Зберагчы, каб перадаць нашчадкам

- 16:38Нам пішуць

У cярэдняй школе № 3 Слоніма шмат гадоў працуе клуб “Мая сям’я”, кіраўніком якога з’яўляецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры С.А.Засімовіч.

Работа клуба, які натхняе вучняў 6 “А” класа і іх бацькоў на калектыўныя творчыя справы, скіравана на вывучэнне духоўных вытокаў беларусаў, народных традыцый.

Сямейным традыцыям было прысвечана пасяджэнне клуба “Традыцыі і рэліквіі ў бацькоўскім доме”, якое прайшло ў студзені і стала апошнім этапам праекта па вывучэнні гісторыі сваёй сям’і. Падрыхтоўчы этап складаўся з некалькіх частак: стварэнне радаводнага дрэва, аповед пра чалавека, які пражыў цікавае жыццё, і сямейныя рэліквіі. У час сустрэчы дзеці разам з бацькамі рабілі прэзентацыю свайго роду.

Другі кірунак дзейнасці клуба – папулярызацыя традыцый і творчага вопыту нашых продкаў праз далучэнне да фальклорных звычаяў і абрадаў свайго краю. Кіраўнік клуба С.А.Засімовіч і мастацкі кіраўнік Я. А.Кудзелька рэгулярна выязджаюцьу вёскі раёна і сустракаюцца з прадстаўнікамі старэйшага пакалення.

Вось і напярэдадні масленічнага тыдня, члены клуба “Мая сям’я” і іх бацькі наладзілі свята “Наша Маслянка гадавая, яна гасцейка дарагая”. Суботні дзень сабраў поўную залу ахвотнікаў павесяліцца і з карысцю правесці час. Ролю гаспадароў выконвалі настаўнік беларускай мовы і літаратуры С.А.Засімовіч, настаўнік рытмікі Я.А.Кудзелька, вучні 5 “А”, 6 “А”, 9 “Б” класаў школы. А дэкаратарамі выступілі бацькі вучняў 6 “А” класа: яны ўпрыгожылі актавую залу пад інтэр’ер вясковай хаты, пяклі бліны, гатавалі печыва ў выглядзе жаваранкаў. Арганізатары свята прадэманстравалі, якімі абрадавымі дзеяннямі быў напоўнены кожны дзень Масленіцы.

З першымі словамі абрадавай песні “А ў нас сёння Масленка, Масленка” ў актавай зале з’явіўся адзін з галоўных атрыбутаў свята – пудзіла Масленкі, зробленае ўмелымі рукамі Н.С.Лабар разам з дачкой Палінай.
З вялікім задавальненнем дзеці і дарослыя танцавалі старадаўні народны танец “Ойра”. Хлопчыкі запускалі птушачкі-самалёцікі. Таму, чыя птушачка праляцела далей, уручалі печыва ў выглядзе жаваранка, а тым, хто прайграў, “вешалі калодкі”, ад якіх хлопцы павінны былі адкупіцца прыпеўкамі.

Провады зімы прайшлі цікава. Так творчая справа дапамагла зрабіць школьную суботу вясёлай, актыўнай, пазітыўнай і карыснай. Кожны ўдзельнік адчуў сябе членам вялікай сям’і, імя якой – школа.

Н.БАРЫСІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце cярэдняй школы № 3 Слоніма.