Завяршыліся паўфіналы “Млына моды — 2019”

- 11:50Культура

15 сакавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў паўфінал ХХVIIІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” для ўдзельнікаў намінацый “Школа моды” і “Майстар моды” ад Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей і Мінска. Раней — 25 лютага, 27 лютага і 2 сакавіка — адбыліся паўфіналы для ўдзельнікаў “Млына моды” ад Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей адпаведна.

Святлана Гнядзёнак дае апошнія парады маладым дызайнерам.

Паўфінал “Млына моды”, або тур “Увасабленне”, напэўна, адзін з самых захапляючых момантаў творчай кухні гэтага фэшн-спаборніцтва. Можна нават сказаць, што гэта яго творчая кухня ў чыстым выглядзе. Дызайнеры прадстаўляюць на суд рэспубліканскага журы свае капсульныя калекцыі з 7—10 адзінак, увасобленыя ў матэрыялах і пашытыя ў поўнай адпаведнасці з памерамі мадэлей, на якіх яны будуць дэманстравацца падчас правядзення фіналу. А спецыялісты з ліку сяброў журы скрупулёзна аналізуюць і строга ацэньваюць гэтыя калекцыі, даючы парады аўтарам, як можна палепшыць работы за некалькі тыдняў, якія застаюцца да фінальных падзей. І эксперты, і аўтары добра разумеюць, што гэта апошні шанс нешта выправіць, пазбавіцца няўдачных рашэнняў, зрабіць калекцыі больш выразнымі і актуальнымі. Адсюль — строгасць суддзяў, адсюль жа і хваляванне ўдзельнікаў. Некаторым, дарэчы, далікатна адмаўляюць ва ўдзеле, раячы паспрабаваць свае сілы ў наступным годзе.

15 сакавіка калекцыі маладых дызайнераў ацэньвалі дызайнер загадчык аддзела моды Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Святлана Гнядзёнак, яе намеснік — кіраўнік подыум-школы Fashion-Style Ігар Іваноў, дызайнер кіраўнік дызайн-цэнтра ААТ “Камволь” Эльвіра Жвікава, вядучы мастак-мадэльер ААТ “Світанак” Міхаіл Мытнік і дызайнер вядучы кансультант канцэрна “Беллегпрам” Людміла Лабкова. Было цікава слухаць і назіраць за іх творчым канструктыўным дыялогам з аўтарамі калекцый. “Вось тут неяк занадта проста, трэба яшчэ пакрэатывіць”, “тут усё рэальна яшчэ не гатова”, “у гэтай калекцыі трэба дадумаць нейкі ніз”, “абавязкова дадаць аб’ём”, “гэтая калекцыя не арганізавана ў адно цэлае, не ві­даць прыёму, якім вы карысталіся на працягу ўсёй працы”, “вось з гэтымі вертыкальнымі лініямі — класны ход, але чамусьці ён толькі на адной мадэлі і больш нідзе не паўтараецца”, “а гэта зусім ужо прывітанне з 70-х, трэба нешта больш сучаснае прыдумаць ”, “а вось тут трэба крыху пахуліганіць” — гэтыя выпадкова выбраныя заўвагі экспертаў у нейкай ступені могуць перадаць атмасферу тура “Увасабленне”. 

Як паведаміў нашаму карэспандэнту Ігар Іваноў, пакуль яшчэ рана гаварыць пра канчатковую колькасць удзельнікаў фіналу сёлетняга “Млына моды” менавіта па той прычыне, што многія адсейваюцца на паўфінале. Агульная карціна па мужчын­скіх, жаночых, падлеткавых і дзіцячых калекцыях будзе вядома недзе праз месяц, калі адбудзец­ца фотаздымка каталога. І тады ж можна будзе гаварыць у цэлым пра тэндэнцыі і кірункі “Млына моды — 2019”, хаця ўжо сёння відавочны дзве тэматычныя лініі — спартыўная і Года малой радзімы. Дарэчы, сёлета, па словах Ігара Іванова, зважаючы на бесперапынную насычанасць жыцця нашай краіны вялікімі спартыўнымі падзеямі, арганізатары вырашылі не мяняць леташні дэвіз фестывалю-конкурсу: Welcome to Belarus — the land of sports & creativity — “Сардэчна запрашаем у Беларусь — краіну спорту і крэатыву!”. “Для фіналу мы ўжо прыдумалі многа цікавых фішак, звязаных з тэматыкай спорту. Але пакуль я іх раскрываць не буду. Няхай гэта застанецца сюр­прызам”, — заінтрыгаваў Ігар Іваноў.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.