Здароў, скрыпучы, мяккі снег!..

- 8:49Спартыўныя падзеі

Улічваючы капрызы матухны-прыроды, мы баяліся не дачакацца сапраўднай зімы — са снегам, марозам і, несумненна, зімнімі забавамі. У цёмных каморах засумавалі санкі і лыжы, але прыйшла і іх чарга. Ужо каторы час мы маем магчымасць коўзацца на горцы, будаваць непрыступныя крэпасці, выпісваць фігуры на каньках, імчацца па лыжнай трасе. Нарэшце дзеці пакінулі камп’ютары і рушылі на вуліцу. Камфортнае надвор’е з марозам і пацярушанай сняжком зямлёй спрыяе таму, каб спаўна атрымаць асалоду ад зімовых уцех.

У Навасёлкаўскай базавай школе заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага зімовым відам спорту. Тым больш што настаўнік фізічнай культуры і здароўя Жанна Іванаўна Куніцкая — кандыдат у майстры спорту па лыжных гонках. Як толькі сняжынкі мяккай коўдрай кладуцца на зямлю, нашы вучні апранаюць адпаведную экіпіроўку і выходзяць на лыжныя старты. Школа поўнасцю ўкамплектавана неабходным інвентаром. Хапае ўсім жадаючым і спецыяльных чаравікаў, адзення. Дзеці з задавальненнем спяшаюцца на ўрокі фізкультуры, дзе атрымліваюць чарговую порцыю здароўя. Ды і настаўнікі не супраць стаць на лыжы пасля напружанага вучэбнага дня.

Акрамя таго, рэгулярна ўключаюцца ў праграму шостага школьнага дня гульні на свежым зімовым паветры. Малодшым школьнікам больш даспадобы паспрабаваць сябе ў ролі снежных архітэктараў. Якія велічныя вежы і непрыступныя гмахі ўзводзяцца пасля руплівай працы пачаткоўцаў! Таксама папулярным з’яўляецца каляровае “дойлідства”, калі снежныя фігуры расфарбоўваюцца. Для старшакласнікаў у суботу арганізоўваецца лыжны паход у лес або лыжныя гонкі. А можна проста наладзіць бой снежкамі — весела і карысна. Часта да падобных мерапрыемстваў далучаюцца і бацькі. Традыцыйнымі сталі дні здароўя.

На класных гадзінах праводзяцца віктарыны, брэйн-рынгі, прэзентацыі па папулярызацыі зімовых відаў спорту. Навучэнцам расказваецца пра карысць правядзення часу на свежым паветры з адначасовымі фізічнымі нагрузкамі. Школьнікі знаёмяцца з імёнамі выбітных спартсменаў.

Таксама навучэнцы рэгулярна ўдзельнічаюць у раённых спаборніцтвах “Снежны снайпер”. Да гульні дзеці рыхтуюцца загадзя: калі яшчэ не выпаў снег, практыкуюцца са стрэльбай.

Ужо другі год запар школа ўласнымі сіламі залівае каток. Гэта, канечне, непрафесійная хакейная пляцоўка, але паслізгацца на каньках тут можа кожны жадаючы. Дзеці рады такому новаўвядзенню, нават спрабуюць практыкавацца ў фігурным катанні.

Усім жыхарам вёскі таксама прапаноўваецца стаць на лыжы. У школе арганізаваны пракат лыжнага інвентару за адносна невялікі кошт. І вяскоўцы карыстаюцца такой магчымасцю, у вольны час прыходзяць на пракладзеную трасу цэлымі сем’ямі.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 5 класа
Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.