“Заўсёды радуюся вучнёўскім адкрыццям”

- 13:06Краязнаўства

Як і любая адказная справа, краязнаўства патрабуе ад педагога выдатнага валодання яго методыкай. Пра некаторыя адметнасці тэорыі школьнага краязнаўства пагутарым з настаўнікам-метадыстам настаўнікам гісторыі Ворнаўскай сярэдняй школы Кармянскага раёна Валерыем Валер’евічам ВАРГАНАВЫМ.

Каб займацца школьным края­знаў­ствам, недастаткова сабраць каманду зацікаўленых вучняў і разам з імі запісваць успаміны старажылаў, вывучаць адметныя мясціны або збіраць прадметы даўніны. Такім дзеянням абавязкова павінна папя­рэднічаць тэарэтычная падрыхтоўка. Важна ведаць, з кім працаваць, каго распытваць, пра што гутарыць, што даследаваць, дзе шукаць, і, самае галоўнае, якіх чакаць вынікаў. Для вопытных педагогаў-краязнаўцаў вызначыцца з гэтымі аспектамі нескладана. І ўсё ж думкі, развагі і 30-гадовы вопыт Валерыя Варганава будуць карысныя не толькі маладым настаўнікам, але і карыфеям края­знаўчай справы.

“Каб пэўная тэма знаходзіла водгук у сэрцах дзяцей, нярэдка дастаткова ўсяго толькі 45 хвілін, але пры ўмове, што краязнаўчыя заняткі будуць насычаны цікавай, арыгінальна пададзенай інфармацыяй”.

“Спачатку важна сфарміраваць каманду аднадумцаў, зацікавіць дзяцей краязнаў­ствам, хаця б адным з яго напрамкаў. Як абу­дзіць цікавасць, скажам, да гістарычнага края­знаўства? Гэта можна зрабіць праз вывучэнне лёсу ўдзельніка падзей мінулага. Трэба ўявіць думкі і пачуцці, якія апаноўвалі канкрэтнага чалавека, стварыць атмасферу эпохі, зыходзячы з тых маральных катэгорый і ўяўленняў, якія былі характэрны для пэўнага гістарычнага перыяду. Адзін са сродкаў — сведчанні простых лю­дзей. Напрыклад, можна прапанаваць вучням запісаць успаміны старажылаў, паспрабаваць перанесціся ў прасторы і часе”, — падзяліўся настаўнік.

Па словах Валерыя Валер’еві­ча, эфектыўным сродкам абуджэн­ня цікавасці вучняў да гісторыі роднага краю з’яўляецца эмпатыя, калі дзеці ўяўна пераносяцца ў пэўную гістарычную эпоху і новая інфармацыя прахо­дзіць праз іх душу і сэрца. Вучань становіцца часткай падзей мінулага, спрабуе адчуваць і разумець людзей, якім давялося жыць у згаданых абставінах. З дапамогай апісання, вобраз­най характарыстыкі, персаніфікацыі, драматызацыі фарміруюцца гістарычныя вобразы.

“Заўсёды радуюся вучнёўскім адкрыццям, калі заўважаю ў вачах дзяцей іскрынкі спазнання новага, нязведанага. Калі яны распытваюць родных пра падзеі вайны, ім становіцца цікавым гістарычнае краязнаў­ства. Адзін вучань даведаўся, што яго пра­дзед загінуў у нацысцкім канцлагеры, прапаў без вестак. З дапамогай нямецкага боку яму ўдалося знайсці інфармацыю пра продка. Пасля гэтага вучню яшчэ больш захацелася вывучаць гісторыю вайны. Каб пэўная тэма знаходзіла водгук у сэрцах дзяцей, нярэдка дастаткова ўсяго толькі 45 хвілін, але пры ўмове, што края­знаўчыя заняткі будуць насы­чаны цікавай, арыгінальна пада­дзенай інфармацыяй”, — паведаміў края­знавец.

Такія заняткі Валерый Вар­ганаў право­дзіць у рамках факультатыву “Гіс­торыя Кармян­шчыны”, праграму якога ён склаў у 2016 годзе. Падобныя курсы распрацаваны настаўнікамі-краязнаўцамі ў многіх раёнах Беларусі. Аднак, на жаль, яны выкарыстоўваюцца далёка не ва ўсіх школах. Хаця менавіта такія пра­грамы, заснаваныя на мясцовым матэрыяле, да­зваляюць эфектыўна вырашаць пытанні фарміравання ў вучняў любові да малой радзімы. Факультатыў “Гісторыя Кармян­шчыны” з’яўля­ецца края­знаўчай дысцыплінай і ўключае матэрыял па Кармяншчыне ў кантэксце як Пасожжа, Гомельшчыны, так і ўсёй Беларусі. Сваім зместам ён інтэгруецца з асноўнымі вучэбнымі дысцыплінамі. Мясцовы матэрыял спалучаецца з ведамі, набытымі на ўроках гісторыі, мовы, літаратуры, геаграфіі, абагульняюцца і ўводзяцца ў змест навучання элементы краязнаў­ства, сучаснай гістарычнай і грамадскай думкі. Факультатыў накі­раваны на самарэалізацыю асобы вучня праз вывучэнне сваёй сям’і, роду, малой радзімы, адпаведна, і на больш глыбокае разуменне і асэн­саванне гісторыі і сучаснасці краіны.

“З дапамогай творчых заданняў можна актывізаваць пазнавальную цікавасць дзяцей, рэалізаваць індывідуальны падыход на краязнаўчых занятках”.

“Факультатыў дае магчымасць арганізаваць адукацыйны працэс у разнастайных формах. Акрамя лекцый і практычных заняткаў, педагог можа планаваць наведванне музеяў, арганізацыю сустрэч са знакамітымі людзьмі, правя­дзенне паходаў, экскурсій, вучнёў­скіх канферэнцый, ажыццяўленне даследчай дзейнасці школьнікаў. Неабходным кампанентам практычных заняткаў з’яўляецца работа з мемуарнай літаратурай, архіўнымі матэрыяламі і іншымі гістарычнымі крыніцамі. Пры гэтым вучні даследуюць свой край падчас этнаграфічных экспедыцый, збору ўспамінаў, вывучэння гісторыі што­дзённасці, мікрагісторыі. Усё гэта развівае навыкі самастой­най даследчай і праектнай работы”, — паведаміў Валерый Валер’евіч.

Праграма факультатыву складаецца з уводнага (пачатковага) курса “Я, мой род і мой родны край” (5 клас) і сістэматычнага курса гісторыі Кармяншчыны ў 6—9 класах, прадугледжвае паслядоўнае пашырэнне ведаў, уменняў і навыкаў, засвоеных на­вучэн­ца­мі на ўроках, а таксама атрыманне новых ведаў па гісторыі роднага краю. Па словах Валерыя Валер’евіча, вывучэнне сістэматычнага курса з 6 класа — ад старажытнасці да нашых дзён — адбываецца сінхронна з вывучэн­нем гісторыі Беларусі і завяршаецца ў 9 класе. Праграма кожнага года навучання разлічана на 35 гадзін. Напрыклад, у 9 класе разглядаецца лёс земляка — вучонага ў галіне батанікі Мікалая Дзмітрыевіча Несцяровіча. Дарэчы, у школе захоўваецца партрэт навукоўца і не­калькі кніг з яго асабістай біб­ліятэкі, а на тэрыторыі ўстано­вы адукацыі растуць дрэвы, пасаджаныя М.Д.Нес­цяровічам. Колькасць гадзін, адведзеных на азнаямленне з той ці іншай тэмай, з’яўляецца пры­кладнай і можа мяняцца зыходзя­чы з асаблівасцей вучнёў­скага калектыву, мясцовасці, дзе размешчана школа, і наяўнасці фактычнага матэрыялу. Пры выкладанні факультатыву педагог можа выкарыстоў­ваць свой матэрыял на аснове ўласных напрацовак і сабранай края­знаўчай інфармацыі. Матэрыя­лы праграмы таксама могуць быць карысныя работнікам бібліятэк, клубаў, спецыялістам сістэмы дадатковай адукацыі.

“У 9 класе разглядаецца лёс земляка — вучонага ў галіне батанікі Мікалая Дзмітрыевіча Несцяровіча. Дарэчы, у школе захоўваецца партрэт навукоўца і некалькі кніг з яго асабістай бібліятэкі, а на тэрыторыі ўстановы адукацыі рас­туць дрэвы, пасаджаныя М.Д.Несцяровічам”.

Важная роля ў тэарэтычнай падрыхтоўцы юных краязнаўцаў адводзіцца творчым заданням. Рэалізацыя творчага падыходу дапамагае не толькі актывізаваць вучняў, але і ацаніць іх рэальныя веды. “З дапамогай творчых заданняў можна актывізаваць пазнавальную цікавасць дзяцей, рэаліза­ваць індывідуальны падыход на краязнаўчых занятках. Таксама выкананне падобных заданняў дазваляе вучням самастойна паглыбляць веды па гісторыі, уяўляць і ацэньваць вобразы эпохі і адчуць яе каларыт. Пашыраючы кругагляд вучняў, творчыя краязнаўчыя заданні выконваюць і метапрадметныя задачы. Дзеці вучацца аналізаваць, абагуль­няць, супастаўляць, рабіць высновы”, — лічыць педагог.

Гэта могуць быць заданні на падбор інфармацыі і характарыстыку аб’екта, заданне з выкарыстаннем прыёму “Алфавіт”, заданне “Разгадай крыжаванку”, “Падзея ў табліцы”. Гэта толькі некаторыя метады, якія да­зваляюць эфектыўна арганізаваць работу з краязнаўчым матэрыялам на занятках і ў пазакласнай рабоце. Каб дзецям было лягчэй гутарыць са сведкамі вайны, Валерыем Варганавым распрацаваны розныя апытальнікі і памяткі для вучняў. Стала традыцыйным правядзенне ў Ворнаўскай школе акцыі “Помнікі вайны”. Вучням рэкамендуецца скласці пералік памятных месцаў сваёй мясцовасці, сабраць звесткі пра мясціны, дзе адбываліся баі, стварыць карта­схему раёна і пры дапамозе ўмоўных знакаў пазначыць месцы гібелі воінаў і мірных жыхароў, лініі абароны, доты, партызанскія зямлянкі, бліндажы, абеліскі, брацкія і адзін­кавыя пахаванні, памяшканні шпіталяў, месцы перапраў і г.д. Кожную памятную мясціну прапаноўваецца апісаць, сфатаграфаваць, пазначыць копію тэксту, змешчанага на помніку, высветліць гісторыю помніка, апытаць, пры магчымасці, мясцовых жыхароў, старажылаў.

“Эфектыўным сродкам абуджэння цікавасці вучняў да гісторыі роднага краю з’яўляецца эмпатыя, калі дзеці ўяўна пераносяцца ў пэўную гістарычную эпоху і новая інфармацыя прахо­дзіць праз іх душу і сэрца”.

Яшчэ ў 90-я гады настаўнікам быў распрацаваны так званы краязнаўчы кампанент у выкладанні гісторыі Беларусі. Валерый Варганаў аўтар больш за 350 публікацый у газетах і часопісах, кніг “Алімпіяды па гісторыі: з вопыту работы”, “Нарысы гісторыі Кармян­шчыны. Частка 1. Эпоха першабытнасці”, “Методыка вывучэння Вялікай Айчын­най вайны”, “Настаўнік пасля ўрокаў” (у суаўтарстве), “Настаўнік у школе” (у суаўтарстве) і інш. Ганарыцца Валерый Валер’евіч і ўдзелам разам з іншымі педагогамі раёна ў складанні тапанімічнага слоўніка Кармяншчыны. “Вёскі знікаюць. Знікаюць і назвы розных ручаёў, урочышчаў. Усе гэтыя назвы трэба зафікса­ваць. Складзены намі слоўнік адпавядае па­трабаванням ХХІ стагоддзя, ён створаны ў выглядзе інтэрактыўнай карты. Мяняючы маштаб, можна на любым кавалачку нашай зямлі адкрыць спасылку на назву, убачыць фотаздымак, як выглядае мясцовасць, даведацца пра версіі паходжання назваў”, — паведаміў настаўнік.

Наш суразмоўнік не можа ўявіць сябе без працы ў школе, без вывучэння мінулага, краязнаўства — гэта яго жыццё. На думку Валерыя Варганава, калі ты чалавек, жыхар гэтай зямлі, член нейкага роду, грамадзя­нін, настаўнік, то павінен дбаць пра тое, каб пера­даць вялікі духоўны скарб народа наступным пакаленням.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.