2017 год — юбілейны год класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. 135-годдзе з дня нараджэння славутага песняра Беларусі шырока адзначаецца па ўсёй краіне.
У нашай школе, якая носіць імя слыннага сына беларускай зямлі Якуба Коласа, гэтай даце быў прысвечаны Тыдзень мерапрыемстваў “Прымі паклон ад нас, пясняр!”. На працягу тыдня вучні наведвалі школьны літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа. Прайшоў конкурс малюнкаў па творах Якуба Коласа “Сцяжынкамі Коласаўскіх твораў…”. Бібліятэкар З.Р.Занька арганізавала кніжную выставу “Крыніцы натхнення: Колас, літаратура, мастацтва”, якая распавядала пра творы Якуба Коласа і тых, хто пісаў пра яго, ствараў партрэты пісьменніка, скульптуры і малюнкі да яго твораў. Класны кіраўнік 11 класа В.Р.Жалезная арганізавала сустрэчу вучняў з пісьменнікамі Ганцаўшчыны Аляксеем Галаскокам і Аксанай Карповіч. Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна. Сустрэча была насычана змястоўнай гутаркай, вясёлымі жартамі. Пісьменнікі далі майстар-класы па напісанні вершаў. Некаторыя вучні падзяліліся сваімі ўласнымі творамі. Напрыканцы сустрэчы Аляксей Пятровіч і Аксана Уладзіміраўна падарылі дзецям зборнікі сваіх вершаў.
Чарговы дзень запрасіў на школьны літаратурны конкурс “Коласаўскія чытанні”. Вучні кожнага класа падрыхтавалі тэатральную пастаноўку па творах Якуба Коласа: казка “Зайчыкава хатка”, урыўкі з паэм “Сымон-музыка”, “Новая зямля”, аповесці “На прасторах жыцця” і многіх іншых твораў.
Кіраўнік гуртка “Эрудыт” А.І.Занька правёў серыю інтэлектуальных гульняў на лепшага знаўцу Коласавых твораў.
А кульмінацыйным момантам тыдня стаў раённы фестываль-конкурс літаратурнага і дэкаратыўна-прыкладнога дзіцячага і юнацкага мастацтва “Нас слова паэта да творчасці кліча”, які прайшоў ва ўтульнай зале нашага літаратурна-этнаграфічнага музея. Мы віталі ўдзельнікаў усяго раёна. У першай намінацыі фестывалю-конкурсу, “Крыніца натхнення”, удзельнікі чыталі асабістыя арыгінальныя вершы, замалёўкі, апавяданні, нарысы.
“У Савосева суседа быў пярэсценькі каток…” — назва наступнай намінацыі конкурсу, дзе былі прадстаўлены вершы, замалёўкі канкурсантаў аб іх дамашніх гадаванцах.
У намінацыі “І каб кожны пачуў тваё слова” ўдзельнікі конкурсу дэкламавалі вершы паэта. У апошняй намінацыі — “Жывыя малюнкі, вобразы, сімвалы” — удзельнікі прадставілі малюнкі да твораў Якуба Коласа і вырабы, зробленыя сваімі рукамі.
За гэты тыдзень мы глыбей зразумелі творчасць Якуба Коласа. З яго дапамогай, побач з яго талентам навучыліся самі адчуваць прыгажосць і гармонію ў краявідах, у прадметах побыту вяскоўцаў, іх звычаях, адзенні, песнях.
Аліна РЫЛКА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа
Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ і з архіва школы.