi.

“Настаўніцкая” — гэта газета настаўнiкаў, для настаўнiкаў i пра настаўнiкаў, таму памыляюцца тыя, хто чакае ад яе чагосьцi неверагоднага. Гэтае неверагоднае — наша штодзённае школьнае жыццё. I пра яго трэба пiсаць — у тым лiку самiм настаўнiкам: пра клопаты i сумненнi, пра педагагiчныя “фiшкi” i ўдалыя прыёмы, пра перамогi вучняў, незвычайныя праекты. “Настаўніцкая газета” — гэта магчымасць выказацца, падзяліцца вопытам, абмеркаваць iснуючыя ў прафесiйным асяроддзi праблемы, а калі вам чагосьці не хапае — няма чаго чакаць, пішыце, уздымайце праблему, будзем абмяркоўваць.

Як пастаяннаму чытачу і апошнія дзесяць гадоў аўтару мне блізкі фармат дыялогу, у якім працуе газета: паказ разнастайнасці пунктаў гледжання на самыя вострыя пытанні дае падставы для разважанняў. У кожным нумары “Настаўніцкай газеты” ёсць матэрыялы, якія чапляюць і прымушаюць па-іншаму зірнуць на звыклыя рэчы. А гэта і ёсць адна з галоўных задач CMI, з якой “Настаўніцкая” цудоўна спраўляецца.

Віншую рэдакцыю “Настаўніцкай газеты” з юбілеем, жадаю заставацца галоўнай крыніцай інфармацыі для ўсіх беларускіх педагогаў і веру, што наперадзе нас усіх чакае яшчэ нямала памятных дат!

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.